Беларуская Служба

Пакаленне Z хоча засноўваць прафесійныя саюзы і змагацца за свае правы

19.09.2023 18:29
Гэта людзі, якія вучацца на памылках і дасягненнях папярэдніх пакаленняў і жадаюць паўплываць на ўмовы сваёй працы.
Аўдыё
  • Маладыя людзі хочуць змагацца за свае правы.
 .       ,     , ,  .
Ілюстрацыйны здымак. Маладыя людзі хочуць засноўваць прафсаюзы нават там, дзе іх раней не было, напрыклад, у кавярнях.Фота: shutterstock.com

Пажылыя людзі часта скардзяцца на моладзь – маўляў, маладыя не ведаюць жыцця, не хочуць думаць пра надзённыя справы. Аднак ёсць рысы, прысутныя сучасным маладым людзям, якім варта было б павучыцца таксама старэйшым. Напрыклад, маладыя цяпер значна лепш ведаюць свае правы, чым папярэднія пакаленні. Гэта таксама датычыць правоў на рынку працы. Многія маладыя супрацоўнікі хочуць належаць да прафсаюзу. 

Даследаванні людзей, якіх называюць «пакаленнем Z», правёў Цэнтр амерыканскага прагрэсу. Ён паведамляе, што гэтыя асобы з’яўляюцца найбольшымі прыхільнікамі прафсаюзаў. Прадстаўнікі пакалення Z хочуць адстойваць свае правы на рынку працы. У тым ліку, яны засноўваюць прафсаюзы ў тых месцах, дзе гэтага яшчэ ніхто не рабіў.

Пакаленне Z – гэта самае маладое пакаленне на рынку працы (звычайна «зэткамі» называюць людзей, якія нарадзіліся паміж 1996 і 2010 гадамі). Гэта група, якая ведае свае правы і хоча клапаціцца аб сваіх інтарэсах, незалежна ад кампаніі, на якую працуе. Моладзь таксама клапоціцца пра добрыя ўмовы працы, таму што ёй неабходная фінансавая бяспека. Аказваецца, самае маладое пакаленне дарослых – гэта таксама група людзей, якія часцей за іншыя пакаленні пазычае грошы: яны бяруць студэнцкія крэдыты, камерцыйныя пазыкі на новы тэлефон ці на выезд у адпачынак.

Вераніка Пушкар з Чацвёртай праграмы Польскага радыё запытала пра маладое пакаленне і яго стаўленне да прафсаюзаў Ганну Оршаг-Штуро (Hanna Országh-Szturo) з Інкубатара Варшаўскага ўніверсітэту. Паводле яе меркавання, пакаленне Z – гэта людзі, якія вучацца на памылках і дасягненнях папярэдніх пакаленняў і жадаюць паўплываць на ўмовы сваёй працы. Між іншым, яны зрабілі высновы са зменаў на рынку працы, якія выклікала пандэмія каранавіруснай інфекцыі.

Пандэмія паказала моладзі, як лёгка можна страціць працу, а працаўнік нічога не можа зрабіць. Пакаленне Z – гэта тое пакаленне, якое з самых ранніх гадоў бачыла нестабільнасць сітуацыі ў свеце, прычым не толькі палітычнай, але і эканамічнай, у многіх краінах. Пандэмія яскрава паказала, што трэба змагацца за сябе. На жаль, у некаторых карпарацыях да самых маладых супрацоўнікаў ставяцца дрэнна, як да вінцікаў, якіх лёгка замяніць. Калі не гэты, то прыйдзе наступны, або гэты вінцік перарэжам напалову, і ён будзе працаваць за дваіх. Тады многім маладым людзям прыйшлося адмаўляцца ад арэнды кватэры і вяртацца да бацькоў, паколькі яны не маглі сабе дазволіць далей здымаць кватэру.

Маладыя з пакалення Z вырашылі ўзяць справы ў свае рукі і засноўваюць прафсаюзы нават там, дзе раней такіх арганізацыяў не было, скажам, у кавярнях. Адной з прычын з'яўляецца тое, што кіраўніцтва як правіла не жадае абараняць сваіх супрацоўнікаў падчас канфліктаў з кліентамі.

- У кавярнях, барах фаст-фуд, рэстаранах. Часта гэта месцы, дзе маладыя людзі пачынаюць сваю прыгоду з рынкам працы. Напрыклад, яны ідуць туды працаваць, калі хочуць зарабіць на вучобу ў ВНУ, на новы тэлефон, або ў канцы канцоў зʼехаць з бацькоўскай хаты. Гэта такія месцы працы, якія часта выбірае моладзь, паколькі там не патрэбны вялікі досвед, падрыхтоўка ідзе хутка, а прымаюць амаль усіх. Аднак у такіх месцах умовы працы з кожным годам пагаршаліся, стаўленне да працаўнікоў было вельмі дрэнным. Не толькі з боку кіраўніцтва, але таксама з боку кліентаў. І калі кліенты скардзіліся на працаўніка, кіраўніцтва як правіла падтрымлівала погляд кліента.

Дадзеныя фактары прымусілі маладых людзей змагацца за свае правы. На думку суразмоўцы Польскага радыё, дзеля гэтага яны маюць адпаведныя навыкі і схільнасці.

- Гэтыя людзі засяроджваюцца на тым, што гэта іх першыя працоўныя месцы, і яны хочуць мець правы, таму што яны зʼяўляюцца супрацоўнікамі. І таму, іх павінны шанаваць іншыя, не толькі кліенты, але і кіраўніцтва. Дзякуючы заснаванню прафсаюзу па месцы працы, яны атрымліваюць права голасу. Гэта людзі, якія не імкнуцца стаць лідарам. Але яны разумеюць, што група людзей можа дабіцца больш, чым паасобны чалавек. Яны вельмі добра разбіраюцца ў электронных медыях, умеюць шукаць інфармацыю пра свае правы. Яны арыентуюцца на веды. У іх выпадку не працуюць такія аргументы, як «я стомлены, я не магу так шмат працаваць», паколькі ў адказ чуюць «звальняйся, мы знойдзем на тваё месца траіх ахвотных». А прафсаюз можа быць аргументам у падтрымку іх патрабаванняў.

Заснаванне прафесійнага саюзу ў Польшчы – адносна просты працэс. Дзеля гэтага патрэбныя толькі 10 чалавек, якія дамовяцца паміж сабою. Самай вялікай перашкодай зʼяўляецца як правіла боязь супрацоўнікаў быць звольненым, калі яны пачнуць змагацца за свае правы. Але, якраз задача прафсаюзу – змагацца за правы працаўнікоў і ахоўваць іх ад неабгрунтаванага звальнення.

Czwórka PR/нг