Італьянскія даследчыкі заўважылі, што на колькасць інфарктаў уплываюць рэчывы, якія часта сустракаюцца ў забруджаным паветры. Аўтары даследавання згадваюць, між іншым, пра сажу, вуглякіслы газ, дыяксід серы, дыяксід азоту, азон.
Нягледзячы на тое, што даследчыкі ўжо даўжэйшы час звязваюць забруджванне паветра з высокай рызыкай сардэчнага прыступу, залежнасць інфарктаў ад канкрэтных рэчываў слаба даследаванае пытанне.
Паводле навукоўцаў з Падуанскай паліклінікі Фонду св. Мацвея, праблема ў тым, што пад уздзеяннем розных рэчываў, могуць дзейнічаць розныя складаныя механізмы. Падчас Кангрэса Еўрапейскага таварыства кардыялогіі італьянскія спецыялісты прадставілі вынікі даследавання, у якім параўноўвалі частату інфарктаў з якасцю паветра ў розных сельскіх і гарадскіх рэгіёнах на поўдні Ламбардыі. Пры гэтым яны ўлічвалі канцэнтрацыю рэчываў розных тыпаў – цвёрдых часціц (PM10, PM2,5), дыяксіду азоту, вуглякіслага газу, бензолу, дыяксіду серы і азону. За год на даследаванай тэрыторыі адбылося 1 582 інфаркты, гэта значыць 0,3 выпадкі на 100 тысяч жыхароў.
Падрабязны аналіз паказаў, што рызыка сардэчных прыступаў павялічваецца з павелічэннем канцэнтрацыі ў паветры кожнага з згаданых рэчываў. Пры нагодзе, даследчыкі заўважылі, што пагроза ўзрастае з паніжэннем тэмпературы.
«Назіраная залежнасць паміж канцэнтрацыяй пэўных забруджвальнікаў і рызыкай сардэчнага прыступу можа быць выкарыстаная ў будучыні для прагназавання частаты гэтых небяспечных для жыцця падзей у пэўных рэгіёнах», – кажуць аўтары даследавання. Паводле іх, шмат сведчыць пра тое, што забруджанае паветра можна ўспрымаць, як фактар, які спрыяе сардэчна-сасудзістым захворванням.
PAP/аз