Беларуская Служба

Прадстаўнік БАЖ: 2024 год будзе самым складаным для беларускіх незалежных медыя ў плане фінансаў

15.01.2024 18:15
Беларуская незалежная медыясфера ў складанай сітуацыі. Унутры Беларусі журналісты працаваць не могуць – за гэта пагражаюць рэальныя турэмныя тэрміны. А медыя ў выгнанні сутыкнуліся з дэфіцытам фінансавання.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаФота: Aleksander Kalka/ZUMA Wire/picture alliance

Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, не менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай медыйнай сферы пасля падзей 2020-года выехалі за мяжу. Большасць працягвае працу ў медыйных і калямедыйных праектах. І калі тры гады таму з усіх бакоў гучалі галасы пар намер падтрымліваць і дапамагаць, сёння рэчаіснасць зусім іншая.

За гэты год мы могуць закрыцца з-за адсутнасці сродкаў да траціны незалежных беларускіх медыяпраектаў», – гаворыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Напрыклад, сайт KYKY, які існуе з 2010 года і займаў нішу гарадскога онлайн часопісу ў Менску, праз праблемы з фінансаваннем прыпыняе працу сайта, але пакуль пакідаюць сацыяльныя сеткі. Пра фінансавыя праблемы таксама ўслых заявілі медыя «Рэформ» і «План Б».

Цягам апошніх месяцаў шэраг беларускіх медыяў звярнуліся да сваіх чытачоў з просьбай аб фінансавай дапамозе. Разам з тым кошт працы журналістаў павялічыўся, бо яны выехалі за мяжу, дзе жыццё даражэйшае, чым у Беларусі. І, каб забяспечыць сябе, свае сем’і, журналісты мусяць мець большы заробак, чым гэта было на тэрыторыі Беларусі.

«Людзі страчваюць працу, гэты працэс, аб’ектыўна, ужо пачаўся», – канстатуе суразмоўца.

«2024 год будзе самым складаным для беларускіх незалежных медыя ў плане фінансаў. Ён ужо пачаўся складана, бо ў нашым рэгіёне ёсць шмат іншых накірункаў, на якія сусветныя донары накіроўваюць свае сродкі. На жаль, донары схільныя змешваць беларускія медыя з расійскімі ліберальнымі медыя, якія маюць большую колькасць супрацоўнікаў, але меншы эфект уплыву на сваю аўдыторыю. Калі летась і пазалетась была нейкая колькасць малых грантавых праграм для падтрымкі невялікіх рэдакцый, то з кожным года іх колькасць змяншаецца. У нас ёсць апасенні, што сёлета закрыюцца некалькі медыя праектаў. Мы бачым трывожныя сцяжкі – спачатку Reform.by, потым planbmedia.io, пра скарачэнне фармату заявілі ў kyky.org. Непублічна многія медыяпраекты цяпер маюць сродкі на 2-3 месяцы працы. Канешне, у беларускіх медыя ніколі не было добрых часоў. Але ў Беларусі СМІ мелі магчымасць зарабляць на рэкламе, на партнёрскіх матэрыялах, нейкіх калабарацыях. Сёння гэтая частка даходаў проста недаступная для беларускіх рэдакцый, бо яны прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і наўрадці нехта з бізнеса захоча супрацоўнічаць, гэта проста смяротна для бізнеса», – кажа Барыс Гарэцкі.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што эфектыўнасць беларускіх незалежных медыя непараўнальна вышэйшая за расійскія. Як мінімум 25 працэнтаў насельніцтва Беларусі застаецца аўдыторыяй – чытачамі і гледачамі беларускіх СМІ, у выпадку з Расіяй – абсалютныя лічбы большыя, але ў разрэзе аграмаднай краіны яны закрываюць толькі каля 6 працэнтаў насельніцтва.

«Цікаўнасць да грамадска-палітычных падзей, чым была ў 2020-ым годзе, няма нейкай вострай кампаніі. Разам з тым наперадзе выбарчыя кампаніі ў Беларусі 2024, 2025 гадоў. Ёсць складанасці з доступам да незалежных медыя – людзям трэба прыкладаць намаганні, каб паглядзець, пачытаць незалежныя СМІ, І пры гэтым па ўсіх апытаннях 25-26 працэнтаў беларускай аўдыторыі незалежныя медыя маюць, пры тым што яны вымушана ў эміграцыі, названыя »экстрэмісцкімі фармаваннямі«. Тым не менш, чацвёртая частка беларускай аўдыторыі працягвае сачыць за гэтымі выданнямі», – тлумачыць прадстаўнік БАЖ .

Трэба разумець, што і людзі заўсёды будуць імкнуцца атрымліваць нармальную інфармацыю пра тое, што адбываецца вакол іх, у свеце, а не канцэнтрат прапагандысцкай нянавісці. Як прыклад, папулярнасць пляцоўкі Цік-Ток у Беларусі.

«Улада моцна змагаецца з Тэлеграмам, сайтамі, Youtube. Але ў Цік-Ток нават пад невялікімі па ахопу відэа ёсць дыскусіі, абмеркаванні падзей. Гэта значыць, што медыя знайшлі канал, праз які яны могуць даносіць інфармацыю, кантактаваць з аўдыторыяй і нават у такіх умовах мець зваротную сувязь», – кажа намеснік старшыні БАЖ.

У Беларусі працаваць журналістам незалежнага-грамадска палітычнага медыя цяпер немагчыма. За гэта пагражае рэальны турэмны тэрмін. Засталіся адзінкі забаўляльных праектаў, якія ўсяляк дыстанцынуюцца ад палітыкі.
Атрымліваць інфармацыю з Беларусі, даносіць гатовы інфармацыйны прадукт – гэта цяпер таксама вялікія выклікі для рэдакцый.

Любому СМІ найперш патрэбная аўдыторыя, таму, калі вы чытаеце ці глядзіце беларускія недзяржаўныя медыя, працягвайце гэта рабіць, дзяліцеся спасылкамі са знаёмымі. І падтрымлівайце хаця б мінімальнымі ахвяраваннямі. Цяпер кожнае недзяржаўнае медыя мае раздзел на сайце, дзе ёсць дадзеныя для пераводу сродкаў. Нават маленькая сума падтрымае рэдакцыю, працы якой вы давяраеце.

вх