Беларуская Служба

Неадназначная палітыка МАК у дачыненні да Расіі і Беларусі

11.10.2023 10:01
Міжнародны алімпійскі камітэт не будзе мяняць сваіх умоваў у дачыненні да Расіі і Беларусі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/Anncapictures

Старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта падчас Генасамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Стамбуле заявіў, што ўмовы ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у якасці нейтральных «не падлягаюць абмеркаванню«. Томас Бах пакуль не прыняў рашэння аб іх удзеле ў Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы, паведамляе onet.pl.

У адказ на расійскую вайну ва Украіне Міжнародны алімпійскі камітэт першапачаткова ўвёў суцэльную забарону на ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, але ў сакавіку змякчыў сваю пазіцыю. Міжнародным федэрацыям рэкамендавалі дапускаць да індывідуальных спаборніцтваў спартсменаў, якія не падтрымліваюць вайны і не звязаныя з войскам, але толькі на нейтральных умовах. Забарона на прэзентацыю сцяга, гімна і нацыянальных колераў Расіі і Беларусі застанецца ў сіле.

Супраціў у дачыненні да змякчэння абмежавальных мераў найбольш выразны ў Еўропе, дзе Украіна і частка ейных бліжэйшых хаўруснікаў пераконваюць, што пакуль не скончыцца вайна для Расіі і Беларусі ў спорце месца быць не павінна.

Між тым, большасць міжнародных федэрацый выканалі новыя рэкамендацыі МАК, які спасылаецца, між іншым, на дэкларацыю лідараў Г20 у Нью-Дэлі аб падтрымцы Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы як «сімвала міру, дыялогу паміж нацыямі», а таксама на рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта, які дазволіў расійскім і беларускім спартсменам на ўдзел у Паралімпіядзе ў наступным годзе з захаваннем нейтральнага статусу.

«Гэтыя ўмовы не падлягаюць абмеркаванню, мы ад іх не адмовімся», – падкрэсліў старшыня МАК Томас Бах.

Зараз улады МАК павінны вырашыць яшчэ адну сур'ёзную праблему. Украінскі бок заклікаў прыняць меры супраць Алімпійскага камітэта Расіі, які некалькі дзён таму прызнаў рэгіянальныя алімпійскія саветы на чатырох незаконна анексаваных тэрыторыях Украіны, паведамляе onet.pl.

аз