Беларуская Служба

79 гадоў таму ў Варшаве баец Арміі Краёвай здзейсніў замах на рэстаран Nur für Deutsche 

27.05.2022 16:43
21-гадовы Ян Крыст адкрыў агонь па акупантах, застрэліўшы некалькі супрацоўнікаў Гестапа.
Аўдыё
  • 79 гадоў таму ў Варшаве баец Арміі Краёвай здзейсніў замах на рэстаран Nur für Deutsche 
  Adria, 1937
Госці рэстарану Adria, 1937 годNarodowe Archiwum Cyfrowe

79 гадоў таму ў Варшаве баец Арміі Краёвай здзейсніў дзёрзкі замах: ён адрыў агонь у рэстаране, які быў папулярны сярод нямецкіх акупантаў. Дзякуючы акцыі палякі хацелі паказаць, што ані ў адным месцы ў польскай сталіцы захопнікі не будуць сябе адчуваць бяспечна.

У 1931 годзе ў Варшаве быў створаны рэстаран Adria, які неўзабаве стаў найбольш вядомай і люксавай установай польскай сталіцы. У рэстаране было некалькі залаў і бараў, у тым ліку бар-аранжарэя. Установа была вядомая не толькі дзякуючы добрай кухні, але таксама арыгінальнаму дызайну памяшканняў і танцам, якія адбываліся на танцпляцоўцы рэстарану. Adria была любімым месцам сустрэчаў варшаўскага бамонду, зорак, палітыкаў і ўвогуле вядомых жыхароў польскай сталіцы.


Ян Крыст з сябрамі (першы з правай); фота: Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы Ян Крыст з сябрамі (першы з правай); фота: Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы

Пасля таго, як Германія напала на Польшчу 1 верасня 1939 году, краіна трапіла пад нямецкую акупацыю. У 1940 годзе рэстаран Adria стаў Nur für Deutsche – «толькі для немцаў». Захопнікі палюбілі ўстанову, і калі да вайны рэстаран быў папулярны сярод палякаў, то падчас акупацыі ён стаў папулярны сярод немцаў.

У маі 1943 году камандаванне Арміі Краёвай вырашыла правесці замах на рэстаран, у якім часта бывалі высокапастаўленыя гітлераўскія чыноўнікі і афіцэры з ліку акупацыйных улад. Здзейсніць замах згадзіўся баец Арміі Краёвай Ян Крыст, які меў баявы псеўданім «Алан». На момант замаху яму быў 21 год. Да вайны юнак дзейнічаў у скаўцкім руху і закончыў вайсковую падрыхтоўку па стральбе.

У Яна Крыста быў туберкулёз. Перад замахам лекар сказаў хлопцу, што жыць яму засталося няшмат. Таму маладзён сам запрапанаваў удзел у акцыі, з якой мог не выйсці жывым.

23 мая 1943 году «Алан» прыйшоў у рэстаран пад выглядам працаўніка і накіраваўся ў падвальнае памяшканне, дзе знаходзілася танцавальная пляцоўка. У зале было цёмна, гарэлі толькі накіраваныя на сцэну пражэктары. Карыстаючыся тым, што ў памяшканні цёмна, Ян адкрыў агонь. Немцы былі шакаваныя: яны і ўявіць не маглі, што нехта здзейсніць замах ва ўстанове, якая добра ахоўваецца!

Калі частка гітлераўцаў апрытомнела ад таго, што адбываецца, яны ўключылі святло. «Алан» надалей вёў агонь і паступова накіроўваўся ў бок выхаду. Раптоўна адзін з немцаў ударыў яго крэслам. Як Крыст упаў на падлогу. На яго наляцелі гітлераўцы і пачалі збіваць хлопца ўсім, што было пад рукой: крэсламі, бутэлькамі, посудам... Ад атрыманых траўмаў ён памёр.

У кішэні «Алана» быў ліст ад Арміі Краёвай, у якім палякі патлумачылі немцам, чаму здзейснены замах. Камандаванне падпольнай арганізацыі напісала, што калі немцы не перастануць катаваць вязняў і не зменяць метадаў следства, то АК надалей будзе забіваць акупантаў у замахах.

Ян Крыст забіў трох афіцэраў Гестапа, двух немцаў параніў. Яго цела, якое палякі выкралі з моргу, пахавалі ў безыменнай магіле на сталічных Вольскіх могілках. Пасля вайны на месцы пахавання быў пастаўлены помнік. Пасмяротна «Алан» быў узнагароджаны ордэнам «Крыж храбрых».

Рэстаран Adria перастаў існаваць у 1944 годзе. У тым жа самым месцы ён быў адкрыты ў 1973 годзе і адразу ж стаў адным з люксавых рэстаранаў Польскай Народнай Рэспублікі. Закрылі ўстанову ў 2005 годзе.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

відэа: рэстаран Adra ў даваенны час; каларызацыя фільму сучасная

Больш на гэтую тэму: Машына часу