У польскай гісторыі шмат асоб – мала вядомых шырокаму колу сучаснікаў, якія аднак аказалі вялікі ўплыў на развіццё дзяржавы ў розны галінах грамадскага жыцця. Адным з іх з’яўляецца Казімеж Парэмбскі, якога называюць «бацькам польскага флоту». Гэты чалавек быў адным са стваральнікаў гандлёвага і перш за ўсё ваенна-марскога флоту пасля таго, як Польшча зноўку стала незалежнай краінай у 1918 годзе.
Казімеж Парэмбскі нарадзіўся ў 1872 годзе ў Вільні. З самага дзяцінства цікавіўся морам і марской справай, таму не прыходзіцца здзіўляцца, што пасля школы паступіў у Пецягбурскі марскі кадэцкі корпус. Дарэчы, ён быў здольным курсантам, бо марское вучылішча закончыў трынаццатым па паспяховасці ў 1892 годзе. Пры выпуску атрымаў першае афіцэрскае званне мічмана. А паколькі будучы адмірал закончыў мінны клас, то служыў на караблях мінным афіцэрам. У Расійскім імператарскім флоце Казімеж Парэмбскі праслужыў больш за 20 гадоў, даслужыўшыся да звання контр-адмірала. Цягам гэтага часу ён камандаваў важнымі браняносцамі царскага ВМФ, а таксама брыгадай крэйсераў Чарнаморскага флоту. Прымаў удзел у расійска-японскай вайне, Першай сусветнай вайне, а пазней – у польска-бальшавіцкай вайне.
Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года дзейнічаў у польскіх вайсковых арганізацыях у Пецярбургу. У 1918 годзе Казімежа Парэмбскага звольнілі са службы ў расійскім ВМФ, бо быў палякам.
Казімеж Парэмбскі/1930-я гады/Karol Olgierd Borchardt: "Znaczy Kapitan"; Wydawnictwo Morskie Gdańsk 1979/грамадскі набытак
У лістападзе таго ж года марскі афіцэр прыбыў у Варшаву, дзе заняўся арганізацыяй рачнога флоту на Вісле. У сакавіку 1919 года Юзэф Пілсудскі прызначыў яго на пасаду кіраўніка Марской секцыі Міністэрства вайсковых спраў, якая неўзабаве была пашыраная да дэпартаменту. Казімеж Парэмбскі фактычна стаў камандуючым Ваенна-марскіх сіл Польшчы ў званні контр-адмірала, хоць Польшча яшчэ не мела выхаду да Балтыйскага мора. Дарэчы, стан, у якім знаходзіўся польскі флот на пачатку 1920-х гадоў, адлюстроўвала вопратка Парэмбскага – ён насіў мундзір генерала сухапутных войск і адміральскую фуражку.
Нягледзячы на пасляваенную разруху, вайну з бальшавікамі, падчас якой ён камандаваў рачным ваенным флотам на Вісле, і тое, што Польшча была вельмі маладой дзяржавай, контр-адмірал апрацаваў амбітны план развіцця ВМС. Ён прадугледжваў набыццё двух крэйсераў і больш дзесяці падводных лодак. На жаль, фінансавыя магчымасці маладой дзяржавы не дазволілі рэалізаваць гэтага плану.
Улады ў Варшаве вельмі падтрымлівалі будаўніцтва марскога порту ў Гдыні, якая ў 1920-х гадах была рыбацкай вёскай. На моцы міжнароднага пагаднення пасля Першай сусветнай вайны Польшча атрымала невялікі адрэзак марскога ўзбярэжжа без ніякай партовай інфраструктуры, таму ўзвядзенне порту было адной з важнейшых спраў. Парэмбскі быў адным з ініцыятараў будаўніцтва порту ў Гдыні. Больш за тое, стварэнне Афіцэрскай ваенна-марской школы ў невялікім горадзе Тчэў на Вісле, гэта таксама яго ідэя. Неўзабаве яму было прысвоенае званне віцэ-адмірала.
Powitanie ORP Orzeł w Gdyni
Казімежа Парэмбскага адправілі ў адстаўку з пасады начальніка Марскога дэпартаменту вайсковага ведамства ў 1925 годзе. Справа ў тым, што падначалены адмірала здзейсніў махінацыі падчас закупкі марскіх мін у Эстоніі. І хоць віны Парэмбскага ў гэтым не было, то ён панёс палітычную адказнасць. Больш за тое, віцэ-адмірал лічыўся чалавекам міністра вайсковых спраў генерала Уладзіслава Сікорскага, якога недалюбліваў Підсудскі. Гісторыкі не выключаюць, што маршал вырашыў пазбавіцца ад людзей Сікорскага ў міністэрстве.
Памёр Казімеж Парэмбскі ў 1933 годзе.
«Калі Парэмбскі прыбыў у Варшаву, у ёй былі ўжо сем адміралаў, якія раней служылі ў чужых арміях. І не было ані аднаго грабнога вінта! Адміралы прадавалі гародніну і садавіну на вуліцы. Але як толькі прыехаў Парэмбскі, адразу пачалося стварэнне флоту», – так пра арганізацыйны талент адмірала некалі казаў легендарны польскі капітан гандлёвага флоту, пісьменнік Караль Ольгерд Борхард.
Імем віцэ-адмірала Парэмбскага названая 8-я флатылія абароны ўзбярэжжа, сярэднія школы ў Гдыні і Быдгашчы, а таксама вуліцы ў Гдыні і Гданьску. У 1980 годзе Польская пошта выпусціла паштовую марку з выявай марскога афіцэра.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл