Беларуская Служба

Пісьменніца Анета Прымака-Онішк: Сярод «выклятых жаўнераў» ёсць сапраўдныя героі і памяць пра іх яднае, а ўшанаванне Райса – дзеліць

01.03.2023 15:52
1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці «выклятых жаўнераў» – герояў антыкамуністычнага падполля.
Аўдыё
  • Падляшская пісьменніца Анета Прымака-Онішк: Сярод выклятых жаўнераў ёсць сапраўдныя героі і памяць пра іх яднае, а ўшанаванне Райса – дзеліць
 .             ,  2020 .
Прэзідэнт А.Дуда аддае пашану ахвярам збройнага падполля атраду Рамуальда Райса "Бурага" у беларускай вёсцы Залешаны, чэрвень 2020 г. Крыніца: https://www.prezydent.pl/aktualnosci/wizyty-krajowe/art,549,andrzej-duda-z-wizyta-na-podlasiu-na-zaproszenie-mniejszosci-bialoruskiej.html

1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці «выклятых жаўнераў» – герояў антыкамуністычнага падполля, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы з 1944 па 1963 гады, аказваючы ўзброены супраціў савецкай акупацыі і камуністычнай уладзе, навязанай Савецкім Саюзам.

Гэтая памятная дата яднае аднак не ўсіх жыхароў Польшчы. У шэрагах «выклятых жаўнераў» быў, у тым ліку, Рамуальд Райс (мянушцы «Буры». – Рэд.). 29 студзеня 1946 атрад польскага ўзброенага падполля пад кіраўніцтва Райса спаліў вёску Заляшаны. У выніку карнай акцыі, скіраванай супраць беларускага праваслаўнага насельніцтва, загінула 16 чалавек, сярод якіх былі жанчыны і дзеці. На жаль, падобныя гісторыі неаднаразова здараліся ў пасляваенныя гады на Падляшшы.

Падляшская журналістка, даследчыца рэгіёну, аўтарка вядомай кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» Анета Прымака-Онішк (Aneta Prymaka-Oniszk) працуе над чарговым  творам, прысвечаным ваенным падзеям у сваёй роднай вёсцы Кнышэвічы і ваколіцах.

Яна распавяла Беларускай рэдакцыі пра працу над гэтым творам, а таксама пра тое, як працуе механізм памяці «выклятых жаўнераў» на Падляшшы і ва ўсёй Польшчы.

– Цяпер працую над кнігай, прысвечанай ваеннай і пасляваеннай гісторыі маёй вёскі. Мой дзед быў забіты ў 1945 годзе ў траўні. Забіты пры нявысветленых абставінах. І ў сваёй кнізе я намагаюся зразумець, што адбылося. Я ведаю, што фактычна яго забілі суседзі, з якімі яны жылі, і не ведалі бяды. Гаворка ідзе пра Кузьніцу і ваколіцы.

Насельніцтва было вельмі разнастайнае, большасць – беларусы, таксама было шмат палякаў і габрэяў. Намагаюся зразумець, як так сталася, што суседзі пачалі забіваць суседзяў. На жаль на Беласточчыне гэта была сістэмная праблема, здаралася шмат падобных гісторый. І я імкнуся паказаць шырэйшы кантэкст тых падзеяў на Беласточчыне для ўсіх нацыянальнасцяў, якія жылі на гэтай зямлі.

Нагода для нашай размовы – Нацыянальны дзень памяці «выклятых жаўнераў». На Падляшшы частка з іх аказаліся злачынцамі, якія забівалі мірных жыхароў іншай веры і мовы, але, якія былі іх суседзямі, з кім жылі побач. Падчас працы над сваёй кнігай да якіх высноў вы прыходзіце?

– Гэта вельмі складанае пытанне, неадназначнае пытанне. Такіх прыкладаў у ХХ стагоддзе і не толькі на Падляшшы, а ва ўсё нашай частцы Еўропы было шмат. Калі гаворка ідзе пра наш рэгіён, у міжваеннай Польшчы беларусаў дыскрымінавалі па нацыянальнай прыкмеце, калі прыйшлі саветы ім дазволілі пайсці ў сельсаветы іншыя адміністрацыйныя органы, што выклікала незадаволенасць і страх мясцовых палякаў і г.д.

Ліхалецце вайны, Халакост, стэрыятыпнае мысленне – усё гэта ўплывала на стан грамадства, прывяло да вялікай дэмаралізацыі і абясцэньвання чалавечага жыцця. Таксама варта прыгадаць важны гістарычны аспект. На моцы пагаднення паміж СССР і ПНР адбываўся абмен насельніцтвам – палякаў высялялі ў Польшчу, а беларусаў – у  БССР. Дарэчы, гэта была рэгулярная практыка ў Еўропе ў той час і тычылася не толькі СССР і Польшчы. Такім чынам намагаліся пазбегнуць войнаў у будучыні. Добрай мэты намагаліся дасягнуць жахлівымі сродкамі.

І гэта таксама заахвочвала ўчыняць карніцкія акцыі ў дачыненні да беларусаў, каб яны хутчэй пакінулі Польшчу, выехалі  да свайго «раю». Я намагаюся зразумець гэта, але добрых адказаў няма. У сваё кнізе я не назву кагосьці «добрым» ці «кепскім», часы былі вельмі складаныя і адназначных адказаў няма, я паказваю лёсы звычайных людзей у вельмі заблытаных гістарычных абставінах.

Як у кантэксце гэтай памятнай тады, прысвечанай Выклятым жаўнерам, належыць выконваць памяць пра іх на Падляшшы і агулам у Польшчы?

– Трэба памятаць і распавядаць, як было на самой справе. Трэба глядзець на гістарычныя падзеі з розных бакоў. Мы на жаль, часта глядзім на іх праз прызму міфаў, якія ствараюць як палякі так і беларусы. Міфы патрэбныя, але часта яна скажаюць рэчаіснасць. Для беларусаў Падляшша 1 сакавіка – смутны дзень. Бо да ліку герояў залічаныя забойцы нашых родных, і не толькі беларусаў, літоўцаў, украінцаў, габрэяў і палякаў.

Але сярод выклятых жаўнераў большасць – гэта сапраўдныя героі, якія не маюць на сваіх руках крыві нявінных мірных жыхароў, яны цаной сваіх жыццяў змагаліся за свабоду Бацькаўшчыны, напрыклад, Вітольд Пілецкі, ці Эміль Фільдорф «Ніл». Гэта выдатны прыклад, пра іх трэба памятаць, яны яднаюць нас. Такая памяць вельмі важная. Але і ў мінулую суботу ў Гайнаўцы на Маршы памяці па ахвярам Райса, апроч мясцовых жыхароў, было шмат палякаў, якім не патрэбны «герой» Рамуальд Райс. Яны хочуць памятаць «выклятых жаўнераў», якія нас аб’ядноўваюць. (...)

Слухайце аўдыё!

эж


Гайнаўка падзеленая памяццю

24.02.2020 16:15
Як трэба ўшаноўваць памяць, хто гэтага заслугоўвае, а хто не, і што рабіць, калі для розных людзей адна і тая асоба з'яўляецца героем і злачынцам?

Ахвяры атраду капітана Райса ўнесеныя ў лік святых

04.08.2020 14:17
Былі яны далучаныя да ліку Мучанікаў Зямлі Холмскай і Падляскай.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўкленчыў перад ахвярамі «выклятых жаўнераў»

08.06.2021 12:30
Прэзідэнт Дуда наведаў вёску Залешаны, дзе аддаў даніну павагі яе жыхарам - беларусам, забітым у 1946 годзе жаўнерамі польскага падпольнага падраздзялення Рамуальда Райса «Бурага».