Беларуская Служба

Гісторыя пра тое, як польскія вучні абаранялі крыж у школе

10.03.2024 10:09
40 гадоў таму, 7 сакавіка 1984 году, у сельскагаспадарчым вучыліўшчы ў Ментным каля Гарволіна пачалася забастоўка ў абарону крыжа.
Аўдыё
  • Гісторыя пра тое, як польскія вучні абаранялі крыж у школе
.
Ілюстрацыя.MichaelGaida/pixabay.com/CC0

Некалькі соцень навучэнцаў мясцовага сельскагаспадарчага вучылішча ўдзельнічалі ў барацьбе за аднаўленне хрысціянскага сімвала ў класах. Да страйку не далучыліся каля 90 чалавек. Падчас найбольш жорсткай фазы спрэчкі атрады ZOMO ўдзельнічалі ў супакойванні моладзі і перакрылі шлях калоне студэнтаў, якія ішлі з крыжамі да касцёла ў Гарволіне.

У перадачы «Лабірынт гісторыі», якая выйшла ў 2017 годзе на Польскім радыё, удзельнікі пратэсту распавялі пра свой досвед з таго перыяду. Пра рашучасць моладзі, якая патрабуе аднаўлення крыжоў, гаварыла Лідзія Каліньска – вучаніца 1980-х гадоў, цяпер настаўніца школы ў Ментным:

-Дырэктар не паставіўся да нас сур'ёзна. Тады мы напісалі да яго афіцыйны ліст з пытаннем, што сталася з нашымі крыжамі. Мы ў той час размаўлялі, што зрабіць, каб крыжы вярнуліся ў школу.

Настаўніца Багуслава Гара, якая падтрымала моладзевы пратэст, у перадачы «Лабірынт гісторыі» (2017) падкрэсліла, што была бачная ўзаемная салідарнасць моладзі:

-У школе было больш за 650 вучняў, амаль 700. Не ўсе тады разумелі істоту справы, але ідэнтыфікаваліся з пазіцыяй: мы разам павінны паводзіць сябе аднолькава. Тая салідарнасць выклікала павагу. Ніколі раней нечага такога не было.

40 гадоў таму, 7 сакавіка, студэнты пачалі забастоўку. Дырэктар школы ў прысутнасці пракурора пагражаў вучням судовымі наступствамі. Ён паведаміў пратэстоўцам, што праца школы прыпыненая. Папаўзлі чуткі, што ZOMO плануе акцыю ўціхамірання. Тады моладзь вырашыла шчыльнай калонай ісці да касцёла ў Гарволіне.

Лідзія Каліньска ўзгадвае, што гэта былі напружаныя моманты, таму што маршрут маршу быў ужо акружаны часткамі ZOMO:

-Даходзячы да галоўнай трасы, гэта прыкладна кіламетр да нашай школы, мы бачылі велізарную колькасць міліцэйскіх аўтамабіляў і бусаў. Тыя, хто не ўдзельнічалі ў тым маршы, не мог зразумець, як гэта магло на нас падзейнічаць. Асвятленне і гукі рабілі на нас велізарнае ўражанне. Нягледзячы на гэта нашая група 600 чалавек надалей рухалася наперад. Мы ішлі наперад, але да касцёла ў гэты дзень мы не дайшлі.

Былы вучань тэхнікума ў Ментным Гжэгаж Цыган успамінаў (2017) страх і рашучасць маршыруючай моладзі. Адзін з удзельнікаў маршу страціў прытомнасць, калі супрацоўнікі ZOMO перагарадзілі ім дарогу і пачалі атакаваць са шчытамі і дубінкамі:

-Мы разбегліся. Гэта сапраўды быў драматычны момант. Магчыма паўкульмінацыя нашай боязі. Нас акружылі. Думаю, ніхто не меў свядомасці, што гэта будзе адбывацца менавіта так.

Спрэчка паміж моладдзю і кіраўніцтвам школы ў Ментным скончылася перамогай пратэстоўцаў. 6 красавіка дзяржаўныя і касцельныя ўлады дасягнулі згоды. Гжэгаж Цыган у перадачы «Лабірынт гісторыі» (2017) узгадваў, што вяртанне ў школу было хвалюючым момантам:

-Паступае інфармацыя, што крыж вяртаецца ў школу, аднаўляецца навучанне, што ўсё будзе як звычайна. Што мы далей будзем вучыцца, а крыж перамог. Яго вешаюць у бібліятэцы, у вялікай залі. Усе ў цішыні ідуць наверх, у залю, дзе вісіць крыж, становяцца на калені.

Наступствам удзелу ў акцыі пратэсту стала тое, што некаторых студэнтаў не дапусцілі да выпускных іспытаў або выпісалі са школы без магчымасці паступлення ў іншую ўстанову. Настаўнікаў, якія падтрымлівалі моладзь, пазбаўлялі працы і выключалі з прафесіі.

У апошні перыяд існавання Польскай Народнай Рэспублікі сімвалам барацьбы за свабоду сумлення і веравызнання стаў пратэст моладзі з Ментнага. Гэта шырока каментавалася ў заходніх СМІ, палякі маглі пачуць пра гэта ў праграмах польскай секцыі Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Еўропа.

слухайце аўдыё

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры