Польскі ўрад пакуль што не намераны звяртацца ў агенцтва Frontex з просьбаю дапамагчы ў вырашэнні міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Выданне нагадвае, што на гэтым тыдні прэм’ер-міністры чатырох дзяржаваў – Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі заклікалі Аляксандра Лукашэнку не нагнятаць сітуацыі на мяжы, а таксама звярнуліся да Еўрапейскага Саюзу «прадумаць падыход да абароны межаў».
У адказ кіраўнік Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла пра павышэнне ў чатыры разы – да 200 млн. еўра – гуманітарнай дапамогі для афганцаў. Пры гэтым камісія заявіла, што яна асуджае якія-колечы спробы нелегальнай міграцыі.
Учора прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі пабываў на памежным пераходзе з Беларуссю ў Кузніцы Беластоцкай, дзе заявіў пра гібрыдную атаку з боку беларускіх уладаў, якія прывозяць мігрантаў, галоўным чынам з Іраку, на мяжу з Польшчай, каб яны перайшлі яе нелегальна. Кіраўнік ураду абяцаў павялічыць сродкі на дзейнасць Памежнай варты. Пагранічнікам дапамагае армія, міністр абароны Марыюш Блашчак казаў аб гатовасці выслаць на мяжу дзве тысячы салдат.
Выданне друкуе таксама кароткае інтэрв’ю са старшынёй Урадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў Міхалам Кучмероўскім. Гаворка ідзе пра гуманітарны груз, які Польшча прапанавала Беларусі на дапамогу мігрантам. Гэта, у прыватнасці, 80 ложкаў, 160 пледаў, сродкі гігіены і прадметы асабістай аховы. Гэтыя рэчы нельга проста перакінуць праз мяжу мігрантам, якія знаходзяцца па беларускім баку, патрэбная згода беларусаў. Па падобную дапамогу ў ліпені звярталіся літоўцы. І цяпер яны атрымліваюць падтрымку з Польшчы.
Канвой быў адпраўлены на мяжу, дзе ён чакаў згоды беларускага боку. Аднак у аўторак вечарам стала вядома, што беларускія ўлады не згадзіліся прыняць дапамогу.
Dziennik Gazeta Prawna/нг