Беларуская Служба

«Без БНР не было б сучаснай Беларусі і беларускай дзяржаўнасці»

25.03.2022 16:08
Трагедыя БНР заключалася ў тым, што дзяржава паўстала на тэрыторыі, якая была акупаванай іншымі краінамі і за якую ішла пастаянная барацьба.
Аўдыё
  • «Без БНР не было б сучаснай Беларусі і беларускай дзяржаўнасці»
Członkowie Rady Białoruskiej Republiki Ludowej z 1918 roku
Członkowie Rady Białoruskiej Republiki Ludowej z 1918 rokuDomena publiczna

25 сакавіка – надзвычай важны дзень у кожнага свядомага беларуса. Менавіта ў гэты сакавіцкі дзень у 1918 годзе было абвешчана аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі – першага беларускага суб’екту дзяржаўнасці ў сучаснай гісторыі. І хоць пра пракламацыю БНР сказана і напісана шмат, то сёння мы яшчэ раз нагадаем пра гэтую слаўную дату.

Здараецца чуць ад антыбеларускіх сіл альбо людзей, якія знаходзяцца пад уплывам антынацыянальнай прапаганды, што, маўляў, Беларуская Народная Рэспубліка – гэта квазідзяржава, бо была створаная ва ўмовах нямецкай акупацыі і не мела вялікага ўплыву на тэрыторыях, якія ахоплівала. Але гэта не так. БНР мела сваю сімволіку, урад, мясцовыя ўлады, шматлікія прадстаўніцтвы за мяжой і вайсковыя фарміраванні. Дарэчы, сімволікай БНР быў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», таму аргумент накшталт «нацысцкай сімволікі», які часта гучыць ад лукашыстаў і расійскіх шавіністаў, з’яўляецца як мінімум неразумным.

Вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў сцвярджае, што без БНР не было б сучаснай Беларусі і беларускай дзяржаўнасці. Паводле яго, непраўдзівую інфармацыю пра першую сучасную беларускую дзяржаву распаўсюджваюць расійскія сілы і прыхільнікі гэтак званага «русского мира».

Дарэчы, БНР займала тэрыторыю, большую за актуальную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, таму што ў яе межах знаходзіліся беларускамоўныя раёны Віленшчыны, Смаленшчыны, Беласточчыны, Чарнігаўшчыны.

Для маладой дзяржавы важным з’яўляецца міжнароднае прызнанне, якое сведчыць пра тое, што краіна можа лічыцца суб’ектам міжнароднага права. І так, прадстаўнікі БНР утрымлівалі адносіны з Украінай, Польшчай, Германіяй, Даніяй, Фінляндыяй, Чэхаславакіяй, Эстоніяй і іншымі краінамі. А консульскія і дыпламатычныя ўстановы БНР існавалі ў Стамбуле, Рызе, Адэсе, а таксама ў шэрагу іншых гарадоў.

Беларуская Народная Рэспубліка была дзяржавай на этапе фарміравання. Але ўжо на гэтым этапе ў краіне існаваў інстытут грамадзянства, дзяржаўны друк і сімволіка, а таксама выдаваліся пашпарты і былі свае паштовыя маркі. Больш за тое, адкрываліся беларускія школы, тэатры, вялася праца па стварэнні беларускага ўніверсітэту.

Трагедыя БНР заключалася ў тым, што дзяржава паўстала на тэрыторыі, якая была акупаванай іншымі краінамі і за якую ішла пастаянная барацьба. З-за ваеннай завірухі беларусам не ўдалося стварыць моцнай арміі і судовай сістэмы. Не было таксама фінансавых сродкаў. Ёсць сведчанні, што некаторыя члены дэлегацыі, якія планавалі ехаць на перамовы ў Версалі ад імя БНР, не толькі не мелі грошай на дарогу, але і адпаведнай вопраткі, напрыклад, паліто.

Але, нягледзячы на ўсё, Беларуская Народная Рэспубліка – гэта першая беларуская дзяржава. Можа таму ворагі Беларусі і антыбеларусы распаўсюджваюць пра БНР несапраўдную інфармацыю, бо яны зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь была часткай рабскага «русского мира».

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота: члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 1918 год 


Больш на гэтую тэму: Машына часу