«Штучнае мяса, сапраўдная праблема» – пад такім загалоўкам выданне Do Rzeczy піша пра вытворчасць штучнага мяса, якая яшчэ нядаўна была ў сферы фантастыкі, а цяпер становіцца ўсё больш блізкай рэальнасцю.
Аўтар піша, што пытанне вытворчасці штучнага мяса можа паказваць кшталт будучага свету, у які мы паступова ідзем. Неўзабаве можа аказацца, што мы станем рабамі свайго выбару. У дадзеную галіну ўвайшоў са сваімі інвестыцыямі вядомы мільярдэр Біл Гейтс. Многія людзі гатовыя адмовіцца ад сапраўднага мяса, між іншым па этычных прычынах – яны не хочуць забіваць жывёлу. Ідэя добрая, але, калі вытворцам такога штучнага мяса ўдасца правесці заканадаўчыя рашэнні, якія цалкам забароняць або зробяць нерэнтабельным працэс традыцыйнай жывёлагадоўлі, свет чакае поўная манаполія вялізных канцэрнаў. І гэта ўжо небяспечная і непрыемная перспектыва.
Прыхільнікі распаўсюду штучнага мяса прыводзяць аргумент, што пры яго вытворчасці выкарыстоўваецца значна менш вады. На самой справе гэтыя падлікі нельга назваць цалкам шчырымі, паколькі тэхналогія яшчэ толькі развіваецца і шмат аспектаў можа не брацца пад увагу. І можа аказацца, што гадоўля штучнага мяса не такая танная і карысная для асяроддзя, як магло здавацца. Акрамя таго, яна прынясе адмоўныя сацыяльныя наступствы. У сельскай гаспадарцы і яе абслугоўванні працуе прыкладна палова чалавецтва, асабліва ў бяднейшых краінах. У нашыя часы мы назіраем тэндэнцыю пераходу ад раздробленай эканомікі да гаспадаркі магутных канцэрнаў. Усё больш прасторы малога бізнесу займаюць карпарацыі. Сельская гаспадарка, якая складаецца з дробных, лакальных вытворцаў, значна больш бяспечная і прыязная для спажыўца. Калі традыцыйная жывёлагадоўля будзе забаронена, рынак будзе аддадзены ў рукі алігархаў новага капіталізму, якія змогуць дыктаваць цэны, якасць і паводзіны спажыўцоў.
нг