Цягам апошніх гадоў у Польшчы вельмі папулярнымі сталі помнікі ў выглядзе лавачак. Зараз мы можам іх знайсці амаль у кожным горадзе ў краіне. Такім чынам, перш за ўсё, ушаноўваюць вядомыя асобы, звязаныя нейкім чынам з самым горадам ці рэгіёнам. Хоць згаданы спосаб ушанавання герояў не ўсім аднолькава падабаецца, то сёння мы прапануем суб’ектыўны агляд найцікавейшых прыкладаў гэтай невялікай гарадской архітэктуры.
Лідарам па ўсталяванні помнікаў у выглядзе лавак з’яўляецца Лодзь. У гэтым горадзе ўзнікла нават Галерэя вялікіх лодзян – гэта вельмі цікавая серыя помнікаў – лавак, прысвечаных памяці людзей, звязаных з горадам.
Ініцыятарам праекта з'яўляецца Марцэль Шытэльхельм. З 1999 года скульптуры размяшчаюць уздоўж вядомай вуліцы – Пятркоўскай. Самая вядомая з іх – Лаўка Тувіма, якая ўжо стала сімвалам Лодзі. Апрача таго на Пятркоўскай можна паглядзець фартэпіяна Рубінштэйна, куфар Рэйманта, крэсла Ярача іг.д.
Лавачкa Ганкі Бяліцкай у Ломжы. Autorstwa Piotr Gryko - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3146418
У горадзе Ломжа ў паўночна-ўсходняй Польшчы можна паглядзець лавачку Ганкі Бяліцкай. Тут, гэтая вядомая акторка тэатра, кіно і кабарэ правяла амаль усё сваё дзяцінства і юнацтва. Яна атрымала нават тытул Ганаровага грамадзяніна горада Ломжа. Урачыстае адкрыццё лаўкі адбылося ў 2007 годзе. Аўтарам помніка з’яўляецца Міхал Селероўскі. Ганка Бяліцка сядзіць на лаўцы ў характэрным вялікім капелюшы.
На Рыначнай плошчы ў Свябодзіне на захадзе Польшчы знаходзіцца лаўка Чэслава Немэна, які таксама быў цесна звязаны са згаданым горадам, дзе жыў яшчэ, як Чэслаў Выджыцкі. Падчас сваёй кар’еры артыста часта выступаў тут на канцэртах. Дарэчы, даход ад аднаго з іх Неман прызначыў на будаўніцтва мясцовага басейна. На адкрыцці помніка прысутнічалі члены сямʼі мастака. Аўтарам помніка зʼяўляецца скульптар Роберт Сабаціньскі.
Лаўка Марыі Канапніцкай у Сувалках. Autorstwa Witia - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=71912134
У 2012 годзе, у 170-ю гадавіну з дня нараджэння Марыі Канапніцкай, у яе родным горадзе – Сувалках на паўночным усходзе Польшчы была адкрыта лаўка, прысвечаная вядомай польская пісьменніцы і паэтэсе. Помнік зроблены паводле захаванага фота паэткі. Лаўка стаіць перад Музеем Марыі Канапніцкай на вуліцы Касцюшкі. Фігура жанчыны была адлітая з бронзы, а лаўка выкананая з каменя.
У Седльцах на Падляшшы перад Гарадской бібліятэкай можна паглядзець лаўку Стэфана Жаромскага. Помнік быў адкрыты ў 2011 годзе, а яго аўтарам з’яўляецца скульптар – прафесар Станіслаў Стжыжыньскім.
У сваю чаргу ў Суляёўку ля Варшавы знаходзіцца лаўка Юзэфа Пілсудскага – цікавы помнік, аўтарства кракаўскага скульптара Караля Бадыны. Помнік быў адкрыты ў 2010 годзе недалёка вілы «Мілюсін», у якой Юзаф Пілсудскі жыў у 1923-26 гадах і, дзе зараз размяшчаецца музей яго імя. Помнік пад назвай «Урок гісторыі» прадстаўляе Юзафа Пілсудскага і дзве яго дачкі. Юзаф Пілсудскі ў святочнай форме сядзіць у фатэлі, абапёршыся на шаблю. Яго малодшая дачка – Ядвіга сядзіць на лаўцы, а старэйшая дачка Ванда стаіць побач, трымаючы ў руках ляльку.
У Суляёўку ля Варшавы знаходзіцца лаўка Юзэфа Пілсудскага. Autorstwa Kotoviski photograph by Henryk Kotowski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=14715891
У 2015 годзе ў горадзе Элк на паўночным усходзе Польшчы быў адкрыты адукацыйны парк імя Мікалая Каперніка. Тут сярод шматлікіх звычайных лавак ёсць і адна ўнікальная – лаўка славутага польскага астранома. Апрача таго ў парку можна пабачыць таксама мадэль Сонечнай сістэмы, пабудаваная з 10 гранітных шароў, розных колераў і памераў. Кожны шар – гэта планета. Для самых маленькіх у парку ёсць цікавая гульнявая пляцоўка ў выглядзе сузорʼяў Маленькай Мядзведзіцы і Вялікай Мядзведзіцы.
На вуліцы Сянкевіча ў Кельцах на поўдні Польшчы знаходзіцца лаўка Яна Карскага – курʼера і эмісара Польскай падпольнай дзяржавы – сведкі Халакоста. Па ўсім свеце створана каля 10 такіх помнікаў Яну Карскаму, у тым ліку ля Музея гісторыі польскіх габрэяў у Варшаве. Лаўка ў Кельцах з’яўляецца адной з першых.
Скульптура сядзячай фігуры вядомага польскага барда, паэта і кампазітара Марэка Грэхуты была адкрыта ў горадзе Аполе ў паўднёва-заходняй Польшчы ў 2008 годзе. Аўтарам скульптуры, якая была размешчаная на Універсытэцкай гары з’яўляецца Віт Піхурскі. Помнік паказвае барда, які сядзіць на лаўцы, на якой бачныя лісты дзікага віна, нагадваючы назву адной з песень Грэхуты «У дзікім віне заблытаная».
Скульптура вядомага польскага барда, паэта і кампазітара Марэка Грэхуты ў горадзе Аполе. Autorstwa Rodak - Praca własna, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=6963311
Хоць падчас жыцця польская лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры не пагаджалася на помнікі, то ў Курніку – горадзе, адкуль яна паходзіць, мы можам прайсціся па праспекце ейнага імя і сесці на ейнай лавачцы. Помнік-лаўка Віславы Шымборскай, быў адкрыты ў 2013 годзе, за некалькі дзён да 90-годдзя з дня нараджэння паэткі.
Паводле часткі экспертаў, помнікі-лавачкі – гэта вынік моды. Аднак, гэта таксама спосаб прэзентацыі герояў больш даступным і менш манументальным чынам. Да такога помніка можна ж дакрануцца. Нягледзечы на ацэнкі экспертаў, помнікі-лавачкі карыстаюцца ў Польшчы вялікай папулярнасцю, як сярод жыхароў гарадоў і турыстаў, якія часта прысядаюць на іх, робяць сабе здымкі. Можа гэта спосаб на сапраўднае зацікаўленне мінакоў героямі гарадскіх помнікаў.
Анна Задрожна