Беларуская Служба

Даследчык пра белыя плямы гісторыі: як ішла мабілізацыя на вызваленай тэрыторыі, чаму з партызанамі ваявалі да пачатку 50-ых гадоў?

17.07.2024 23:26
Беларускім гісторыкам у Польшчы прасцей будзе даследаваць гэтыя тэмы.
Аўдыё
  • Беларускі інстытут публічнай гісторыі афіцыйна зарэгістраваны!
 .
Ігар Станкевіч.Фота: Наталля Грышкевіч

Беларускі інстытут публічнай гісторыі – грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае каля 20 беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў. Дырэктар установы Ігар Станкевіч у аўторак, 16 ліпеня, атрымаў пасведчанне аб афіцыйнай рэгістрацыі інстытуту ў Польшчы. Дзякуючы рэгістрацыі, беларускім гісторыкам будзе лягчэй весці сваю дзейнасць у Польшчы.

- Галоўныя накірункі нашай дзейнасці – папулярызацыя сапраўднай беларускай гісторыі, прасоўванне беларускіх наратываў, правядзенне даследчых прац. У Польшчы ёсць шмат дакументаў, якія раней не былі дасяжныя для беларускіх даследчыкаў, напрыклад, каля тысячы спраў з архіву КДБ.

Што вам дае афіцыйная рэгістрацыя?

- Мы можам дзейнічаць не як валанцёры – пісаць праекты, атрымліваць грошы. Мы дзейнічаем каля года, але валанцёрства калісьці мусіць скончыцца, паколькі ўсім трэба жыць, цяпер мы можам займацца гэтай дзейнасцю ўжо на платнай аснове. Тут, у Вітрыне Дому Усходняга адбываюцца часам лекцыі гісторыкаў на розныя тэмы. Прыходзяць людзі, якія робяць для сябе тут адкрыцці пра гісторыю, пра сучаснасць, пра нацыянальныя сімвалы.

Задача СМІ і гісторыкаў, даследчыкаў – адукаваць людзей, пашыраць гэтыя веды.

- Ёсць у нас ідэі, мы хацелі б навязаць кантакт з пэўнымі паблікамі, сумесна асвятляць некаторыя тэмы. У некаторых пабліках не дастае экспертнасці, а ў нас ёсць людзі, якія могуць глыбока ведаць тэму. У беларускай гісторыі вельмі шмат белых плямаў. У нас шмат праблемных месцаў, напрыклад, рэпрэсіі – няма ніводнай дысертацыі ў Беларусі. Перыяд акупацыі – вось зараз, пасля 3 ліпеня, ішло вызваленне Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, але якім чынам адбывалася мабілізацыя ў Чырвоную армію на вызваленых тэрыторыях? Або ўдзел беларусаў у іншых фармацыях, напрыклад, Арміі Андэрса. На сённяшні дзень ніхто не ў стане сказаць, колькі сапраўды загінула беларусаў, і ці яны загінулі, ці з’ехалі на Захад? Я дагэтуль не магу знайсці свайго дзеда, якога забралі на працу ў Нямеччыну і ён дадому не вярнуўся. Той жа ’39 год – вызваленне Заходняй Беларусі ці акупацыя? Або пасляваенны супраціў. Канчаткова савецкія ўлады скончылі з партызанамі на пачатку 50-ых гадоў. З кім яны ваявалі – ніхто нам асабліва не распавядае.

Слухайце далучаны гукавы файл.

нг