«Калі жаўнеры ідуць на штурм, мы з медыцынскім заплечнікам ідзем з імі. Калі яны два-тры дні абараняюць свае пазіцыі, мы таксама там», – расказвае кіраўнік групы «W międzyczasie» Дам'ян Дуда ў інтэрвʼю PAP.pl. Гэта адна з груп польскіх баявых медыкаў, якія зараз дзейнічаюць ва Украіне.
«Вайна – гэта хаос. Тут няма ні чорнага, ні белага. Ёсць шмат адценняў шэрага», – кажа Дамʼян Дуда. Ні адзін дзень выратавальніка не бывае аднолькавым. Рытм вызначае канкрэтная задача. «Вельмі часта мы сядзім з салдатамі ў акопах. Чакаем, што будзе», – расказвае ратавальнік. Яны таксама суправаджаюць украінцаў падчас штурмавых дзеянняў: «Калі вайскоўцы ідуць на штурм, то мы з аптэчкай ідзем з імі. Калі яны два-тры дні абараняюць пазіцыі, мы таксама там».
Дамʼян Дуда тлумачыць, што ва Украіне працуе шмат польскіх і замежных груп медыкаў. «W międzyczasie», аднак, зʼяўляецца адзінай камандай, якая працуе ў самых небяспечных месцах.
«Астатнія не ўваходзяць у нулявую кропку, яны спыняюцца ў кропках стабілізацыі. Мы, калі спатрэбіцца, будзем працаваць у пекле толькі для таго, каб выцягнуць з яго як мага больш параненых салдат», – дадаў Дуда.
«Мы не лічым, колькі людзей загінула. Мы не лічым, колькі людзей удалося выратаваць. Гэта нармальна, што частка параненых сыдзе. Адзінае, што мы можам зрабіць у такім выпадку, гэта падбадзёрыць іх. Калі яны чуюць нас, то ўсведамляюць, што яны не самотныя», – зазначыў ратавальнік.
Дамʼян Дуда расказвае, што ратавалі яны і расіян. Іх добра даглядаюць, таму што гэта спосаб паказаць, што «мы не забіваем палонных і што мы паважаем міжнароднае гуманітарнае права ўзброеных канфліктаў. Палонныя салдаты становяцца разменнай манетай падчас абмену палоннымі».
Самыя ж расіяне неаднаразова даказвалі, што ім пляваць на жыццё медыкаў, якія працуюць ва Украіне. Тыдзень таму быў абстраляны аўтамабіль групы «W międzyczasie», дадае Дамʼян Дуда.
ав