Беларуская Служба

У цэнтры Варшавы падчас археалагічных раскопкаў знаходзяць новыя артэфакты

13.07.2023 12:32
Археалагічныя раскопкі працягнуцца да канца года.
У цэнтры Варшавы падчас археалагічных раскопкаў знаходзяць новыя артэфактыMateriały prasowe / Sławomir Kuliński

Гістарычная балюстрада, шкляная чарніліца міжваеннага перыяду і польскі шлем 1931 года – гэта толькі некаторыя прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак на месцы былога Саксонскага палацу ў цэнтры Варшавы, дзе ўлады плануюць аднавіць палац. Археалагічныя раскопкі працягнуцца да канца года.

Прэс-сакратар кампаніі, якая рыхтуе тэрыторыю для адбудовы палацу Славамір Кулінскі паведаміў, што на месцы працуюць сапёры:

- Ваенных прадметаў напэўна будзе яшчэ больш. Падчас першай сапёрскай праверкі было знойдзена некалькі дзясяткаў гільзаў і патронаў для вінтоўкі тыпу Маузер нямецкай вытворчасці з перыяду  1917-18 гг., а таксама для польскіх карабінаў са зброевага складу ў Скаржыска-Каменна і складу Норбліна ў Варшаве з адціснутым арлом – гэта каштоўныя для нас рэчы. Ваенных артэфактаў напэўна яшчэ будзе шмат, таму сапёры тут пастаянна на месцы.

Для археолагаў вялікай нечаканасцю з'яўляецца таямнічы тунэль, якога няма ні на картах, ні на запісах.

Пасля кансервацыі знойдзеныя артэфакты трапяць у Каралеўскі музей Лазенкі, Дзяржаўны археалагічны музей, Музей Варшавы і Музей Варшаўскага паўстання. Найбольш цікавыя экспанаты будуць выстаўлены на плошчы Пілсудскага, дзе цяпер вядуцца раскопкі.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка