Слухайце сюжэт у далучаным файле!
Тры гады таму лета ў Беларусі было цяжкае – цягам двух месяцаў улады Беларусі разграмілі рэдакцыі і НДА, выціснулі за межы краіны мноства людзей, якія працавалі ў гэтых сферах. Можна сказаць, што тлустай кропкай у разгроме грамадзянскай супольнасці і знішчэнні свабоды слова сталі разгром офісаў, затрыманні кіраўнікоў, супрацоўнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна». Большасць з гэтых людзей, у тым ліку Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі і цяпер у зняволенні.
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі параўноўвае існыя ўмовы ў Беларусі з Крымам. Да падзей 2020-га года, да слова, беларускія журналісты нават мелі магчымасць паехаць на акупаваны Расіяй паўвостраў і паглядзець, што там адбываецца.
– Жыццё ў Беларусі і ў вымушанай эміграцыі сёння надзвычай адрозніваецца. У эміграцыі сёння працуюць усе незалежныя медыя, НДА, палітыкі. Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі, на жаль, адбываецца ў выгнанні. Унутры краіны гэта цяпер немагчыма. Але і ў Беларусі грамадства жыве: людзі, ходзяць на працу, сутыкаюцца са сваімі цяжкасцямі. Вялікая колькасць людзей прайшла праз рэпрэсіі, пра іх ведаюць усе: у некага родныя, у некага знаёмыя, аднакласнікі, а нехта і сам патрапіў пад пераслед. Унутры краіны няма медыяў, якія маглі б на месцы сачыць за грамадска-палітычным жыццём. Рэдакцыі, якія там засталіся, вымушана адышлі ад гэтай павесткі, а некаторыя і публічна задэкларавалі такую адмову.
Ні праваабаронцаў, ні палітычнай барацьбы – усё гэта задаўлена ўладамі. Сітуацыя вельмі падобная на акупаваны Крым, дзе жыццё ідзе, але кантроль над усім мае ФСБ і расійскія органы.
З другога боку людзі затаілася, але яны не перасталі быць прыхільнікамі дэмакратычных каштоўнасцяў, цудоўна разумеюць небяспеку вайны ва Украіне, пагрозы для Беларусі. Але гэта ўзор таго, што было ў часы Свецкага саюзу, калі людзі кажуць пра такое на кухнях і не далей за іх.
Разам з тым суразмоўца як пазітыўны момант адзначае захаванне палітычных апазіцыйных структур, НДА, медыя, хоць і ў эміграцыі – «маем Беларусь без зямлі».
Паводле ацэнак Беларуска асацыяцыі журналістаў, з краіны выехалі каля пяціста прадстаўнікоў медыйнай сферы – гэта і журналісты, і медыяменеджары, і прадстаўнікі розных прэс-службаў, спецыялісты ў сферы камунікацый.
«Большасць рэдакцый захавалася. Літва і Польшча – дзве краіны, дзе цяпер жывуць найбольш беларускіх журналістаў, актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, людзей, якія працягваюць нешта рабіць для Беларусі, – заўважае прадстаўнік БАЖ. – Фокус беларускіх недзяржаўных медыя застаецца на Беларусі. Часам гэта не падабаецца тым, хто з’ехаў, бо людзі хацелі б чытаць навіны, актуальныя для іх новага месца. Кожная рэдакцыя імкнецца захаваць свае крыніцы ўнутры Беларусі, кожная рэдакцыя радая зваротнай сувязі. Але складана прагназаваць, як гэта будзе праз пяць-дзесяць гадоў, калі сітуацыя захаваецца. Пакуль жа нельга казаць, што беларуская журналістыка адарвалася», — разважае Гарэцкі.
Прадстаўніца «Вясны», праваабаронца, куратарка выдавецкіх праектаў Алена Лапцёнак кажа, што ў драматызме нашага часу можна ўбачыць зрухі ў грамадскай свядомасці:
«Сыход з Беларусі трэцяга сектару, недзяржаўных арганізацый у эміграцыю дае магчымасць тым, хто застаецца ў Беларусі, шукаць інфармацыю, бачыць падтрымку, бачыць, што беларуская справа жыве, прасоўваецца. Пасля 2020-га года ўвага да беларускіх падзей, нацыянальнай культуры, гісторыі, мовы ўзрасла. Мне падаецца, што гэтай увагі цяпер значна больш, чым было да 2020-га. Я шмат гадоў працую ў гэтай сферы і раней было ўражанне, што жыццё само па сабе, а трэці сектар выглядаў як беларускамоўнае гета. Сітуацыя змянілася, таму мне падаецца, што ўсё не так кепска, як можа здавацца».
Суразмоўца звяртае ўвагу, што змаганне аўтарытарных уладаў з альтэрнатыўным светапоглядам – яскравае сведчанне таго, што людзі ў краіне зацікаўленыя ў тым, каб мець іншыя крыніцы інфармацыі, іншую культурную рамку.
Алена Лапцёнак таксама падкрэслівае, што Беларусь знаходзіцца ў зоне ўплыву Расіі, што блакуе магчымасці для развіцця сітуацыі станоўчы бок:
– Працяглыя рэпрэсіі, тая колькасць зняволеных, якія за кратамі, у рэжыме інкамунікада – гэта боль і трагедыя, моцны ўдар па беларускаму нацыянальнаму руху, па ўсяму народу, грамадству. Тое, што ўлада трымае людзей у страху, сведчыць, што апасаюцца хоць нейкага ўсплёску іншадумства. З іншага боку, паколькі Беларусь знаходзіцца ў зоне ўплыву Расіі, гаварыць пра вызваленне беларускіх палітвязняў, магчымасці гандлю з уладамі не выпадае. Самая вядомая сітуацыя з Анджэем Пачобутам: Польшча прыкладае шмат намаганняў, каб вызваліць прадстаўніка сваёй супольнасці, журналіста, але выніку няма. Сітуацыя ва Украіне ўплывае на падзеі ў Беларусі, мяркую, калі б не гэтая вайна, палітвязні ўжо былі б на волі. А пакуль можам толькі прагнуць заканчэння вайны, нават калі б спынілі руйнаванне гарадоў, забойства людзей, пачаліся нейкія перамовы, на Беларусь гэта таксама добра паўплывала б. Але пакуль Беларусь знаходзіцца ў зоне ўплыву Расіі, казаць пра беларускі вызвольны рух цяжка.
вх