Беларуская Служба

У Польшчы затрыманыя ўжо амаль 700 арганізатараў перавозу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы

12.12.2022 14:34
Для арганізатараў такіх перавозаў гэта надзвычай прыбытковы бізнес, а затрыманні Еўраполу – гэта вяршыня айсбергу. 
.
.фота: Памежная служба Польшчы

У Польшчы затрыманыя ўжо амаль 700 арганізатараў перавозу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы, сярод іх псеўдазаўзятары, піша сённяшняя «Rzeczpospolita». Некалькі дзён таму Еўрапол разбіў арганізаваную міжнародную злачынную групу, якая з 2021 году займалася нелегальнай перавозкай мігрантаў з Блізкага Усходу ў Еўропу. Ірацкія мігранты найперш траплялі ў Расію праз Турцыю, потым у Беларусь, каб праз межы з Польшчай, Літвой і Латвіяй трапіць у Германію ці Фінляндыю.

У апошнія месяцы Еўраполам затрыманыя былі 66 чалавек, у тым ліку 11 з Польшчы, якія былі звязаныя з асяроддзем сілескіх псеўдазаўзятараў. Некалькі дзён таму быў затрыманы ўладальнік транспартнай фірмы з Беластоку, які прадастаўляў свае таксоўкі для перавозкі нелегальных мігрантаў. Толькі гэтая група зарабіла 16 млн еўра.

Разбітая Еўраполам структура дзейнічала як мафія. Кожны меў сцісла прыпісаную яму ролю, а большасць членаў нават не была знаёмая. Грашовыя пералікі адбываліся праз падпольную фінансавую сістэму і пры выкарыстанні крыптавалют. Пасярэднікі плацілі кіроўцам на аснове здымку мігрантаў у канчатковым пункце.

Для арганізатараў такіх перавозаў гэта надзвычай прыбытковы бізнес, а затрыманні Еўраполу – гэта вяршыня айсбергу. Паводле польскай Памежнай службы, сёлета ў Польшчы затрыманыя 350 арганізатараў і іх памагатых. У мінулым годзе – 270. У арышт сёлета трапілі 136 падазраваных у арганізацыі нелегальнай міграцыі, у мінулым – 66.

Гэта доказ таго, што польскія суды сур’ёзна падыходзяць да гэтых злачынстваў, піша «Rzeczpospolita». У мінулым годзе ў арышт трапілі 25% затрыманых, у бягучым – 40%.

ав/«Rzeczpospolita»