Маці Лізавета з’яўляецца заснавальніцай школьна-адукацыйнага цэнтру для сляпых у Лясках пад Варшавай. Яна пачала працаваць на карысць сляпых пасля страты свайго зроку ў 1896 годзе.
Штогод у школе вучыцца каля 40 дзяцей з усёй Польшчы. Выхаванцамі ўстановы з'яўляюцца дзеці з інтэлектуальнай і фізічнай недастатковасцю, у тым ліку сляпыя. Займаюцца цэнтрам сёстры францішканкі з кангрэгацыі, якую заснавала Лізавета Ружа Чацка.
Ружа Чацка нарадзілася ў арыстакратычнай сямʼі, была багатай, усебакова адукаванай графіняй. З дзяцінства ў яе былі праблемы са зрокам. Ва ўзросце 22 гадоў у выніку выпадку яна цалкам перастала бачыць. Гэты момант вызначыў яе жыццёвы шлях.
Дыягназ стаў для Ружы трагедыяй. Як кажуць сёстры з кангрэгацыі, заснаванай маці Лізаветай, Бог адказаў на гэты боль, паклікаўшы яе служыць сляпым у Польшчы – гаворыць сястра Марыя Стэла Чуба з ордэну служачых Крыжа сясцёр-францішканак.
-Доктар Гепнэр сказаў маладой Ружы, якая не магла пагадзіцца са стратай зроку, вельмі моцныя словы, якія вызначылі яе жыццёвы шлях. Ён сказаў, што Ружа ніколі не будзе бачыць. Гэта было сказана дастаткова жорсткаю Каб яна перастала ездзіць па лекарах, паколькі тут няма чаго ратаваць. І дадаў: лепш займіцеся сляпымі ў Польшчы, якіх тут шмат і якімі ніхто не займаецца. Для яе гэта быў шок. Дзяўчына закрылася ў сваім пакоі на тры дні і перажывала гэтыя цяжкія словы. Ружа была веруючай, таму яна размаўляла з Богам. Думаю, што калі яна сказала Богу тое, што чуе, то апынулася перад праўдай і Бог адказаў на яе боль праз доктара.
На працягу 10 гадоў Ружа Чацка рыхтавалася да працы для сляпых, ездзіла па Еўропе і знаёмілася з установамі, якія даглядаюць інвалідаў. У 1911 годзе заснавала Таварыства па доглядзе за сляпымі. Затым па яе ініцыятыве ўзніклі яслі, школа ці бібліятэка для сляпых.
-За гэтыя 10 гадоў яна таксама вывучыла алфавіт Брэйлы па французску, вярнулася ў Польшчу і прыстасавала яго да польскай мовы. Заснавала школу, праводзіла варштаты. Ружа Чацкая блізка да сэрца прыняла думку французскага невідучага Морыса дэ Ла Вэзерана, каб чалавек сляпы быў патрэбным і самастойным. І на гэтым Ружа Чацкая засяродзілася. Сустрэла пана Дашэўскага, які падарыў, тут у Лясках, зямлю. У 1915 годзе яна паехала да сям’і ва Украіну і ваенныя дзеянні яе там затрымалі. Там Ружа была тры гады. За гэты час яна прыняла манаскія абеты. І ў Варшаву вярнулася як сястра Лізавета. Для яе было вельмі важна, што да ідэі, каб сляпы чалавек быў патрэбным, яна дадала тое, што сляпыя павінны змірыцца са сваім калецтвам, а ў гэтым можа дапамагчы вера. Таму яна заснавала манаскі ордэн служачых Крыжа сясцёр-францішканак. І гэты ордэн павінен выконваць гэтую мэту. Каб невідучы чалавек умеў прыняць сваю інваліднасць і меў глыбокую веру, бо яна сама яе мела.
Па ініцыятыве Кангрэгацыі сясцёр францішканак, слуг Крыжа, перакананых у святасці жыцця маці Лізаветы, былі зроблены намаганні, каб прызнаць яе блаславёнай. Працэс пачаўся ў снежні 1987 году.
27 кастрычніка 2020 году Папа Францішак прызнаў цуд праз яе заступніцтва, які адкрыў шлях да яе беатыфікацыі. Беатыфікацыя адбудзецца 12 верасня 2021 году на пл. Пілсудскага ў Варшаве разам з беатыфікацыяй кард. Стэфана Вышынскага, Прымаса Тысячагоддзя.
ав