Беларуская Служба

Міністэрства адукацыі прапануе амаль рэвалюцыйныя змены ў польскай школе

30.01.2024 17:12
На пачатак – адмена дамашніх заданняў.
Аўдыё
  • Дамашняй работы больш не будзе?
 .      .
Ілюстрацыйны здымак. У Польшчы могуць адмяніць хатнія заданні. Фота: shutterstock/ NadyaEugene

Калі 15 кастрычніка мінулага года на парламенцкіх выбарах большасць атрымалі партыі, якія раней былі ў апазіцыі, стала ясна, што ў Польшчы шмат зменіцца. Да ўлады прыйшлі людзі з пераважна значна больш ліберальнымі поглядамі, чым палітыкі кансерватыўнай групоўкі «Права і справядлівасць», якая кіравала дзяржавай да гэтага восем гадоў. І сапраўды, у шматлікіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця пачынаюцца змены.

Міністарка адукацыі Барбара Навацка заявіла, што больш не будзе хатніх заданняў – спачатку іх адменяць у пачатковых класах (1-3), у старэйшых можна будзе задаваць, але толькі тым, хто хоча, і нельга будзе ставіць за іх адзнакі. Паступова адпаведныя змены павінны прыйсці таксама ў сярэднія школы.

Адны кажуць, што хатнія заданні былі заўсёды, іх задавалі пакаленням нашых бацькоў, нам самім, чаму ж нашы дзеці павінны вучыцца без хатняй працы? Іншыя звяртаюць увагу на тое, што ў больш прагрэсіўных краінах, чым Польшча, ад хатняй працы ў школах адмаўляюцца. Трэба сказаць, што ў дыскусіі надта шмат эмоцый ды ідэалогіі, а даволі мала спакойных удумлівых разважанняў, што на самой справе даюць хатнія заданні школьнікам, ці гэта эфектыўны механізм вучобы.

А што думаюць выпадковыя асобы, як вучні, так і бацькі на гэтую тэму? Выказванні на вуліцах Варшавы сабраў карэспандэнт Польскага радыё.

- Я лічу, што дамашнія заданні павінны быць. Яны прымушаюць да самастойнай працы. Напрыклад, мы з калегай хочам паступаць на медыцыну, нам прыходзіцца шмат працаваць дома. Хатняя праца вучыць сістэматычнасці, адказнасці. Цяпер шмат адбываецца на свеце, трэба знайсці час на вучобу.

- Я мяркую, што да трэцяга класу можа не быць дамашніх заданняў. У нас трое дзяцей, прыходзіцца дапамагаць ім. Я – француз, і бачу, што ў нас інакш выглядае сістэма дамашніх заданняў. Вучань прыходзіць са школы, адкрывае спецыяльныя падручнікі, і ён дакладна ведае, што яму трэба зрабіць. А тут дзіця прыходзіць са школы, і не заўсёды ведае, што яму рабіць.

- Без хатніх заданняў вучні агулам перастануць вучыцца. Патрэбны бізун, каб нешта рабіць. Адсутнасць дамашняй працы – адсутнасць бізуна.

- Я лічу, што гэта добрая ідэя, каб у дзяцей быў свабодны час пасля школы на свае хобі, а часам і на нуду, якая развівае крэатыўнасць. Здаецца, што па адным прадмеце можа і не шмат задаюць, але пры сямі ўроках, паўгадзіны на кожны, атрымліваецца, што вучні прысвячаюць вельмі шмат часу на ўрокі.

Як бачым, погляды розныя. Пакуль што мала змястоўных меркаванняў, падмацаваных даследаваннямі, якія б выступалі «за» або «супраць» дамашніх заданняў.

«Ёсць значна больш важныя праблемы ў сістэме адукацыі, чым пытанне хатняга задання», – адзначае кандыдат сацыялагічных навук (доктар) Пётр Мікевіч.

- Рашэнне аб адмене або не адмене хатніх заданняў неабходна прымаць у самым канцы пераўтварэнняў у сістэме школьнай адукацыі. Спачатку трэба падумаць пра скарачэнне самой праграмы навучання, змены ў колькасці ўрокаў паасобных прадметаў. І толькі тады можна будзе вырашыць, ці ў новай сістэме навучання хатнія заданні патрэбныя, ці не.

Кандыдат педагагічных навук Маніка Кужынога кажа, што многія дарослыя людзі, бацькі, лічаць дамашнюю працу важнай часткай працэсу адукацыі, паколькі яны самі праз гэта прайшлі. Аднак на самой справе хатнія заданні даволі малаэфектыўныя.

- Калі хтосьці робіць дамашнюю работу, гэта далёка не заўсёды азначае, што ён вучыцца. Мы мала ведаем пра працэс эфектыўнай вучобы. Калі школьнікі гадзінамі сядзяць над падручнікамі, гэта зусім не азначае, што яны эфектыўна засвойваюць новыя веды. Канешне, нельга адмаўляцца ад задавання вывучыць новыя словы замежнай мовы ці прачытаць літаратурны твор. Аднак даследаванні паказваюць, што польскі вучань прысвячае ў сярэднім 7 гадзін у тыдзень на хатнія заданні – гэта больш, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Мы вывучаем вопыт нямецкіх, французскіх школ, дзе вучням задаюць працу, але яны яе выконваюць пасля ўрокаў у школе. Я думаю, што рашэнне пра адмену хатняга задання было прынята надта хутка, не было прадумана. Калі палітыка ўмешваецца ў адукацыю, атрымліваем шмат эмоцый.

Згодна з прапановай Мінадукацыі, у 4-8 класах дамашнія заданні настаўнікі будуць задаваць толькі ахвотным і без выстаўлення адзнак. Вучням усё роўна давядзецца прачытаць кнігу, вывучыць верш ці словы замежнай мовы. У Міністэрстве адукацыі паведамілі, што ў ведамстве ёсць групы, якія працуюць над скарачэннем асноўнай праграмы па большасці прадметаў, а таксама па ўсіх экзаменацыйных прадметах як у пачатковай, так і ў сярэдняй школе. Плануецца, што эксперты завершаць працу ў першай палове лютага.

І Пр. Польскага радыё/IAR/нг