Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікую пятніцу Пакутнага Тыдня, падабенсты і адрозненні з каталікамі тлумачыць дыякан Лукаш Леанкевіч з капліцы св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве.
Дыякан Лукаш Леанкевіч з капліцы св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве
Дыякан Лукаш Леанкевіч: Калі звярнуцца да грэчаскай крыніцы, то там згадваецца Трыімерыс - тры дні святкавання Вялікадня. У чацвер увечары, калі мы згадваем Апошнюю Вячэру, пачынаецца наша Пасха, гэта значыць арышт Хрыста, пятніца - смерць на Крыжы, субота - час, калі Ён ляжыць у магіле, і на світанні (у нас апоўначы) - час, калі Хрыстос паўстане з мёртвых. Гэта тры непадзельныя дні: пятніца, субота і нядзеля. Усе хрысціяне перажываюць падобнае, незалежна ад таго, каталікі яны, пратэстанты ці праваслаўныя. Калі мы паглядзім на літургічныя тэксты, то яны, канешне, розныя, таму што ў нас розныя традыцыі, але сэнс адзін - праз смерць, магілу, да ўваскрашэння.
У праваслаўных хрысціян няма традыцыі Крыжовага шляху, як гэта ёсць у Каталіцкай царкве, за выключэннем аднаго месца ў свеце, кажа святар.
Дыякан Лукаш Леанкевіч: У нашай традыцыі няма Крыжовага шляху, але, каб быць дакладным, трэба сказаць, што ў Вялікую пятніцу ў Іерусаліме па слядах Ісуса Хрыста на Галгофу ідзе праваслаўны Патрыярх Іерусаліма. Можна сказаць, што там адбываецца Крыжовы шлях. У нас няма набажэнства Крыжовага шляху, як у Каталіцкім касцёле, якое адпраўляюць падчас Пакутнага тыдня, але ёсць іншыя пакутныя малітвы.
У Вялікую пятніцу вечарам праваслаўныя вернікі пакланяюцца ў царкве Плашчаніцы.
Дыякан Лукаш Леанкевіч: У Вялікую Пятніцу вечарам, то бок, калі Хрыстос сканаў на Крыжы, мы сустракаемся на набажэнстве, падчас якога выносяць саван - у праваслаўнай традыцыі ён называецца плашчаніцай, па-грэчаску - эпітафія. Плашчаніца - гэта кавалак палатна, на якім выяўлена цела Ісуса Хрыста, пакладзенае ў Грабніцу. Гэта сімвал зняцця Ісуса з Крыжа і змяшчэння ў пячору. У царкве з вынясення плашчаніцы пачынаецца Вялікая субота. Хрыстос Збавіцель ляжыць у Магіле, а мы чакаем на Яго ўваскрэсенне.
Плашчаніцы кланяюцца, яе цалуюць, так як цалавалі Хрыста жанчыны-міраносіцы, якія намазалі духмянасцямі Яго мёртвае цела пасля ўкрыжавання. Цалуем, як Нікадзім ды Іосіф, якія прынеслі гэтае цела ў пячору. Водар плашчаніцы вельмі прыемны. На яе капаюць араматычным маслам, каб яна мела далікатны кветкавы пах і нагадвала пра тыя духмянасці, якімі намазалі цела Ісуса Хрыста.
Справа святар Андрэй Кузьма
На польскім Падляшшы ў некаторых вясковых прыходах існуе абычай праходзіць пад плашчаніцай. Святар Андрэй Кузьма з Беластока кажа, што гэты абычай прыдуманы людзьмі, каб, нібыта, гарантаваць сабе Божую абарону, але ён не мае літургічнага значэння.
Праваслаўны Вялікдзень адзначаецца пасля першай веснавой поўні па юліянскім календары і пасля яўрэйскай Пасхі. Сёлета Вялікдзень прыпадае на 5 траўня.
Польская Аўтакефальная Праваслаўная Царква налічвае каля 504 тысяч вернікаў. Цяпер гэтая колькасць павялічылася за кошт праваслаўных эмігрантаў з Беларусі і Украіны.
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, праваслаўныя ў Польшчы з'яўляюцца другой па велічыні рэлігійнай групай пасля вернікаў каталіцкага касцёла.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская