Беларуская Служба

Гісторыя перасячэння эмігранцкіх лёсаў у Лодзі ранейшай і цяперашняй хвалі

01.11.2023 18:58
У Польшчы завяршылі свой жыццёвы шлях шмат дзеячаў беларускага руху, якія ў свой час апынуліся ў эміграцыі.
Аўдыё
  • Дзеяч БНР Язэп Фарботка пахаваны ў Лодзі.
     , , 01.11.2023.
Сямейнае пахаванне дзяяча БНР Язэпа Фарботкі, Лодзь, 01.11.2023.Фота: Алена Лапцёнак

У Польшчы пахавана нямала дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Напрыклад, у Варшаве на могілках Павонзкі пахаваныя пахаваныя кампазітар Станіслаў Манюшка, Марыя Ямант, нарачоная Кастуся Каліноўскага, Баляслаў Аскерка, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года, ды іншыя вядомыя людзі. Многія з іх апынуліся ў свой час у Польшчы, ратуючыся ад пераследу ўладаў. Цяпер гісторыя паўтараецца па коле – цягам апошніх год у краіну з Беларусі прыехалі дзясяткі тысяч беларусаў. Праваабаронца Алена Лапцёнак, распавяла нам гісторыю перасячэння эмігранцкіх лёсаў ранейшай і цяперашняй хвалі.

У 1945 ў Лодзі пасяліўся дыпламат Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Фарботка, таксама вымушаны мігрант.

Ён нарадзіўся ў 1893 года ў мястэчку Налібакі ў Заходняй Беларусі. У 1918 годзе ён быў дарадцам у дэлегацыі БНР у Кіеве. З яго дапамогай Украінская Народная Рэспубліка прызнала незалежнасць БНР. Пасля вайны Фарботку арыштавалі і саслалі ў Данбас. У сакавіку 1945 года сям'я Фарботкі выехала на рэпатрыяцыйным цягніку ў Лодзь, дзе жыў яго брат. У канцы 1945 г. быў вызвалены з лагера і далучыўся да сям'і жыў у Лодзі, дзе і памёр у 1956 годзе. У 2012 годзе прадстаўнікі беларускага руху адшукалі месца пахавання Язэпа Фарботкі на Старых могілках Лодзі.

Наша суразмоўца, Алена Лапцёнак апынулася цяпер у вымушанай эміграцыі. У Беларусі яна працавала навуковым супрацоўнікам у Музеі Багдановіча, у вядомай праваабарончай арганізацыі «Вясна» пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага.

У верасні мінулага года Алена з мясцовай беларускай супольнасцю ў Лодзі на Дзень усіх святых пайшла на мясцовыя могілкі, каб прыбраць месца пахавання дзеяча БНР Язэпа Фарботкі. Адбылася нечаканая сустрэча.

— Мы пайшлі прыбраць магілу, ушанаваць памяць. Калі ўжо паклалі кветкі, запалілі лампадкі, я заўважыла, што на самім помніку тры надпісы: Язэп Фарботка, Уладзіслава і Уладзіслаў. Было зразумела, што гэта сын і ён яшчэ жывы. І ў гэты час па сцежцы ішоў сталы мужчына, з яго позірку было зразумела, што гэта і ёсць Уладзіслаў. Гэта сапраўды быў ён. Мы павіталіся, і ён расказаў, што ў тым годзе паставіў новы помнік, а паколькі ў яго не было прамых нашчадкаў, то ён паставіў помнік са сваім імем. Мы папрасілі тэлефон, каб больш распытаць яго пра жыццё Язэпа Фарботкі, пра яго маці, у дзявоцтве Паўловіч – яна была дачкою беларускага літаратара Альберта Паўловіча. Але ён папрасіў электронную пошту і сказаў, што напіша сам. На гэтым кантакт абарваўся. А калі вясною на Радаўніцу я прыйшла на магілу, то ўбачыла, што побач з яго іменем ужо ёсць год смерці – 2022-гі. Мы сустрэліся з Уладзіславам Фарботкам 1 лістапада, да канца года яго не стала.

Мяркуем, гэтая гісторыя можа натхніць некага на даследаванне гісторыі эмігранцкага руху, бо з сыходам людзей, губляюцца і гісторыі.

— Цяпер, калі закальцавалася гісторыя, вельмі хацелася б ведаць, як людзі жылі раней у эміграцыі, чым займаліся, як перажывалі сваё расстанне з Радзімаю. Цяпер нас гэта лучыць. І нават крыху інакш глядзіш на гістарычныя падзеі тых часоў, бо маеш свой досвед, і думкі іншыя, і эмоцыі. Шкадую, што не атрымалася працягнуць знаёмства з гэтым чалавека, больш даведацца пра яго сям'ю, убачыць старыя фотаздымкі, рэчы. Цяпер важна падымаць пласт гісторый папярэдніх мігрантаў, больш даведвацца пра іх, праводзіць паралелі.

 

Уладзіслаў Фарботка, восень 2022 года. Уладзіслаў Фарботка, восень 2022 года.

Вяртаючыся да лёсу Язэпа Фарботкі — ён знайшоў сваё месца ў Польшчы, але ўжо не ў палітыцы: працаваў адміністрацыйным і фінансавым дырэктарам Галоўнага бюро архітэктурна-будаўнічых праектаў, быў сузаснавальнікам Лодзінскага аддзела Польскага фатаграфічнага таварыства. Яго фотапрацы захоўваюца ў Музеі Фатаграфіі ў Кракаве.

Фотаздымкі з прыватнага архіву Алены Лапцёнак.

вх