Беларуская Служба

Людзі з інваліднасцю павінны мець магчымасць навязваць кантакты, выходзіць з дому

09.11.2021 12:53
Іншая тэма – працаўладкаванне асобаў з інваліднасцю. Знайсці працу такой асобе вельмі складана.
Аўдыё
  • Людзі з інваліднасцю ў Беларусі і Польшчы
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/fizkes

Рэпрэсіі беларускага рэжыму закранаюць не толькі асобаў, якія актыўна займаліся ці займаюцца палітычнай дзейнасцю, але таксама практычна ўсіх актыўных людзей, якія дзейнічаюць звонку сістэмы. Напрыклад, Эльвіра Каралёва – журналістка і піяр-спецыяліст – у Беларусі кіравала ўласным праектам для людзей з інваліднасцю. Яна лічыць, што дзяржава за мала робіць, каб такім асобам жылося камфортна, каб яны маглі сябе рэалізаваць і прыносіць карысць грамадству. На жаль, Эльвіры прыйшлося з’ехаць з Беларусі.

- Я будавала маю працу доўгі час, аднак, на жаль, цяпер я не бачу шляхоў развіцця майго праекту. У Беларусі цяпер вельмі складана дзейнічаць усім арганізацыям трэцяга сектару. З Варшавы, мне здаецца, працаваць цяпер лягчэй. Я бачу, што тут ёсць магчымасць ісці наперад. Мне здаецца, што тут мне ўдасца зрабіць больш, чым калі б я знаходзілася ў Мінску.

Маладым людзям з інваліднасцю вельмі патрэбныя кантакты з іншымі людзьмі, перакананне, што яны камусьці патрэбныя, – адзначае наш госць.

- Мы доўгі час займаліся сацыялізацыяй маладых людзей, якія выкарыстоўваюць дзеля перасоўвання інвалідны вазок. Гэта асобы з дзіцячым цэрэбральным паралічам. Яны з’яўляюцца самымі закрытымі ў сябе дома людзьмі, жывуць у чатырох сценках. У сярэднім гэтым людзям па 30 гадоў, імі апякуюцца бацькі. А бацькі – гэта як правіла мама, таты няма. А маці ўжо пераважна пажылыя, здароўе не дазваляе ім паўнавартасна займацца сваімі дарослымі дзецьмі з інваліднасцю. Востра стаіць праблема сацыялізацыі такога маладога чалавека – звычайныя выезды на вуліцу, у краму, прагулкі, безбар’ернае асяроддзе.

Іншая тэма – працаўладкаванне асобаў з інваліднасцю. Знайсці працу такой асобе вельмі складана, – кажа Эльвіра Каралёва.

- Такіх маладых людзей мала хто хоча бачыць у сябе супрацоўнікамі. Я пяць гадоў займаюся іх працаўладкаваннем. Гэта мая асабістая ініцыятыва, праект невялікі, нас ніхто не фінансуе. Я шукаю валанцёраў, неабыякавых людзей. Калі прыйшла пандэмія, стала вельмі цяжка нават з выхадамі на вуліцу, у краму, не кажучы ўжо пра пошук працы. Аднак мы знайшлі выйсце з сітуацыі, прыдумалі анлайн-курс для моладзі. І кожны ў сябе дома праходзіў курсы, вучыўся бізнесу. Здавалася б, таксама вельмі складаная задача, таму што ўсе яны з інваліднасцю, некаторыя ляжачыя, паралізаваныя. Тым не менш, гэты выклік нам удалося рашыць вельмі паспяхова, мы «забілі адразу двух зайцоў» – навучылі іх прадпрымальніцтву і навучылі камп’ютарным тэхналогіям. Людзі навучыліся карыстацца камп’ютарам. На дадзены момант ужо трыццаць чалавек прайшлі гэтыя курсы. Некаторыя сталі рамеснікамі, іпэшнікамі, завялі ўласную справу. Цяжка назваць гэта бізнесам, але малая справа, дзякуючы якой яны могуць жыць.

Спадарыня Эльвіра нядаўна прыехала ў Польшчу, яна тут каля двух месяцаў, таму яшчэ не паспела разабрацца, як тут жывецца людзям з інваліднасцю, але на першы позірк гэтае жыццё больш камфортнае, чым у Беларусі, – адзначае наш госць.

- Візуальна я бачу безбар’ернае асяроддзе, я бачу значна больш людзей з інваліднасцю на вуліцах. Бачыла людзей з парушэннем зроку, яны пераходзілі дарогу. Гэтыя моманты кідаюцца ў вочы. Мы наладзілі кантакт з польскай арганізацыяй, якая займаецца працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю. І ўжо пры першым кантакце з імі я зразумела, наколькі тут глыбей займаюцца дадзенай праблемай. Скажам, у нас адзін спецыяліст займаецца працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю, а тут ёсць розныя спецыялізацыі. Калі знаёміліся, мне прыйшлося ўдакладняць, чым дакладна яны займаюцца, бо ў нас нават такіх спецыялізацый няма. Я спадзяюся, што маё знаходжанне тут будзе пазітыўна ўплываць на развіццё майго праекту і далейшую працу з людзьмі з інваліднасцю ў маёй краіне. На жаль, мінскі офіс закрылі, але мы дамовіліся з маскоўскім інстытутам на рэалізацыю невялікага праекту. Гэта паездкі маладых людзей з інваліднасцю з Мінска раз у месяц у розныя музеі Беларусі. Жывучы дома, яны знаходзяцца ўвесь час у закрытай прасторы, яны самі кажуць, што ім патрэбныя кантакты з іншымі людзьмі. І хочуць знайсці пару. Ёсць ужо такая пара – абодва на вазках, стварылі сям’ю. Калі бачыш такія маленькія поспехі і радасці, то разумееш, што робіш вельмі патрэбную справу.

нг