Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы ўзнагародзіў лідара фонду «Дзіця і сям’я» за дапамогу дзецям з Украіны

02.12.2022 12:31
У Лодзі для дзяцей-сіротаў з Украіны плануюць стварыць украінскія прыёмныя сем’і, каб не паланізаваць маладых украінцаў.
Аўдыё
  • Прэзідэнт Польшчы узнагародзіў лідара фонду «Дзіця і сям’я» за дапамогу дзецям з Украіны
Агнешка і Томаш Палкоўскія і прэзідэнт Анджэй Дуда падчас уручэння прэміі «Для агульнага дабра»Foto: Radek Pietruszka/PAP

На мінулым тыдні прэзідэнт Анджэй Дуда ўручыў прэзідэнцкія ўзнагароды «За агульнае дабро». Гэта штогадовая прэмія за прасоўванне грамадзянскага стаўлення, дзейнасці і праектаў. Пераможцам у намінацыі «Чалавек-лідар» стаў наш сённяшні госць – старшыня фонду «Дзіця і сям’я» Тамаш Палькоўскі(Tomasz Polkowski).

У супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі ў Лодзі фонд «Дзіця і сям’я» забяспечыў умовы пражывання для амаль сотні дзяцей-бежанцаў з украінскіх дзіцячых дамоў:

- Прыезд згаданых дзяцей з дзіцячых дамоў з заходняй Украіны – гэта высілак многіх людзей і арганізацый. За сам транспарт адказвала арганізацыя «Happy kids», а пазней улады Лодзі нанава адкрылі дзіцячыя дамы, якія раней былі закрытыя ў выніку рэформы. Там мы пасялілі дзве вялікія групы маладых украінцаў з дзіцячых дамоў у гарадах Роўна, Ковель і іншых. Хутка мы зарыентаваліся, што ў дзяцей кепскі стан здароўя і шмат чаго не хапае. Заўважныя былі таксама розніцы ў падыходзе да дзяцей, між намі і ўкраінскімі выхаваўцамі. Дзякуючы гарадскім уладам, а таксама прыватным спонсарам дзеці з Украіны атрымалі неабходныя ім рэчы. Праблемы не было таксама з пастаўкамі якаснага харчавання і сродкаў гігіены.

Украінскія дзеці прыбылі ў Польшчу напрыканцы лютага і пачатку сакавіка бягучага года, то бок на пачатку расійскай вайны ва Украіне:

- Здароўе дзяцей было ў дрэнным стане. Шмат з іх ніколі не было ў стаматолага, шмат змагалася з дэрматалагічнымі захворваннямі. Усім гэтым трэба было заняцца. Трэба было працаўладкаваць выхаваўцаў. Ажыццявіць новы падыход да дзяцей. Мы прытрымліваемся прынцыпу супрацы, якая абапіраецца на сувязі, а не сістэму караў. Гэтая адаптацыя працягваецца да гэтай пары і вынікі бачныя.

Апрача ўкраінскіх выхаваўцаў зараз дзецьмі з Украіны апякуюцца таксама асобы працаўладкаваныя ў Польшчы:

- Мы таксама. У нас з дзецьмі ўзніклі вельмі сардэчныя адносіны. Дзякуючы заангажаванню ЮНІСЕФ, зараз дзяцей перасяляюць з вялікіх будынкаў у аднасямейныя дамы, дзе групы значна меншыя, а дзеці змогуць адчуваць сябе, у нейкай ступені, як дома. Мы спадзяемся, што падыход, які мы прасоўваем, то бок індывідуальны падыход да дзяцей, будзе там працягвацца.

Прэзідэнцкая ўзнагарода «За агульнае дабро» прысуджаецца за працу ў цэлым. Нагадваю, штодня Фонд « Дзіця і сям’я» дапамагае біялагічным сем’ям атрымаць назад апеку над дзецьмі, змешчанымі ў дзіцячых дамах і прыёмных сем’ях. Варта дадаць, што Вы многія гады змагаліся за ліквідацыю ў Польшчы ўстановаў, якімі з’яўляюцца буйныя дзіцячыя дамы і змяшчэнне дзяцей у прыёмныя сем'ях, дзе атмасфера максімальна нагадвае сямейную:

- Паводле мяне, дзеці не развіваюцца правільна без блізкіх кантактаў з дарослымі, то бок без сям’і. Таму я і мая жонка, прысвяцілі жыццё на дапамогу біялагічным сем’ям, якія маюць шанец на тое, каб дзіця магло да іх вярнуцца з дзіцячага дому ці прыёмнай сям’і. Кожны такі паспяховы выпадак – гэта для нас шчасце. Гэта складаная справа ў сувязі з характарам усёй сістэмы ў Польшчы і складанай супрацы паміж сістэмай прыёмных сем’яў і сістэмай падтрымкі сям’і. Мы рыхтуем выхаваўцаў па ўсяе Польшчы. Я хацеў бы, каб таксама ўкраінскія дзеці не былі прымушаныя пражываць у такіх вялікіх групах, але гэта не такая простая справа.

Факт, што дзіця дарастае ў нармальнай сям’і вырашае пра жыццё чалавека ў дарослым жыцці, нагадвае Тамаш Палькоўскі:

- Гэта настолькі важнае, паколькі кшталтуе развіццё мозгу. Сератанін, аксітацын, якія вытвараюцца ў мозгу, калі чалавек працягвае блізкія адносіны з іншымі, уплываюць на яго развіццё. Калі дамінуе картызол, то мозг чалавека развіваецца інакш. Такім людзям не хапае рацыяналізацыі, яны абапіраюцца выключна на простыя эмоцыі, маюць праблемы ў кантактах з іншымі людзьмі.

Ці дзецям з Украіны ўдасца загарантаваць такія ўмовы, якія дазволяць ім забыць пра ваенны досвед:

- Я думаю, што гэтыя дзеці не абавязкова вернуцца ва Украіну, паколькі канец вайны не бачны. Таму мы ў Польшчы павінны загарантаваць ім як найбольш сямейныя ўмовы жыцця. Зараз Лодзь далучаецца да праграмы па стварэнні ўкраінскіх прыёмных сям’яў у Польшчы, каб не паланізаваць маладых украінцаў – каб яны засталіся ў сваім культурным і моўным асяроддзі. Таму мы хочам рыхтаваць украінскія сем’і, якія прыехалі ў Польшчу, каб яны апекаваліся ўкраінскімі дзяцьмі і гарантавалі ім самае найважнейшае – любоў.

- сказаў старшыня фонду «Дзіця і сям’я» Тамаш Палькоўскі – лаўрэат прэзідэнцкай узнагароды «За агульнае дабро» ў катэгорыі «Чалавек-лідар».

Эва Плісецка/аз