Падлеткі праводзяць усё больш часу ў інтэрнэце. Нават прымусовае дыстанцыйнае навучанне не знізіла цікавасці да такой формы правядзення вольнага часу. Гэта адна з высноў справаздачы «Падлеткі 3.0», падрыхтаванай дзяржаўным навукова-даследчым інстытутам NASK. Адзін з аўтараў даследавання Рафал Лангэ (Rafał Lange) паясняе, што гэта звязана з тым, што для падлеткаў інтэрнэт не з’яўляецца выключна крыніцай ведаў або забавы:
-Дарослыя асобы часта ставяцца да інтэрнэту як да тэлебачання, то бок формы правядзення вольнага часу. Для маладых людзей інтэрнэт – гэта такі «панадворак», на якім мы гулялі ў дзяцінстве. Гэта не толькі форма баўлення часу, але таксама месца сустрэчы з іншымі інтэрнэт-карыстальнікамі і равеснікамі.
Упаўнаважаны ўрада па кібербяспецы Януш Цяшыньскі (Janusz Cieszyński) лічыць, што падлеткам трэба даць у інтэрнэце доступ да цікавага і каштоўнага зместу:
- Нашая задача – пастаўляць дзецям станоўчы, з пункту гледжання іх развіцця, кантэнт. Гэта адбываецца, напрыклад, шляхам сучасных інтэрнэт-паслугаў у адміністрацыі. Людзі заўсёды будуць там, дзе ёсць цікавы кантэнт, пры дапамозе якога яны могуць таксама нешта аформіць.
Аўтары справаздачы паказалі, што станоўчай зʼявай, звязанай з папулярызацыяй інтэрнэту, зʼяўляецца рост папулярнасці прафесіяў, звязаных са сферай IT сярод падлеткаў.
IAR / аз