Беларуская Служба

Вігерскі нацыянальны парк – адна з перлін Падляшша (ФОТА)

18.06.2021 16:11
Улетку – на ветразі, узімку – на лыжы. Вігерскі нацыянальны парк мае для нас прапановы на любую пару года.
Аўдыё
         .
Барочны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Вігры.amek/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння я запрашаю ў Вігерскі нацыянальны парк, размешчаны на паўночным усходзе Польшчы. Створаны ў 1989 годзе, ён з’яўляецца адным з найбуйнейшых нацыянальных паркаў у Польшчы і адной з найбольшых цікавостак Падляшша.

Вігерскі нацыянальны парк ахоплівае тэрыторыю Мазурскага паазер'я і Аўгустоўскую пушчу. Зараз яго плошча складае больш за 150 квадратных кіламетраў, з якіх больш за 94,5 квадратных кіламетраў займаюць лясы, больш за 29 квадратных кіламетраў – унутраныя воды, а больш за 27 квадратных кіламетраў – іншыя тэрыторыі. Большая частка лясоў – піхтавыя, значную плошчу займаюць таксама тарфяныя балоты.

Ландшафт парку ў асноўным сфармаваны ледавіком, які праходзіў праз гэты рэгіён каля 12 тысяч гадоў таму. Ледавік павольна адступаў на поўнач, утвараючы даліны, многія з якіх былі запоўненыя вадой, утвараючы азёры. Паўночная частка парку – узгорыстая, а паўднёвая – больш раўнінная і лясістая.

Bозера Вігры. Autorstwa Lilly M - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7745524 Bозера Вігры. Autorstwa Lilly M - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7745524

На тэрыторыі парку знаходзяцца 42 азёры. Самае вялікае і глыбокае – Вігры, плошча якога складае амаль 22 квадратныя кіламетры, а максімальная глыбіня – 73 метры. Вігры займаюць цэнтральную частку парку. У возера ўпадае найбуйнейшая рака парку – Чорная Ганьча. Чорная Ганьча з’яўляецца вельмі папулярным байдарачным шляхам у Польшчы.

Хоць Вігерскі нацыянальны парк насяляе больш за 1700 відаў жывёлы, то яго найбольш характэрнай жывёлай і адначасова сімвалам парку лічыцца бабёр, які засяляе берагі рэк і азёраў. Тут усё часцей можна сустрэць і ваўкоў. Увагі заслугоўваюць таксама шматлікія віды драпежных і водных птушак.

Cімвал парку - бабёр. mhruwaard/pixabay.com/CC0 Public Domain Cімвал парку - бабёр. mhruwaard/pixabay.com/CC0 Public Domain

Першыя рэальныя дзеянні па ахове прыроды ў гэтым рэгіёне былі пачатыя ў 1950-х гадах і датычылі аховы баброў. Гэта былі важныя дзеянні, паколькі ў гэтым перыядзе гэтыя грызуны ў Польшчы практычна вымерлі, а мясцовыя жывёліны прыбылі ў Польшчу з тэрыторыі Савецкага Саюза. Менавіта для іх абароны быў створаны спачатку адзін запаведнік, пазней другі. Цягам часу тэрыторыя была пераўтвораная ў ландшафтны парк, а сёння яна валодае статусам нацыянальнага парку.

Адукацыйная сцежкa. Autorstwa Polimerek - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.o Адукацыйная сцежкa. Autorstwa Polimerek - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.o

Адукацыйная прапанова парку багатая і разнастайная. Гэта добра размечаныя адукацыйныя сцежкі са шматлікімі пешаходнымі мастамі, прыстанямі, агляднымі пляцоўкамі і вежамі. Экскурсію па парку найлепш пачаць ад яго сядзібы ў мясцовасці Кшывэ (Krzywe). Тут знаходзіцца пункт турыстычнай інфармацыі, тут таксама можна атрымаць уваходны білет, купіць турыстычную мапу са шляхамі. У вёсцы Кшывэ пачынаецца некалькі адукацыйных сцежак. Размешчаныя на сцежках інфармацыйныя дошкі, з’яўляюцца крыніцай дадатковых ведаў пра парк.

Cядзібы парку ў мясцовасці Кшывэ. Autorstwa Polimerek - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7593854 Cядзібы парку ў мясцовасці Кшывэ. Autorstwa Polimerek - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7593854

Другі важны адукацыйны цэнтр на тэрыторыі парку – гэта Музей возера Вігры ў Старым фальварку. Тут мы можам пазнаёміцца з найбуйнейшым возерам парку – яго гісторыяй, фаўнай і флорай.

Па тэрыторыі парку праходзіць каля 190 кіламетраў пешаходных і роварных сцежак. Акрамя адукацыйных дарожак, у парку ёсць мноства аглядных пляцовак, месцаў для купання, кемпінгаў і развітая турыстычная інфраструктура. Улетку Вігерскі нацыянальны парк прыцягвае аматараў водных відаў спорту, пешаходных ці роварных экскурсіяў, у сваю чаргу ўзімку аматараў лыжаў.

У некаторых азёрах Вігерскага нацыянальнага парку дазваляецца вудзіць рыбу. Дзеля таго неабходны адпаведны дазвол, які можна атрымаць у сядзібе парку, у музеі, а таксама ў некаторых крамах.

Kляштарны комплекс у вёсцы Вігры. Autorstwa Yarl - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=8923170 Kляштарны комплекс у вёсцы Вігры. Autorstwa Yarl - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=8923170

Акрамя багатай прыроды і прыгожага ландшафту, у Вігерскім нацыянальным парку можна ўбачыць таксама шэдэўры матэрыяльнай культуры. Асабліва варта адзначыць былы кляштарны комплекс у вёсцы Вігры. Барочны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прыгожа размешчаны на беразе возера, на даволі вузкім мысе. Можна сказаць, што ён дамінуе ў панараме возера. Будаўніцтва комплекса ў 1667 годзе фінансаваў кароль Ян ІІ Казімір Ваза.

Уздоўж паўднёвага берага возера Вігры праходзіць вузкакалейная турыстычная чыгунка. Маршрут складае 10 кіламетраў у адзін бок, а ўся паездка займае каля 2 гадзін. Гэта каштоўны тэхнічны помнік і значная славутасць рэгіёна. Вузкакалейка была пабудаваная падчас Першай сусветнай вайны і дапамагала перавозіць драўніну з Аўгустоўскай пушчы. У Музеі Вігер можна купіць білеты на рэйс турыстычным параходам па возеры Вігры. Нельга забываць таксама пра драўлянае народнае дойлідства, прыклады якога захаваліся ў навакольных вёсках.

Bозера Вігры. TomMarc/pixabay.com/CC0 Public Domain Bозера. TomMarc/pixabay.com/CC0 Public Domain

Лясы, азёры і блажэнны спакой прыцягваюць у Вігерскі нацыянальны парк аматараў водных відаў спорту, веласіпедыстаў і людзей, якія шукаюць кантакт з прыродай. Улетку – на ветразі, узімку – на лыжы. Вігерскі нацыянальны парк мае для вас прапановы на любую пару года.

Анна Задрожна


Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу