Сёння першы поўны дзень астралагічнага лета. Яно пачалося ўчора 21 чэрвеня ў 16:58, калі Сонца ўвайшло ў так званую кропку Рака. Сёння таксама самы доўгі дзень году – Сонца ў небе 16 гадзін 17 хвілін. З сёння паціху дзень будзе скарачацца, а ноч даўжэць аж да снежня, калі нас чакае самая доўгая ноч – амаль 16 гадзін.
Прэс-сакратар Інстытута метэаралогіі і воднай гаспадаркі Гжэгаж Валіеўскі паведаміў, што сёлета чакаецца вельмі цёплае лета з сярэдняй тэмпературай паветра вышэй за норму.
- Кліматолагі кажуць, што ў летнія месяцы ў Польшчу будуць часта прыходзіць хвалі трапічнага паветра з тэмпературай нават 34 градусаў Цэльсія. Як кажуць кліматолагі, ліпень і жнівень па сярэдняй тэмпературы павінны быць вышэй нормы, а нормы разлічаны на аснове апошніх 30 гадоў.
Гжэгаж Валіеўскі не выключае, што сёлета будзе пабіты цеплавы рэкорд для Польшчы.
- Кліматолагі прагназуюць, што тэмпература ў 40 градусаў па Цэльсію з'явіцца ў Польшчы, але ці будзе гэтым летам – цяжка вызначыць. Нагадаю, год таму 40 градусаў зафіксавана ў Германіі, Бельгіі і Вялікабрытаніі. Кліматолагі лічаць, што пытанне не ў тым, ці рэкорд зʼявіцца але калі ён зʼявіцца?
Тэмпературны рэкорд для Польшчы быў зафіксаваны больш за 100 гадоў таму – 29 ліпеня 1921 года: у Прушкаве каля Аполя на паўднёвым захадзе Польшчы тэмпература дасягнула 40,2 градуса. Летам мінулага года самае высокае азначэнне тэмпературы паветра было зафіксавана ў Слубіцах у заходняй Польшчы і склала 38,3 градуса.
яс