Сёння я запрашаю ў Бэндкоўскую даліну (Dolina Będkowska) – месца, якое карыстаецца асаблівай папулярнасцю не толькі сярод польскіх скалалазаў, але таксама аматараў пешых прагулак і веласіпедыстаў.
Бэндкоўская даліна распаложаная ў 23 кіламетрах на захад ад Кракава. Гэта адна з самых найдаўжэйшых далін Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша. Ейная даўжыня складае каля 7 кіламетраў. Адначасова гэта адна з сямі далін, якія ўваходзяць у ландшафтны парк «Кракаўскія даліны».
Бэндкоўская даліна. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бэндкоўская даліна высечаная ў юрскіх вапняках. Яна мае выгляд глыбокага яра са стромкімі ўсходнімі сценамі і больш спадзістымі заходнімі схіламі. Гэта карставая даліна, у якой можна назіраць за амаль усімі геалагічнымі формамі, характэрнымі для працэсу карставання. Ад галоўнай адыходзяць бакавыя даліны, якія ўяўляюць сабой яры з густым лесам на стромкіх схілах і са шматлікімі скальнымі ўтварэннямі.
Даліна атрымала назву ад горнай ракі Бэндкоўка (Będkówka), якая цячэ па яе дне. Гэта прыгожае з пункту гледжання прыроды месца, з мноствам цікавых скальных утварэнняў і пячораў.
Бэндкоўская даліна. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бэндкоўская даліна – гэта месца прывабнае, як для аматараў пешых, так і для веласіпедных экскурсіяў. Пешшу экскурсію па даліне можна пачаць з вёскі Бэндкавіцы(Będkowice), якая знаходзіцца паміж далінамі Бэндкоўскай і Кабылянскай(Dolina Kobylańska), такім чынам мы зможам наведаць абедзве прыгожыя даліны.
Па яе дне вядзе выгадная дарога, закрытая для аўтамабіляў, якая дазваляе бяспечна і ў цішыні любавацца прыгажосцю навакольнай прыроды.
Турысты могуць скарыстацца трыма дарожкамі: блакітнай, якая вядзе ўздоўж усяе даліны, зялёнай – з вёскі Лаз(Łazy) праз цэнтральную частку Бэндкоўскай даліны да вёскі Бэндкавіцы, жоўтай – з вёскі Бэндкавіцы па бакавым яры, частку Бэндкоўскай даліны, Даліну Шкляркі (Dolina Szklarki) і запаведнік «Даліна Рацлаўкі» (Dolina Racławki). Праз Бэндкоўскую даліну праходзіць таксама чырвоны – веласіпедны шлях, даўжыня якога складае 25 кіламетраў.
Бэндкоўская даліна. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Сэрцам Бэндкоўскай даліны з’яўляецца Сакаліца (Sokolnica) – гэта высокая горная парода, якая ўзвышаецца над далінай у ейнай цэнтральнай частцы. Вышыня Сакальніцы сягае 80 метраў. Гэта па-за Татрамі, самая высокая горная парода, на якой дазволена займацца скалалазаннем. З вяршыні Сакальніцы можна паглядзець цудоўную панараму Бэндкоўскай даліны. Раней Сакальніцу называлі Градзіскам, паколькі на ейнай вяршыні былі знойдзеныя падмуркі рыцарскага града з канца X стагоддзя.
Бэндкоўская даліна, Сакаліца. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Дарэчы, у Бэндкоўскай даліне скалалазаннем можна займацца на больш за 60 скальных утварэннях, па якіх пракладзеная велізарная колькасць маршрутаў. Дзякуючы гэтаму Бэндкоўская даліна з'яўляецца адным з найбуйнейшых цэнтраў скалалазання не толькі ў рэгіёне Кракава.
Ля падножжа Сакальніцы знаходзіцца агратурыстычны комплекс і кемпінг «Брандысоўка»(Brandysówka) – гэта месца, якое амаль стагоддзе звязанае з польскім скалалазаннем. Яшчэ да Другой сусветнай вайны дом святой памяці Дануты Брандыс быў базай першых заваёўнікаў падкракаўскіх скалаў. Зараз тут можна наняць пакойчык і з’есці смачны абед. Побач з «Брандысоўкай» знаходзіцца папулярны сярод скалалазаў кемпінг.
Адным з цікавейшых месцаў у Бэндкоўскай даліне з’яўляецца вадаспад Шум, распаложаны непадалёк ад «Брандысоўкі». Гэта адзін з нямногіх вадаспадаў, і адначасова самы высокі на Кракаўска-Чэнстахоўскім узвышшы. Яго вышыня складае каля 4 метраў. Насупраць вадаспада, па другім баку дарогі, знаходзіцца асобнастаячая вапняковая горная парода, якую называюць «Ігліца» – адна з больш характэрных скалаў у даліне.
Бэндкоўская даліна. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Дарэчы, у цэнтральнай частцы даліны апрача Сакальніцы знаходзіцца яшчэ некалькі іншых цікавых вапняковых горных пародаў, якія часта маюць выдуманыя кшталты і назвы. Сярод турыстаў нязменнай папулярнасцю карыстаецца, напрыклад, скала «Замчыска», больш вядома пад назвай «Зад слана». Гэтую назву горнае ўтварэнне атрымала ад скалалазаў яшчэ ў 1970-я гады мінулага стагоддзя.
Бэндкоўская даліна, «Зад слана». Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=72845229
У Бэнкоўскай даліне знаходзіцца каля 120 пячораў, з якіх толькі частка даступная для турыстаў. Адной з цікавейшых з’яўляецца Пячора кажаноў (таксама Ежманавіцкая пячора), якая знаходзіцца ля ўвахода ў даліну з поўначы. Ад «Брандысоўкі» гэта каля 50 хвілін шпацырам па блакітнай дарожцы. Пячора мае 326 метраў даўжыні і зʼяўляецца адной з самых доўгіх на Кракаўска-Чэнстахоўскім узвышшы.
Бэндкоўская даліна, Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Непадалёк згаданай пячоры знаходзіцца папулярная сярод скалалазаў Лабаёвая скала (Łabajowa Skała) з Лабаёвай пячорай.
У сваю чаргу жоўтай дарожкай ад «Брандысоўкі» ў напрамку вёскі Бэндкавіцы, можна дайсці да іншай папулярнай у даліне скалы, якую называюць «Бэндкоўскай брамай».
Бэндкоўская даліна. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На заходнім схіле Бэндкоўскай даліны расце лес, які называюць Кабылянскім. Тут у часы падзелаў Польшчы праходзіла мяжа паміж тэрыторыямі, якія апынуліся пад расійскай і аўстрыйскай уладай. У часе Другой сусветнай вайны Бэндкоўская даліна амаль што стала месцам крывавай бітвы. Напрыканцы 1944 года і пачатку 1945 года немцы вырашылі пераўтварыць даліну ў крэпасць. З гэтай мэтай на заходнім схіле пабудавалі шматлікія акопы і стралковыя пазіцыі, а таксама бетонныя бункеры. На шчасце немцы не паспелі дыслакаваць там сваіх жаўнераў. Дзякуючы выведцы Арміі Краёвай да прыбыцця немцаў даліну занялі чырвонаармейцы.
Анна Задрожна