Дарагія мае суродзічы, 106 гадоў таму – 25-га Сакавіка 1918 году – пасля стагоддзяў няволі, беларускі народ парваў ланцугі, у якіх яго трымала чужая імперыя, і абвясціў свету незалежнасць свае дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дзень 25-га сакавіка стаўся нашым найвялікшым святам, і, нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сцерці з паверхні Зямлі, народ наш больш як сто гадоў змагаецца, каб адрадзіць свой вольны край. Натхнялі нас ідэалы 25-га Сакавіка. У вельмі неспрыяльных для нацыянальнага адраджэння варунках у Беларусі вырасла і выхавалася на ідэях БНР новае пакаленне беларускіх палітыкаў, якія здолелі ў сваю чаргу скарыстаць распад СССР і дасягнуць абвяшчэння 25 жніўня 1991 году незалежнасці краіны ў новым абліччы – Рэспублікі Беларусь.
На жаль, здабытая ў 1991 годзе дзяржаўная незалежнасць ізноў апынулася пад пагрозаю. Усталяваная з дапамогаю Масквы дыктатарская ўлада Лукашэнкі стварыла рэальную пагрозу існаванню ўжо не толькі дзяржаве, але і беларускай нацыі. Але беларускі народ змагаецца за сваю будучыню, што яскрава выявілася ў магутным уздыме 2020 году. Найбольш яскравым доказам таго ёсць факт, што наш асноўны дзяржаўны ворган – Рада БНР, захавалася да сёння.
Бальшавіцкая акупацыя прымусіла Раду БНР пакінуць краіну і выехаць у эміграцыю, але і на чужыне яна не спыніла сваю дзейнасць. На выгнанні Рада БНР захоўвае ідэалы БНР і да сёння трымае мандаты дзяржаўнае ўлады, атрыманыя ад Першага Усебеларускага Кангрэса. Такога ўзроўню паўнамоцтваў не меў і не мае пакуль ніводзін з урадаў Беларусі. Яны альбо прызначаліся пры саветах ці абіраліся ў выніку фармальных альбо сфальшаваных выбараў.
Рада БНР вітала абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь і магла б перадаць свае паўнамоцтвы ўраду Рэспублікі Беларусь, дзейнасць якога адпавядала б ідэалам БНР і гарантавала б незалежнасць нашага краю, але такога пакуль не сталася. У сувязі з гэтым Рада БНР павінна і надалей выконваць сваю ранейшую ролю.
Сёння Рада БНР стаіць побач з дэмакратычнымі нацыянальнымі сіламі, што змагаюцца з дыктатарскім рэжымам у Беларусі і дзейнічаюць для нацыянальных інтарэсаў Беларускага народу.
У адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі і магчымасцямі Рада БНР удзельнічае ў гэтым змаганні, каб наблізіць той час, калі яна зможа перадаць свае паўнамоцтвы годнаму ўраду незалежнай дэмакратычнай Беларусі і тым самым забясьпечыць пераемнасць ідэі беларускай Незалежнасці на падставе Акта 25 сакавіка 1918 году.
Сёння заклікаю кожнага з Вас не забывацца пра наш родны край, і пра гераізм і ахвярнасць нашых продкаў, якія не раз ішлі паміраць, каб жыла Беларусь. Дзякуючы ім мы яшчэ маем край – які мы цяпер мусім бараніць, каб не пакінуць жабракамі – «SANS DOMICILE FIXE» – нашых дзяцей і ўнукаў.
Няма ў нас большага скарбу, як свая дзяржава. Не дайце ўзурпатару прадаць яе ворагам ды асіраціць Вас. Прыйшоў час, калі сапраўдным беларусам трэба забыцца пра ўсё тое, што іх дзеліць і аднавіць САЛІДАРНАСЦЬ, якая так моцна нам патрэбная, каб выжыць.
Мы разумны, здольны і добры народ. Сорам, што рэжым з нас зрабіў у вачах вольнага свету суагрэсараў суседняга краю, з якім мы стагоддзямі жывём у згодзе. Нашым абавязкам ёсць даказаць, што народ наш не хоча вайны! Адзінае, што мы жадаем, гэта жыць спакойна на нашай уласнай вольнай зямлі.
Дык віншую Вас усіх з нашым вялікім нацыянальным святам, мае дарагія суродзічы!
Памажы нам Божа! Жыве вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі