Турма павінна быць як эфектыўныя лекі, то бок горкая, каб рэцыдывістам не было абыякава – будуць яны на волі ці ў турме, лічыць намеснік міністра юстыцыі Міхал Вось, які ў размове з выданнем «Do Rzeczy» расказваў пра праграму рэформы сучаснай пенітэнцыярнай сістэмы ў Польшчы.
«Мы адмяняем такія прывілеі, напрыклад, у доступе да лекараў-спецыялістаў, пашыраем найбольш эфектыўную праграму рэабілітацыі – працу, узмацняем бяспеку фрункцыянераў турэмнай службы… Выгада зняволеных не можа быць важнейшай, чым бяспека турэмных ахоўнікаў», – кажа віцэ-міністр.
Ён дадаў, што праграма «Праца для зняволеных» прадугледжвае працаўладкаванне 100 працэнтаў зняволеных, якія працаздольныя. «Гэта наша мэта. Працаваць павінен кожны, хто можа працаваць. Магу пахваліцца апошнімі дадзенымі – паказчык працаўладкавання сярод зняволеных вырас да 91 працэнта», – сказаў намеснік кіраўніка Мінюста. Ён таксама нагадаў, што ў 2015 годзе працавалі крыху больш за трэць зняволеных.
«Мы спрашчаем працэдуру накіравання зняволеных да ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў. Тыя, хто ўчыніў зло, атрымаюць магчымасць кампенсаваць яго. Мы вучым працай, што можна зарабляць на сабе, разлічвацца па абавязацельствах. Дарэчы пасля вызвалення з турмы, такая рэгулярнасць карысная», – ацаніў палітык.
Міхал Вось дадаў, што адным са станоўчых эфектаў праграмы «Праца для зняволеных» з’яўляецца факт, што пасля заканчэння адбывання пакарання экс-вязні ўладкоўваюцца на працу ў тых жа працадаўцаў.
аз