З увагі на вайну ва Украіне сёлета дапамога ўкраінскім уцекачам стаіць побач з патрэбамі найбяднейшых палякаў.
Першая праграма Польскага радыё штогод праводзіць дабрачынную акцыю «Ялінкі Адзінкі», сёлета 21-ы раз. Сродкі збіраюцца для фонду Анны Дымнай «Нягледзячы ні на што». Да пятніцы ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё прадаюцца калядныя карціны, намаляваныя выдатнымі дзеячамі свету культуры, забавы, навукі і спорту. На працягу першых двух дзён удалося сабраць 34 225 злотых. Дырэктар Першай праграмы Марцін Кусы па-ранейшаму заклікае слухачоў да шчодрасці:
- Мы заўсёды можам разлічваць на нашых слухачоў. Спадзяюся, вам спадабаюцца і карціны, і прадметы, якія можна купіць. Прымайце ўдзел у аўкцыёнах, выберыце сабе нейкую мэту, а потым адкрывайце свае сэрцы і гаманцы, не шкадуйце. Усе сабраныя сродкі мы цалкам перадаем у фонд Анны Дымнай.
Маляваныя карціны і каштоўныя рэчы, падораныя дарослымі сябрамі Адзінкі, будуць выстаўленыя на аўкцыёне да пятніцы. Сярод іх, напрыклад, карціна, намаляваная 17-гадовай украінкай Таццянай. Яна падарыла гэты твор першай лэдзі Агаце Корнхаўзэр-Дудзе ў знак удзячнасці ўкраінцаў палякам, якія далі прытулак сваім украінскім суседзям.
З малатка пойдуць карціны, намаляваныя гуртом Blue Café, журналісткай Дамінікай Чосіч, вакалісткай Вікі Габар і Дзяржаўным ансамблем народнай песні і танца «Мазоўша», а таксама каштоўныя рэчы, ахвяраваныя, між іншым, Юстынай Стэчкоўскай і Поштай Польскай. Сабраныя грошы пойдуць у фонд «Нягледзячы ні на што» і на дапамогу ўкраінцам, якімі фонд апякуецца.
30-ты раз ладзіцца кампанія «Дапамажы дзецям перажыць зіму», ініцыяваная Польскім радыё Люблін. У апошнюю суботу лістапада адбыўся вялікі вулічны збор дароў, падчас якога было сабрана больш за 8 тон харчоў, вопраткі, цацак, бытавой хіміі і касметыкі.
Кампанія «Дапамажы дзецям перажыць зіму» сёлета падтрымлівае і ўкраінскіх бежанцаў. Аказаць дапамогу трэба каля 100 сем'ям. Ксёндз Стэфан Батрух расказвае, што ўцекачы змагаюцца, між іншым, з фінансавымі праблемамі.
-Вельмі часта гэта мамы, мужы якіх, ці нехта вельмі блізкі застаецца на фронце, а нават страцілі сваіх родных. Увесь цяжар утрымання сям’і кладзецца на мам. Ёсць патрэба ў зімовай вопратцы. Многія просяць школьныя прыналежнасці. Ёсць нават тыя, хто не ў стане забяспечыць сябе асноўнымі харчовымі прадуктамі.
«Дапамажы дзецям перажыць зіму» – гэта збор прадуктаў з доўгім тэрмінам прыдатнасці, адзення, мыйных сродкаў, прысмакаў і цацак для семʼяў, якія жывуць у нястачы. У рамках акцыі не збіраюць фінансавыя сродкі.
Адной з самых маштабных дабрачынных акцый у снежні зʼяўляецца «Шляхетная пасылка». Пасылкі з матэрыяльнай дапамогай, падрыхтаваныя донарамі, валанцёры перадаюць семʼям, якія адпавядаюць патрабаванням праекта. На старонцы акцыі кожны жадаючы можа выбраць асобу ці сямʼю, патрэбы якой падрабязна апісаныя. Звычайна, адной сямʼёй апякуецца група людзей, напрыклад, садок, школа, працаўнікі фірмы, група знаёмых.
Рэгіянальны каардынатар «Шляхетнай пасылкі» Бажэна Байгер-Бадура заахвочвае арганізоўвацца групамі з сябрамі, бо гэта самы просты спосаб сабраць усе неабходныя рэчы.
-Калі мы чытаем спіс патрэбных рэчаў, то ён сапраўды можа здавацца непад’ёмным. Але, пасылкі ніколі не рыхтуе адзін чалавек. Варта аб’ядноўвацца, размаўляць са знаёмымі. Я сама размаўляла з некалькімі людзьмі, яны казалі, што хацелі б дапамагчы, але баяліся, што не здолеюць. Але разам мы можам больш. Гісторыі нашых сем'яў часта вельмі цяжкія. Гэта асобы паўкрыджаныя, вельмі хворыя, часта вельмі самотныя, ім няма з кім сесці за вігілійны стол. Таму так важна ім дапамагчы, даць надзею.
Паводле справаздачы аб беднасці, апублікаванай «Шляхетнай пасылкай», амаль 2,5 мільёна чалавек у Польшчы жывуць у будынках з цякучымі дахамі і без герметычных вокнаў. Тры працэнты хатніх гаспадарак не маюць вадаправода.
Арганізатары дабрачынных акцый падкрэсліваюць, што сёлета, нягледзячы на эканамічны крызіс і складаны час, сэрцы палякаў шырока адчынены.
ав
слухайце аўдыё