Беларуская Служба

Польскі ўрад вырашыў дапамагчы маладым у набыцці першай кватэры

03.01.2023 16:41
Жыллё ў краіне настолькі дарагое, што шмат маладых сем’яў можа толькі марыць пра ўласную кватэру. 
Аўдыё
Minister rozwoju i technologii: program Pierwsze mieszkanie będzie jak 500+
Minister rozwoju i technologii: program "Pierwsze mieszkanie" będzie jak 500+ Grand Warszawski / Shutterstock.com

У Польшчы пачынае дзейнічаць новая дзяржаўная праграма, якая дапаможа маладым людзям выплачваць крэдыт на жыллё. Згодна праграме «Першая кватэра», людзі да 45 году жыцця змогуць набыць першае ў сваім жыцці жыллё паводле льготных умоваў. Гэта крэдыт пад вельмі нізкую стаўку ў 2% гадавых на працягу 10 гадоў. Такое льготнае жыллё можна набываць як на першасным, так і другасным рынку. Прынцып дзейнасці праграмы вельмі просты – дзяржава бярэ на сябе розніцу паміж рынкавай стаўкай крэдытаў і стаўка ў 2%, якая фігуруе ў праграме, – тлумачыць міністр развіцця і тэхналогій Вальдэмар Буда.

- Гэта будзе розная сума ў розных гадах. На дадзены момант сярэдняя рынкавая стаўка па крэдыце – 7,75%. Адпаведна, дзяржава бярэ на сябе выплату 5,75% ад крэдыту (7,75% мінус 2%). Варта адзначыць, што мы прапануем, каб крэдыт, які ўдзельнікі праграмы будуць браць на пакупку кватэры, быў паводле пастаяннай працэнтнай стаўкі, каб яна не мянялася на працягу 10 гадоў вяртання пазыкі. Як узяць такі льготны крэдыт? Сістэма простая. Кожны зможа звярнуцца ў банк, які сам абярэ. Мы намераны падпісаць дагаворы з усімі банкамі, якія выдаюць іпатэчныя крэдыты. Кліент, канешне, будзе кіравацца між іншым стаўкай валавой рэнтабельнасці крэдыту, паколькі яе каэфіцыент розны ў розных банках, а ад яе залежыць памер месячнай раты пазыкі. Калі банк адобрыць далучэнне да праграмы, тады кліент купляе кватэру, плаціць за яе і выплачвае штомесяц не цэлую рату крэдыту, а толькі яе частку, а астатнюю плаціць банк, з якім дзяржава падпісала дагавор на ўдзел у праграме (Банк нацыянальнай гаспадаркі – Bank Gospodarstwa Krajowego). Кліент, у прынцыпе, гэтага працэсу не бачыць. І так на працягу 10 гадоў.

Паводле падлікаў урадавых экспертаў, праграмай скарыстаецца каля 30-40 тысяч асоб на працягу першага года пасля яе ўвядзення, а пазней нават да 100 тыс. А якая група жыхароў Польшчы зможа ўзяць такі льготны крэдыт?

- Справа вельмі простая. Гэта крэдыт для тых, хто яшчэ па нейкай прычыне не змог купіць сабе першую кватэру. Верхняя мяжа ўзросту – 45 гадоў. Дарэчы, гэта вельмі сімвалічная мяжа. Мы не хацелі, каб здарылася сітуацыя, што пенсіянеры захочуць браць льготны крэдыт, паколькі яны не атрымалі б згоды банку. Да 45 гадоў рэальна атрымаць доўгатэрміновы іпатэчны крэдыт. Удзельнік праграмы павінен мець крэдытаздольнасць паводле рынкавых прынцыпаў. Мы не маглі дапусціць сітуацыі, каб крэдыты атрымлівалі людзі, якія не ў стане такой пазыкі вяртаць. Гэта было б праблема.

Льготны крэдыт можа ўзяць як адзінокая асоба, так і сям’я. Для аднаго чалавека прадбачаны меншы ліміт крэдыту, – адзначае міністр.

- Адзінокія – канешне ж, так, для іх уведзены крыху ніжэйшы ліміт – 500 тыс злотых. У большасці гарадоў гэтай сумы дастаткова, каб узяць крэдыт. Гэта толькі памер крэдыту, акрамя таго, нехта можа мець і ўласныя ашчаднасці, якія ўкладзе ў кватэру. Сям’я або бацька ці маці, якія самастойна выхоўваюць дзіця, могуць узяць большы крэдыт (да 600 тыс). Мы стараліся максімальна спрасціць прынцыпы праграмы, каб льготны крэдыт быў даступны максімальнай колькасці жыхароў краіны. У Польшчы для большасці людзей уласная кватэра – гэта вельмі важна, уласнае жыллё дазваляе рабіць планы на будучыню. Як правіла людзі пачынаюць самастойнае жыццё з думкі пра ўласную кватэру, нават самую маленькую. Ёсць дзяржавы, дзе большасць жыхароў здымае кватэру, а не імкнецца мець уласную. У Польшчы інакш, тут яшчэ адносна невялікі рынак арэнды кватэр, яны дарагія. У нас назіраецца вялізная розніца ў маёнтках тых, хто мае ўласную кватэру і тых, хто кватэру здымае. І гэтая розніца пастаянна расце. Таму, чым больш людзей зможа набыць уласнае жыллё, тым лепш.

Калі хтосьці не зможа адразу ўзяць крэдыт з-за малых даходаў, ён, у рамках праграмы, зможа эканоміць на «Жыллёвым рахунку». На рахунку можна збіраць на ўласную кватэру ад 3 да 10 гадоў. Штомесяц, за выключэннем аднаго месяца ў годзе, неабходна ўносіць плаціць на рахунак суму ад 500 злотых да 2000 злотых. Штогод дзяржава будзе выплачваць прывабную жыллёвую надбаўку да сабраных зберажэнняў, роўную гадавой інфляцыі або каэфіцыенту змены цаны квадратнага метра жылля.


Прадаўцы, якія працуюць на 7 найбуйнейшых рынках Польшчы, прадалі ў 2022 годзе 40,9 тыс. кватэр – гэта на 38% менш у параўнанні з аналагічным перыядам годам раней.

«2022 год адзначыўся відавочным запаволеннем на першасным рынку жылля. Назіралася штомесячнае зніжэнне колькасці здзелак, якое дасягнула свайго мінімуму, па дадзеных Otodom Analytics, у жніўні мінулага года (2,2 тыс). У выніку гадавы аб'ём продажаў упаў на 38%, паколькі ў 2021 годзе было прададзена больш за 65,5 тыс. кватэр», – гаворыцца ў справаздачы Otodom, апублікаванай у панядзелак. Дадзеныя ў справаздачы ўзятыя з сямі найбуйнейшых рынкаў жылой нерухомасці, гэта значыць, Варшавы, Кракава, Вроцлава, Труймяста, Познані, Лодзі і Катавіцэ.

У дакладзе гаворыцца, што ў 2023 годзе падзення коштаў не будзе, прынамсі, не ў такім маштабе, як жадаюць пакупнікі. Хаця, адзначаецца, што рост коштаў быў ніжэйшы за інфляцыяй і склаў 9 адсоткаў. Сярэдняя цана 1 квадратнага метра кватэры ў забудоўшчыка на ўсіх 7 вышэйназваных рынках на канец снежня 2022 года склала 11,8 тыс. злотых. У снежні 2021 года гэты кошт быў на 1000 злотых ніжэйшы.

«Найбольшы рост коштаў адбыўся ў Варшаве. Тут сярэднія цэны даступных для пакупкі кватэр у канцы 2022 года былі на 14% вышэйшыя, чым у мінулым годзе. Двухзначны рост таксама быў зафіксаваны ў Катавіцэ (12%) і Познані (11%). Менш за ўсё цэны выраслі ў Кракаве (5%) і Лодзі (6%). Гэта азначае, што кватэра ў Варшаве цяпер каштуе ў сярэднім на 1700 злотых даражэй, чым год таму. У Кракаве «толькі» на 550 злотых даражэй, – гаворыцца ў паведамленні.

Аўтары дакладу адзначаюць, што важнейшым фактарам, які будзе ўплываць на цэны кватэр у Польшчы, застанецца вайна ва Украіне. Ад ходу канфлікту залежаць кошты сыравіны і пачуццё бяспекі, а таму і ўзровень інвестыцый у краіне. Акрамя таго, у выніку ваенных дзеянняў у Польшчу прыедзе або з яе выедзе вялікая колькасць украінскіх бежанцаў, ад лічбы якіх таксама залежыць попыт на рынку жылля. Другім фактарам, які фармуе ўзровень коштаў, могуць стаць парламенцкія выбары ў краіне.

І Канал Польскага радыё/нг