Сёння я прапаную пазнаёміцца з найбольш цікавымі паркамі мініяцюр у Польшчы. Першыя такія паркі ў свеце ўзніклі ў XIX стагоддзі, як прыватныя калекцыі. У 1930 годзе ў Вялікабрытаніі быў адкрыты першы грамадскі мініяцюрны парк. Дарэчы гэткія ўстановы сталі асабліва папулярнымі пасля Другой сусветнай вайны. У Польшчы паркі мініяцюр сталі турыстычнай славутасцю цягам апошніх 10-20 гадоў. Дзякуючы зацікаўленню турыстаў сёння іх можна знайсці практычна ва ўсіх рэгіёнах Польшчы.
Нашую экскурсію па парках пачнем ад Парку мініяцюр Падляскіх помнікаў, які знаходзіцца ў Гайнаўцы, у 20 кіламетрах ад Белавежы. Гэта выключнае месца, створанае з мэтай паказаць прыгажосць гістарычнай архітэктуры Падляскага ваяводства. Тут вы можаце палюбавацца маляўнічай драўлянай архітэктурай, у тым ліку сакральнымі будынкамі, а таксама палацамі, якія з’яўляюцца візітнай карткай Падляшша. У тым ліку ў парку знаходзяцца макеты гістарычных будынкаў з такіх мясцін, як: Белавежа, Нараў, Бельск-Падляскі, Крушыняны, Хорошч, Цехановец і г.д. Усе дэталёвыя мініяцюры былі зроблены ў маштабе 1:25. Побач з кожным змешчаная неабходная інфармацыя пра гісторыю дадзенага будынку.
Царскі палац (XIX ст.), Белавежа/Парк мініяцюрных помнікаў архітэктуры Падляшша/ Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Парк мініяцюр у Дзвінаве (Dzwinów) – цікавая прапанова для ўсіх турыстаў, якія наведваюць польскае ўзбярэжжа. Менавіта ў гэтым парку вы ўбачыце мініяцюрныя паравозы з вагонамі, тысячы метраў чыгуначных пуцей з інфраструктурай. Для наймалодшых падрыхтаваная таксама гульнявая зона, а для дарослых – кафэ.
У сваю чаргу ў Парку мініяцюр у курортным гарадку Нехожэ (Niechorze), які размешчаны побач з марскім пляжам, можна палюбавацца мініяцюрамі польскіх марскіх маякоў. У парку прадстаўлены мініяцюры ўсіх маякоў польскага ўзбярэжжа Балтыкі ад Крыніцы Морскай да Свінауйсьця.
Далей запрашаем у Кашубскі парк мініяцюр – найстарэйшы парк такога тыпу ў Паморскім ваяводстве. Ён размяшчаецца ў вёсцы Стрыша-Буда (Strysza Buda) каля Картузаў (Kartuzy). Лейтматывам парку з'яўляецца кашубскага архітэктура, паказаная ў маштабе 1:25. Акрамя таго, у парку вы таксама можаце ўбачыць абʼекты з іншых частак Польшчы, а нават свету. Сярод іх – Статуя Свабоды, Белы дом, Егіпецкі сфінкс, Пізанская вежа альбо Хрыстос з Рыа.
Парк мініяцюрных помнікаў архітэктуры Падляшша, млын у Цеханоўцы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Парк мініяцюр «Свет мараў» – гэта частка забаўляльнага комплексу ў Інвалдзе (Inwałd), на поўдні Польшчы. У яго склад уваходзяць таксама: Дыналандыя, Сярэднявечная крэпасць, Поні-міні-заапарк і Парк Яна Паўла ІІ. «Свет мараў» прапануе больш за 50 мініяцюрных будынкаў, у тым ліку: Замак Мальбарк, Эйфелева вежа, Біг-Бэн. Большасць экспанатаў пабудаваная ў маштабе 1:25, што дазваляе параўноўваць будынкі паміж сабой. Выключэннем з’яўляецца базіліка св. Пятра (маштаб 1:15) і венецыянскі комплекс (маштаб 1:10). Акрамя цудаў польскай і сусветнай архітэктуры, у парку ёсць шмат іншых экспанатаў, а таксама рэстараны і сувенірныя крамы.
Парк мініяцюраў Мініеўраланд у Клодску(Kłodzko) – займае плошчу 20 тысяч квадратных метраў. Турыстычны абʼект размешчаны ў маляўнічым месцы, у якім можна паглядзець больш за 30 мініяцюр, але іх колькасць пастаянна павялічваецца. Тут можна паглядзець мініяцюры не толькі помнікаў Ніжняй Сілезіі, але таксама будынкаў з усяго светы. Усё зробленае з з вялікай дбайнасцю і клопатам пра дэталі. Увагі заслугоўвае дэндрарый, у якім змешчаныя мініяцюры. Гэта каля 500 відаў дрэў і кустоў. Тут мы пабачым архітэктурныя помнікі Вроцлава, а таксама велізарную мадэль славутай клодскай крэпасці.
Парк мініяцюрных помнікаў архітэктуры Падляшша, царква ў Гайнаўцы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адзін з найбольш вядомых паркаў у Польшчы размяшчаецца ў Каварах (Kowary) у Ніжняй Сілезіі. Тут паказаныя найбольшыя славутасці рэгіёна, такія як палацы, манастыры, святыні, старыя гарады Ніжняй Сілезіі. Цікавінкай з’яўляецца хрыбет Карканоскіх гор. Гасцей па парку праводзяць гіды, якія расказваюць цікавінкі пра кожны экспанат. Дадатковай прываблівасцю з’яўляецца магчымасць наведвання майстэрні, дзе можна даведацца пра метады стварэння экспанатаў.
У сваю чаргу ў Парку мініяцюр у Аградзенцы (Ogrodzieniec), які размяшчаецца непадалёк славутага Айцоўскага нацыянальнага парка ля Кракава, апрача традыцыйных мініяцюр архітэктурных помнікаў можна пабачыць таксама копіі розных асадных машын.
У Музеі мініяцюр пад адкрытым небам у Пабядзісках (Pobiedziska) у Вялікапольшчы можна паглядзець 35 гістарычных будынкаў і пазнаёміцца са структурай Пястовага шляху ў яго цяперашнім і часткова гістарычным абліччы, а таксама з працэсам развіцця засялення і фарміравання польскай дзяржаўнасці ў рэгіёне. Мы пабачым тут, сярод іншага Палац Рагалін, бібліятэку Рачынскіх, касцёл св. Войцеха, рынкавую плошчу ў Пабядзісках і рынкавую плошчу ў Познані.
Парк мініяцюрных святыняў у Мычкоўцах(Myczkowce) на поўдні Польшчы прэзентуе каля 140 мініяцюр драўляных касцёлаў: каталіцкіх, грэка-каталіцкіх і праваслаўных. Гэта маленькія копіі святыняў, размешчаных у Польшчы, Украіне і Славакіі. Мініяцюры прадстаўляюць архітэктурныя асаблівасці, характэрныя для лацінскіх і візантыйскіх святыняў.
Усе тэўтонскія замкі вы зможаце пабачыць у мініяцюрным парку ў Хэлме (Chełm) ва ўсходняй Польшчы. Парк спасылаецца на гісторыю рэгіёну, дзе ў XIII стагоддзі Тэўтонскі ордэн пабудаваў сетку замкаў. Многія з іх не захаваліся да нашага часу.
Парк мініяцюрных помнікаў архітэктуры Падляшша, сінагога ў Орлі. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чаргу ў Варшаве знаходзіцца парк «Страчаныя жамчужыны архітэктуры», дзе можна паглядзець дзесяць мініяцюр будынкаў ХVIII-ХІХ стагоддзяў, якія зніклі з пейзажа Варшавы альбо змянілі сваю форму. Мініяцюры былі распрацаваны з найменшымі дэталямі архітэктурнага дэкору і шматлікімі элементамі навакольнага асяроддзя, адпаведнымі эпосе, у якой паўстаў арыгінал. Для асобных будынкаў былі падрыхтаваныя шматлікія чалавечыя фігуры ў старадаўніх касцюмах і транспартныя сродкі – ад вагонаў і конных трамваяў да машын.
Парк мініяцюрных помнікаў архітэктуры Падляшша, палац Браніцкіх у Беластоку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У кожным з паркаў на гасцей чакае мноства дадатковых цікавостак. Дзіцячыя пляцоўкі, кінатэатры, каруселі і рэстараны і г.д. дазваляюць турыстам не толькі пазнаёміцца з найбольш цікавымі помнікамі дадзенага рэгіёна, але і прыемна правесці свабодны час. Паркі мініяцюр асабліва папулярныя сярод семʼяў з дзецьмі, бо спалучаюць навучанне і бесклапотную забаву для ўсіх незалежна ад узросту. Паркі знаёмяць нас не толькі з гісторыяй свету, але таксама з гісторыяй Польшчы і дадзенага рэгіёна краіны. Захапляюць дэталёвасцю і майстэрствам выканання макетаў.
Анна Задрожна