Акруговы суд у Варшаве асудзіў Гжэгажа М., між іншым за гатовасць шпіянажу ў карысць беларускай разведкі – піша выданне Niezalezna.pl. Паводле інфармацыі прэс-сакратара міністра-каардынатара спецслужбаў, абвінавачаны – былы афіцэр атраду міліцыі спецыяльнага прызначэння (ZOMO – адпаведнік беларускага АМАПу) і Грамадзянскай міліцыі.
Пракурор Караль Бархольскі з Нацыянальнай пракуратуры паведаміў, што Акруговы суд у Варшаве прызнаў абвінавачанага Гжэгажа М. вінаватым у інкрымінаваных дзеяннях і прысудзіў яго да агульнага пакарання ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Абвінаваўчы акт па гэтай справе быў перададзены ў суд у маі бягучага года.
Гжэгаж М. быў таксама абвінавачаны ў захоўванні боепрыпасаў без адпаведнага дазволу. Пра затрыманне Гжэгажа М. паведаміў прэс-сакратар міністра каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.
Затрыманы Агенцтвам унутранай бяспекі мужчына з'яўляецца грамадзянінам Польшчы. Яго абвінавацілі ў шпіянажы (арт. 130 Крымінальнага кодэксу) у карысць КДБ Беларусі. Затрыманы служыў у міліцыі, а пазней у паліцыі. Выйшаў на пенсію 20 гадоў таму ў званні лейтэнанта памежнай службы», – паведаміў Жарын у прэс-рэлізе.
Згодна інфармацыі парталу tvp.info, мужчына сам шукаў кантактаў з беларускай выведкай. У верасні 2020 года мужчына звярнуўся ва ўпраўленне КДБ Гродна, дзе пазнаёміўся з адным з афіцэраў. Паводле звестак Агенцтва ўнутранай бяспекі, тады ён заявіў пра гатовасць да супрацы.
нг