Беларуская Служба

Велюнь ці Вестэрплятэ – дзе пачалася Другая сусветная вайна?

01.09.2022 11:35
Бамбардзіроўка Велюня стала сімвалам незвычайнай жорсткасці Трэцяга Рэйха з першых хвілін вайны.
Аўдыё
  • Велюнь ці Вестэрплятэ – дзе і калі пачалася Другая сусветная вайна?
    1  1939 .,
Разбураны цэнтр горада Велюнь 1 верасня 1939 г., фота са збору мясцовага музеяAutorstwa Nieznany - Bojarska B., Zniszczenie miasta Wielunia w dniu 1 września 1939 r., „Przegląd Zachodni” ed.Instytut Zachodni Poznań 1962, nr 2. ,Polish postcard from 1970-tiesCzesław Madajczyk; Faszyzm i okupacje 1938-1945 : wykonywanie okupacji przez państwa Osi w Europie. T. 1, Ukształtowanie się zarządów okupacyjnych Poznań 1983, Editor:Wyd

На думку часткі гісторыкаў, не Вестэрплятэ, а Велюнь – невялікі гарадок у Лодзінскім ваяводстве, стаў першай ахвярай нямецкай агрэсіі падчас Другой сусветнай вайны. Бамбардзіроўка Велюня стала сімвалам татальнай вайны, накіраванай не толькі супраць войскаў, але і непасрэдна супраць мірных жыхароў. У абсалютна безабаронным горадзе нямецкія бомбы ўпалі, між іншым, на шпіталь, касцёл і сінагогу, прыводзячы да смерці, як мінімум, тысячу мірных жыхароў. У сувязі са зверствам Люфтвафэ, Велюнь часта называюць польскай Гернікай.

Велюнь на той час быў невялікім павятовым мястэчкам, распаложаным у 20 кіламетрах ад польска-нямецкай мяжы. Раніцай, 1 верасня 1939 года, паводле многіх гісторыкаў, за 5 хвілін да атакі на Вестэрплятэ на ўзбярэжжы Балтыкі, нямецкія пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі нанеслі некалькі масіраваных удараў па безабаронным горадзе, што прывяло да велізарных страт у насельніцтве і матэрыяльнага ўрону, а таксама масавага адтоку жыхароў, якім удалося выжыць.

Велюнь – гарадок, у якім тады пражывалі 15 тысяч жыхароў, не меў ніякага большага стратэгічнага значэння. Тут не было ні арміі, ні развітой прамысловасці, ні важна транспартнага вузла. Тым не менш, ён стаў аб'ектам першых налётаў нямецкай Люфтвафэ.

У момант нападу жыхары гарадка альбо спалі, альбо толькі што прачыналіся. У гэты дзень у Велюні павінен быў адбыцца кірмаш, на які традыцыйна з самай раніцы з’язджаліся навакольныя сяляне. Раптам загудзелі сірэны. У небе зʼявіліся нямецкія самалёты, якія скінулі першыя бомбы, успамінае адзін з відавочцаў:

- Шмат людзей, пахаваных па кутках, са слязамі ў вачах прыглядаліся да таго, што яны вырабляюць – да таго варварства. Ёсць нават здымкі разбурэння кафедральнага касцёла.

Аднымі з першых ахвяраў Другой сусветнай вайны сталі цяжкахворыя пацыенты са Шпіталя Усіх Святых у Велюні. У канцы жніўня тых, лягчэй хворых, адправілі дадому з-за пагрозу вайны. Немцы разбамбілі бальніцу, нягледзячы на тое, што яна была выразна пазначана знакам Чырвонага Крыжа, кажа гісторык прафесар Тадэвуш Алейнік(Tadeusz Olejnik):

- Я нагадваю, што калі пачаліся авіяўдары, то немцы наносілі іх не па чыгуначным вакзале ці грамадскіх будынках. Яны пачалі ад шпіталя. Быў знішчаны касцёл святога Міхала – адзін са старэйшых у Польшчы. Была знішчаная сінагога і гістарычны стары горад. Значыць мэтай не былі стратэгічныя аб’екты. Гэта была тэрарыстычная атака з мэтай разні мірнага насельніцтва.

Налёты на Велюнь здзяйснялі эскадрыллі самалётаў, якія стартавалі з некалькіх аэрапортаў, размешчаных у Апольскай Сілезіі, у асноўным з аэрапорта Нідэр-Эльгут (Nieder-Ellguth), цяпер гэта вёска Лігота-Дольна(Ligota Dolna).

Люфтвафэ бамбіла горад некалькі разоў. Аднак несумненна найбольш крывавымі былі гэтыя першыя авіяўдары, кажа юрыст, у 2000-2006 гадах дырэктар Галоўнай камісіі па расследаванні злачынстваў супраць польскага народа прафесар Вітальд Кулеша(Witold Kulesza):

- Да поўдня, 1 верасня 1939 года, Велюнь быў ужо разбураны. Гэта была атака на безабаронны горад. Нямецкі пілот хваліўся, што «скінуў найцяжэйшую бомбу на рынак Велюня». У тым жа дакуменце ён напісаў: «мы не заўважылі ніякага ворага».

Паводле гісторыкаў, усяго на горад былі скінутыя 380 бомбаў агульнай вагой у 46 тон.
Гісторыкі па сённяшні дзень задумоўваюцца, чаму менавіта Велюнь стаў першай ахвярай нямецкіх удараў? Паводле нямецкіх крыніцаў, у гэтым часе ў горадзе, быццам бы, дыслакавалася брыгада польскай кавалерыі. Вядома, аднак, што 1 верасня польскіх войскаў у Велюні не было. Аднак, калі б яны нават і былі, то гэта не тлумачыць жорсткасці ўдараў. Таму гісторыкі часам называюць нямецкі налёт тэрактам, а некаторыя нават лічаць, што гэта быў элемент псіхалагічнай вайны. Немцы хацелі ў першыя гадзіны вайны выклікаць страх у мірнага насельніцтва, кажа дырэктар Музея велюньскай зямлі Ян Ксёнжэк(Jan Książek):

- Пачатак татальнай вайны, то бок вайны на вынішчэнне – гэта менавіта Велюнь. Паводле нас, не было ніякіх рацыянальных падставаў для таго, каб знішчыць безабаронны і неўмацаваны горад.

Час ад часу ў асяроддзі гісторыкаў узнікаюць дыскусіі пра тое, дзе на самой справе пачалася Другая сусветная вайна ў Велюні ці на Вестэрплятэ? Паводле адных, канфлікт пачалася ў Велюні, які немцы разбамбілі ў 4.40, то бок за 5 хвілін да атакі на Вестэрплятэ.

Аднак паводле доктара Гжэгажа Бэмбніка (Grzegorz Bębnik) з катавіцкага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці ўдар па Велюні, насамрэч, адбыўся ў 5.40:

- Бомбы на Велюнь упалі, хутчэй за ўсё, не а 4.40, але 5.40. Баявыя дзённікі эскадрыллі, якая першай кінула бомбы на Велюнь – гаворка ідзе пра 76-ы полк пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў – называюць 5.40. Ад гэтага гісторыкі аднялі гадзіну, мяркуючы, што тады ў Трэцім Рэйху дзейнічаў «летні час». Тым часам летні час немцы ўвялі толькі ў 1 красавіка 1940 года.

Трагедыя Велюня доўгія гады не была шырока вядомая. Немцы, якія ўжо 2 верасня занялі горад, не былі зацікаўлены ў яе распаўсюдзе. Пасля вайны толькі ў 1959 годзе была заснавана дошка ў памяць ахвяр авіяўдараў.

Справа не ў тым, што было першым Велюнь ці Вестэрплятэ, запэўнівае дырэктар Музея велюньскай зямлі Ян Ксёнжэк(Jan Książek):

- Велюнь – гэта не канкурэнт Вестэрплятэ, а дапаўненне сапраўднай гісторыі пачатку Другой сусветнай вайны. З аднаго боку Вестэрплятэ – гэта несумненны сімвал для палякаў і жаўнераў. Аднак у аспекце татальнай вайны, якой мы называем Другую сусветную вайну, такім сімвалам з’яўляецца Велюнь – першы настолькі знішчаны горад у Польшчы.

Нягледзячы на тое, ці з яе пачалася Другая сусветная вайна ці не, бамбардзіроўка Велюня з’яўляецца сімвалам незвычайнай жорсткасці Трэцяга Рэйху, які з першых хвілін вайны здзяйсняў ваенныя злачынствы супраць мірнага насельніцтва.

IAR/PR1/аз

Анджэй Дуда: «Вайна прынесла смерць мільёнам звычайных палякаў»

01.09.2022 08:55
Прэзідэнт Польшчы і прэм’ер-міністр узялі ўдзел ва ўрачыстасцях ушанавання памяці з нагоды пачатку ІІ Сусветнай вайны.

Свет мусіць даведаецца, якія наступствы мела Другая сусветная вайна

01.09.2022 12:21
У Польскай сталіцы адбылася прэзентацыя даклада аб стратах Польшчы падчас ІІ Сусветнай вайны.