Вочы ўсяго свету скіраваныя на Украіну, якая прымушаная супраціўляцца расійскай імперскай агрэсіі. Гэта, на жаль, чарговы выпадак у найноўшай гісторыі, калі Крэмль пайшоў са зброяй на сваіх суседзяў і братоў. Пра агрэсію расіян пасля распаду Савецкага Саюзу сёння раскажам у гістарычнай рубрыцы.
Як вынікае з падлікаў, пачынаючы з 1991 года, калі распаўся Савецкі Саюз, Расія пасрэдна ці непасрэдна прымала ўдзел у 13 узброеных канфліктах.
Першым канфліктам, у якім была замешаная Расія, стала грамадзянская вайна ў Грузіі 1991-1993 г.г.
У сваю чаргу ў 1992 годзе Масква прыняла непасрэдны ўдзел у канфлікце, негатыўныя вынікі якога існуюць і па сённяшні дзень. Маецца на ўвазе ўзброены канфлікт у Прыднястроўі, у выніку якога была створаная марыянетачная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка.
У 1992-1997 гадах расійскія войскі актыўна ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане, у выніку якой прэзідэнтам Таджыкістана стаў расійскі прызначэнец Эмамалі Рахмон.
А вось у 1992 годзе пачалася вайна ў Абхазіі, у выніку якой гэтая рэспубліка аддзялілася ад Грузіі і абвесціла незалежнасць у аднабаковым парадку. У 2008 годзе Расійская Федэрацыя афіцыйна прызнала незалежнасць Рэспублікі Абхазія і ўстанавіла з ёй дыпламатычныя адносіны.
У 1994-1996 гадах Расія ўдзельнічала ў першай чачэнскай вайне, у выніку якой панесла паразу. У сваю чаргу ў 1999-2009 гадах Масква прымала ўдзел у другой чачэнскай вайне, у выніку якой атрымала перамогу коштам тысяч ахвяр сярод мірнага чачэнскага насельніцтва. У выніку часткова партызанскай вайны да ўлады ў Чачні прыйшлі расійскія марыянеткі – бацька і сын Кадыравы, якія стварылі ў рэспубліцы крывавы, феадальны рэжым. Маскве не перашкаджае, што Рамзана Кадырава абвінавачваюць у захопах, забойствах і катаваннях людзей. Галоўнае для Крамля не людзі – галоўнае, што Кадыраў трымае Чачню ў тэроры і складзе Расійскай Федэрацыі.
У 1999 годзе была Дагестанская вайна – узброеныя аперацыі Расіі супраць чачэнскіх партызан і ісламскіх баевікоў.
А вось у 2008 годзе адбылася бадай што адна з найбольш вядомых узброеных акцый 2000-х гадоў. У інфармацыйнай прасторы можна сустрэць назву «ўзброены канфлікт у Паўднёвай Асетыі», хоць часта таксама сустракаецца назва «расійска-грузінская вайна». 8 жніўня 2008 года Тбілісі прадпрыняў спробу ўстанавіць кантроль над Паўднёвай Асетыяй, якая ў 1991 годзе аб’явіла аб выхадзе са складу Грузіі і абвесціла незалежнасць у аднабаковым парадку. У той жа дзень Крэмль увёў войскі на тэрыторыю Грузіі. Вайна працягвалася да 12 жніўня. З-за перавагі сіл Грузія панесла паразу. Праз некалькі дзён быў падпісаны план па мірнаму ўрэгуляванню канфлікта, які на практыцы адарваў Паўднёвую Асетыю ад Грузіі. Праз нейкі час Крэмль прызнаў незалежнасць рэспублікі. 2 верасня 2008 года Грузія сарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй, што, дарэчы, зрабіла і Украіна 24 лютага.
У 2009-2017 гадах Расіяй вяла баявыя дзеянні супраць ісламістаў на Паўночным Каўказе.
І храналагічна даходзім да падзей, якія сталі пачаткам сённяшняй вайны Расіі з Украінай. У лютым-сакавіку 2014 года – дакладна восем гадоў таму – пачалося заняцце расійскімі войскамі ўкраінскага Крыма.
Адначасова, хоць і неафіцыйна, расійскія войскі прымалі актыўны ўдзел у падтрымцы сепаратыстаў на Данбасе, якія пазней стварылі карыкатуры дзяржаў – гэта званыя Луганскую і Данецкую Народныя Рэспублікі. Тады ніхто і не мог падумаць, што гэты крамлёўскі праект будзе выкарыстаны праз восем год для нападзення Расіі на Украіну.
Пачынаючы з 2015 года і па сённяшні дзень Расія прымае ўдзел у ваеннай аперацыі ў Сірыі. Менавіта дзякуючы Маскве пры ўладзе надалей утрымліваецца дыктатар Башар Асад, які, і ў гэтым выпадку не прыходзіцца здзіўляцца, падтрымаў агрэсію Пуціна супраць украінскага народу.
Расія прымала і прымае ўдзел ва ўзброеных канфліктах далёка ад сваёй тэрыторыі. Так, у 2018 годзе яна заангажавалася ў грамадзянскую вайну ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, куды накіравала некалькі сот ваенных і цяжкую тэхніку для падтрымкі ўраду ЦАР.
Вайна супраць Украіны стала трынаццатым узброеным канфліктам Масквы пасля распаду Савецкага Саюзу. Лічба «13» у шматлікіх культурах – нешчаслівая. Будучы рэалістам, хочацца аднак верыць у тое, што трынаццаты ўзброены канфлікт стане для Расіі фатальным.
Валеры Саўко