Беларуская Служба

Як у даваеннай Польшчы змагаліся з непісьменнасцю (ФОТА+ВІДЭА)

17.11.2023 06:02
Значную ролю ў барацьбе з непісьменнасцю адыграла армія: у войску вучылі не толькі чытаць і пісаць - для многіх прызыўнікоў, асабліва з усходніх ваяводстваў Польшчы, вайсковая служба дала магчымасць азнаёміцца з такім дасягненнямі цывілізацыі, як прыбіральня.
Аўдыё
  • Як у даваеннай Польшчы змагаліся з непісьменнасцю
        .  1930
Вучань на ўроку ў адной з пачатковых школ Кракава. Красавік 1930 года Narodowe Archiwum Cyfrowe

У даваеннай Польшчы дзякуючы намаганням улад і грамадскіх дзеячаў непісьменнасць сярод дзяцей і моладзі была ў вялікай ступені ліквідаваная, але і ў 1939 годзе, калі пачалася вайна, трэба было яшчэ шмат што зрабіць.

Як вынікае з перапісу насельніцтва 1921 года, ажно 34,6% насельніцтва Польшчы не ўмела чытаць і пісаць. Але ўжо наступны перапіс, праведзены праз 10 гадоў, паказаў, што сітуацыя змянілася: адсотак непісьменных грамадзян упаў да 22,6%.

Варта зазначыць, што большасць непісьменных складалі прадстаўнікі старэйшых пакаленняў жыхароў даваеннай Польшчы. У лютым 1919 года на моцы ўказу кіраўніка дзяржавы было ўведзенае абавязковае школьнае навучанне дзяцей ва ўзросце 7-14 гадоў. Гэта дазволіла ў міжваенны перыяд амаль поўнасцю ліквідаваць непісьменнасць сярод палякаў, якіх ахопліваў школьны абавязак.

Згодна з перапісам 1921 года, 29,7% грамадзян Польшчы ва ўзросце 10-14 гадоў не ўмелі чытаць і пісаць. Праз дзесяць гадоў адсотак непісьменных у згаданай узроставай групе зменшыўся да 6,6%. На жаль, але за гэты час лічба непісьменных людзей, якім было 60 гадоў і больш, знізіўся з 54,2% да 50%.

Узровень непісьменнасці моцна адрозніваўся паводле месца жыхарства, сацыяльнага статусу і полу. Найбольшы працэнт жыхароў Польшчы, якія не ўмелі пісаць і чытаць, пражываў ва ўсходніх ваяводствах краіны. Непісьменных людзей сярод жанчын і сельскіх жыхароў было найбольш.
У часы міжваеннай Польшчы, якую ў польскай гістарыяграфіі называюць Другой Рэччу Паспалітай, нацыянальныя меншасці складалі больш за 30% ад агулу насельніцтва. У залежнасці ад года, калі адбываліся перапісы насельніцтва, беларусы складалі 3-4% грамадзян Польшчы.

Узровень непісьменнасці жыхароў Польшчы ў 1931 годзе крыніца: Polskie Radio S.A.
Узровень непісьменнасці жыхароў Польшчы ў 1931 годзе крыніца: Polskie Radio S.A.

Грамадзяне тагачаснай Польшчы беларускай нацыянальнасці перш за ўсё насялялі Навагрудскае, Віленскае, Палескае і часткова Беластоцкае ваяводствы. Згодна са статыстычнымі дадзенымі, ва ўсходніх ваяводствах узровень непісьменнасці на фоне іншых польскіх рэгіёнаў быў даволі высокім. Так, згодна з дадзенымі 1931 года, у Палескім ваяводстве чытаць і пісаць не ўмелі 48,4% жыхароў, у Навагрудскім – 34,9%, у Віленскім – 29,1%, у Беластоцкім – 23,1%. Шмат непісьменных таксама было ў Валынскім ваяводстве (47,8%), Цярнопальскім (29,8%) і Станіслаўскім (36,6%). У гэтых рэгіёнах пражывала шмат грамадзян Польшчы ўкраінскай нацыянальнасці.

Інакш сітуацыя выглядала на захадзе краіны. Так, у Сілезскім ваяводстве адсотак непісьменных складаў толькі 1,5%, у Познаньскім – 7,6%, у Паморскім – 8,3%. У самой Варшаве чытаць і пісаць не ўмела 10% жыхароў сталіцы.

Са згаданых дадзеных вынікае, што адсотак непісьменных грамадзян быў меншы ў рэгіёнах, якія да 1918 года, да моманту вяртання Польшчай незалежнасці, уваходзілі ў склад Германіі і Аўстра-Венгрыі. У сваю чаргу рэгіёнам, якія былі ў складзе Расійскай Імперыі, быў характэрны высокі працэнт непісьменных людзей.

Від на мост праз Нёман. Гродна, 1938 год Від на мост праз Нёман. Гродна, 1938 год

Значную ролю ў барацьбе з непісьменнасцю адыграла армія. У ліпені 1919 года Сейм прыняў закон аб абавязковым навучанні непісьменных салдат, якія праходзілі службу ў Войску Польскім. Начальнік Дэпартамента вайсковай адукацыі Міністэрства вайсковых спраў генерал Ян Яцына казаў, што Войска Польскае стала «найбуйнейшай народнай школай». У войску вучылі не толькі чытаць і пісаць: для многіх прызыўнікоў, асабліва з усходніх ваяводстваў тагачаснай Польшчы, вайсковая служба дала магчымасць азнаёміцца з такім дасягненнямі цывілізацыі, як прыбіральня.

Валеры Саўко

сюжэт падрыхтаваны паводле матэрыялаў Польскага радыё

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Як галасавалі ў міжваеннай Польшчы і як беларусы выбіралі сваіх дэпутатаў

21.10.2023 06:02
У 1922 годзе ў Сейме Польшчы быў створаны Беларускі пасольскі клуб.

11 лістапада: гісторыя Дня Незалежнасці Польшчы (ФОТА+ВІДЭА)

10.11.2023 19:02
Першапачаткова нават сам маршал Юзэф Пілсудскі быў праціўнікам адзначэння Дня незалежнасці 11 лістапада.