Беларуская Служба

Польскія школы паступова адмаўляюцца ад расійскай мовы

02.03.2023 10:03
Хоць згаданая тэндэнцыя пакуль не мае рашучага характару, то яна заўважная.
Здымак мае ілюстрацыйны характарstock.adobe.com

У польскіх школах расійскую мову зараз вывучаюць больш за 203 тысячы вучняў. Гэта крыху менш, чым год таму. Хоць згаданая тэндэнцыя пакуль не мае рашучага характару, то яна заўважная, канстатуе Rzeczpospolita.

Паводле звестак Міністэрства адукацыі і навукі, у бягучым навучальным годзе заняткі па расійскай мове прапануюць 2 494 установы – 25 дзіцячых садкоў, 1 136 базавых школаў і 1 333 сярэднія школы. Гэта на 113 установаў менш, чым у мінулым годзе – тады гэта былі 2 607 школаў.

Адпаведна ў бягучым навучальным годзе расійскую мову вывучаюць 203 523 вучнi. Летась іх было 217 245. Згаданая тэндэнцыя адлюстроўваецца таксама ў колькасці настаўнікаў расійскай мовы, працаўладкаваных у польскіх школах. Сёлета ў школах у Польшчы працуе 2 286 настаўнікаў гэтай мовы, летась іх было 2 440.

Rzeczpospolita нагадвае, што ў часы Польскай Народнай Рэспублікі расійская мова была абавязковай у польскіх школах, а з пачатку 1990-х гадоў яе паступова пачалі замяняць заходнія мовы – нямецкая, французская, італьянская і іспанская. Але не ўсюды.

Паводле дадзеных, часцей вывучаць расійскую мову вырашаюць вучні са школаў на ўсходзе Польшчы.
«Міністэрства адукацыі і навукі не мае намеру ўмешвацца ў рашэнні, якія павінны прымацца на мясцовым узроўні, улічваючы арганізацыйныя і кадравыя магчымасці», – кажа прэс-сакратар ведамства Адрыяна Цалус-Поляк. Яна дадае, што ў Польшчы абмежаванні па выбару замежнай мовы дзейнічаюць выключна ў выпадку іспытаў васьмікласнікаў і атэстату сталасці. Згаданыя экзамены праводзяцца выключна па шасці самых папулярных сучасных замежных мовах. Гаворка ідзе пра ангельскую, нямецкую, французскую, іспанскую, расійскую і італьянскую мовы.

аз