Беларуская Служба

Святлана Курс: Трэба саскокваць з гэтай гістарычнай калымагі, якой з’яўляецца Расійская імперыя

29.04.2024 17:00
Сталін, Ленін, Пуцін – страшна мізэрныя істоты, не да канца людзі. І ідуць за імі не да канца людзі. Гэта прыгонныя.
Аўдыё
  • Святлана Курс пра Катынскі музей
   .
Катынскі музей у Варшаве.Фота: Наталля Грышкевіч

Вясной 1940 года ў Савецкім Саюзе ў лясным масіве Катынь без суда і следства было расстраляна каля 22 тыс польскіх вайскоўцаў, захопленых у палон на пачатку Другой сусветнай вайны. Практычна да канца існавання СССР улады гэтай дзяржавы аспрэчвалі свой удзел у злачынстве. Таксама ў ПНР нельга было пра гэта казаць.

Цяпер гісторыя генацыду польскіх афіцэраў добра даследаваная, у Варшаве ёсць Катынскі Музей. У ім гідам працуе беларуская пісьменніца Святлана Курс (літаратурны псеўданім Ева Вежнавец). Наталля Грышкевіч папрасіла яе распавесці пра сам аб’ект і экспанаты, якія там знаходзяцца.

- Гэты музей – сапраўдная перліна на мапе Варшавы. Да нядаўняга часу ўся Цытадэль была закрытая для наведвання. Мастак Ежы Каліна і некалькі майстэрняў ператварылі царскую капаньеру 1832 года пабудовы ў санктуарый, храм катынскіх афіцэраў. Можна паглядзець, як было праведзена гэтае страшнае злачынства. Можна таксама ўбачыць рэліквіі, якія польскія навукоўцы і археолагі здабылі з ямаў смерці. Гэта абсалютна патрасае душу. Яны захоўвалі гэтыя рэчы да самай сваёй пакутніцкай смерці. Крыжыкі, будысцкія сімвалы, фоткі блізкіх, люстэркі, гузікі, шашкі, шахматы, ключы... А пазней чалавек выходзіць з музею і адразу бачыць цудоўную прыроду – фазаны, дразды, дзятлы, сокал тут жыве. Я працую тут другі год і не магу прызвычаіцца да гэтага кантрасту.


Экспанаты. Экспанаты.

А як наведвальнікі рэагуюць на аповед, на тое, што паказваеце ў музеі? Ці для іх гэта новае, ці прыходзяць людзі, якія ўжо нешта ведаюць?

- Людзі як правіла ўжо нешта чулі, палякаў у школах вучаць пра Катынь. Прыходзяць людзі рознага ўзросту. Некаторыя вельмі засмучаныя, некаторыя жанчыны кажуць, што яны на гэта глядзець не могуць і не будуць, плачуць. А маладыя людзі часта смяюцца і вядуць сябе развязна. З траўмай людзі спраўляюцца па-рознаму. Некаторыя не хочуць ведаць, гэта надта цяжка. Мы не рэкамендуем наведваць музей дзецям да 12-ці гадоў.


Гільзы, знойдзеныя ў ямах смерці. Гільзы, знойдзеныя ў ямах смерці.

Ці сярод рэліквій ёсць запіскі ваеннапалонных, якія яны рабілі ўжо ў палоне?

- Ёсць, яны гучаць, калі мы ходзім паміж паліцамі. Ёсць дзённік маёра Адама Сольскага. Вельмі кранальныя лісты, якія яны пісалі сваім сем’ям. Саветы дазвалялі пісаць сем’ям з каварнай мэтай вынюхаць, дзе гэтыя сем’і, а пазней яны былі дэпартаваныя і сотні тысяч чалавек загінулі ў лагерах. Мая праца заключаецца ў расшыфроўцы гэтых тэкстаў. Ян Найман пісаў: “Дарагія, я ведаю, што вам цяжка. Прадайце маё радыё. Пасля вайны з’явяцца новыя мадэлі, я прыеду і куплю новую мадэль”. Ён больш не ўбачыў новых мадэляў радыё. Да апошняга моманту яны не ведалі, што іх чакае. Ім нават рабілі прышчэпкі, лячылі зубы і г.д., каб змыліць вочы.


Экспанаты. Экспанаты.

І як тут не правесці паралелі паміж нямецкім фашызмам і савецкім таталітарызмам. Немцы таксама, калі вывозілі ў канцлагеры, казалі, што людзі едуць на аздараўленне ці на працу.

- Немцы расстрэльвалі польскую інтэлігенцыю паралельна з саветамі. Мала таго, у акупаваных гарадах Польшчы і Украіны яны ладзілі сумесныя паседжанні гестапа і НКВД, каб абмяняцца метадамі знішчэння польскай нацыі. Я радая, што ў іх нічога не атрымалася. Расійская нацыя значна абяскроўленая, такіх злачынстваў, як тады, яна ўжо не можа ладзіць, але цяпер яны знішчаюць украінцаў. Гэта генацыд супраць украінцаў метадамі фізічнага забіцця і генацыд супраць беларусаў метадамі выдаўлівання эліты і знішчэння эліты ў турмах, а таксама вынішчэння ўсяго беларускага. Іх трэба разумець, ад чаго гэта робіцца. Сталін, Ленін, Пуцін – страшна мізэрныя істоты, не да канца людзі. І ідуць за імі не да канца людзі. Гэта прыгонныя. Трэба ад іх уцякаць, саскокваць з гэтай страшнай гістарычнай калымагі, якой з’яўляецца Расійская імперыя.

нг


Каля Катынскага музею ў Варшаве. Каля Катынскага музею ў Варшаве.

Святлана Курс пра Катынскі расстрэл: Страшная аперацыя, у выніку якой хацелі адрэзаць Польшчы старую галаву і прышыць новую

12.04.2024 07:39
Савецкі Саюз цягам дзясяткаў гадоў не прызнаваўся ў злачынстве, толькі ў 90-ыя гады Расія прызнала, што палякаў расстрэльвала НКВД.