50,7 працэнта апытаных палякаў выказваецца за вяртанне ўкраінскіх прызыўнікоў на радзіму. Супраць выказваецца 39 працэнтаў рэспандэнтаў, а 10,3 працэнта – не мае свайго меркавання па гэтай справе. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання, праедзенага Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў IBRiS для выдання Rzeczpospolita.
Газета нагадвае, што ў канцы красавіка міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Польшча магла б дапамагчы ўкраінскім уладам у гэтым плане. Аднак віцэ-прэмʼер пра дэталі не гаварыў.
Прыхільнікамі садзейнічання вяртанню ва Украіну мужчын прызыўнога ўзросту зʼяўляюцца жанчыны (59 працэнтаў), людзі старэйшыя за семдзесят гадоў (64 працэнты), жыхары малых гарадоў (63 працэнты), асобы з базавай адукацыяй (65 працэнтаў) і тыя ў каго, як мінімум, трое дзяцей школьнага ўзросту (95 працэнтаў).
У асноўным гэта актыўныя вернікі (56 працэнтаў), асобы, у якіх цэнтрысцкія палітычныя погляды (57 працэнтаў), а на апошніх парламенцкіх выбарах яны галасавалі пераважна за правую партыю «Права і справядлівасць» (57 працэнтаў) або за кааліцыю «Трэцяя дарога» (56 працэнтаў).
У сваю чаргу групу праціўнікаў вяртання ўкраінскіх прызыўнікоў на радзіму складаюць пераважна маладыя людзі ва ўзросце 18-29 гадоў (88 працэнтаў), жыхары сярэдніх гарадоў (55 працэнтаў), якія маюць двое дзяцей школьнага ўзросту (70 працэнтаў), а таксама людзі з вышэйшай адукацыяй (45 працэнтаў), якія лічаць, што маюць правыя палітычныя погляды (49 працэнтаў), а на восеньскіх парламенцкіх выбарах галасавалі пераважна за крайне правую і еўраскептычную «Канфедэрацыю» (63 працэнты).
Апытанне праводзілася 10-11 траўня 2024 года на групе з 1 071 рэспандэнта.
аз