Беларуская Служба

Тры літры вады, шмат садавіны і агародніны, якасныя сонечныя акуляры – эксперты раяць, як справіцца са спёкай

18.07.2024 18:01
Калі ў спякотны дзень мы збіраемся, напрыклад, на пляж, то бутэрброд з жоўтым сырам можа прынесці больш шкоды, чым карысці, перасцерагаюць адмыслоўцы.
Аўдыё
  • Як справіцца са спёкай раяць эксперты
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Спякота ў Польшчы не адступае ўжо некалькі дзён і, паводле прагнозаў метэаролагаў, з кароткімі перапынкамі, яна будзе суправаджаць палякаў яшчэ доўга. У асобных рэгіёнах краіны тэмпература дасягае 32-35 градусаў Цэльсія. Дадаткова, паступленне гарачага паветра суправаджаюць гэтак званыя трапічныя ночы, калі мінімальная тэмпература не апускаецца ніжэй за 20 градусаў Цэльсія, што выклікае праблемы са сном. Як справіцца са спёкай раяць эксперты.

У Польшчы працягваецца самы доўгі перыяд спякоты ў гэтым годзе, з-за чаго ў большай частцы краіны дзейнічаюць метэаралагічныя папярэджанні не толькі ад высокай тэмпературы, але таксама ад гвалтоўных навальніцаў, шквалістага ветру і моцных ападкаў.

Працяглыя перыяды высокіх тэмператураў – гэта ўжо не анамалія, але цалкам нармальная зʼява ў нашай частцы Еўропы, да якой мы павінны прыстасоўвацца, папярэджваюць эксперты.

Прафесар Збігнеў Карачун(Zbigniew Karaczun) з Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве падкрэслівае, што перыяды працяглай спёкі, якія перамяжоўваюцца навальніцамі, ужо здараліся ў гісторыі і не ёсць нечым незвычайным. Аднак зараз галоўнай праблемай зʼяўляецца частата іх узнікнення, якая імкліва расце з кожным годам:

- У выніку зменаў клімату згаданыя з’явы больш раптоўныя, больш моцныя і назіраюцца з большай частатой. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра Варшаву, то, паводле прагнозаў, частата ўзнікнення, як мінімум, 5-дзённай спёкі напрыканцы стагоддзя будзе ў 600 разоў большая, чым цяпер.

Змены клімату павінны ўзяць пад увагу ўрбаністы. Арэацыйныя калідоры, больш зялёных зонаў і нізкая забудова – гэта элементы, якія робяць спёку ў гарадах больш выноснай для жыхароў, кажа галоўны рэдактар партала urbnews.pl Матэвуш Піруг(Mateusz Piróg):

- У Польшчы дамінуе заходні вецер. Мы павінны зрабіць усё, каб захаваць гэтыя арэацыйныя калідоры, якія з’яўляюцца «лёгкімі» Варшавы. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб не ствараць штучных бар’ераў для руху паветра – не будаваць маналітаў. Дзякуючы гэтаму мы можам кантраляваць рух паветра ў горадзе.

Урбаністы таксама звяртаюць увагу, што ў гарадах неабходна ствараць больш зялёных зонаў і ажыццяўляць пасадку высокіх дрэў.

У гарачыя дні варта асабліва паклапаціцца пра свой арганізм. Аснову нашай дыеты павінны складаць агародніна і садавіна. Іх цяпер багата, кажа дыетолаг Магдалена Чырында-Каледа(Magdalena Czyrynda-Koleda):

- У летнім сезоне, калі тэмпература надвор’я павышаецца, мы маем таксама неабмежаваны доступ да садавіны і агародніны. Гэта для нас натуральны сінгал, што трэба іх спажываць як найбольш. Нагадваю, садавіна і агародніна ўтрымліваюць не толькі вітаміны і мінералы, але таксама шмат вады.

Дыетолаг прапануе харчавацца трохразова і памяняць час абеда:

- Мы адчуваем меншы голад і большую смагу. Таму галоўную страву – абед, я б перасунула на вечар. Тут прыкладам з’яўляюцца жыхары ўзбярэжжа Міжземнага мора, якія галоўную страву спажываюць менавіта вечарам.

Калі ў спякотны дзень мы збіраемся, напрыклад, на пляж, то бутэрброд з жоўтым сырам можа прынесці больш шкоды, чым карысці, перасцерагае Аліцыя Пондэр (Alicja Ponder) з Інстытута навук аб харчаванні Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве:

- Лепш не рабіць бутэрбродаў з мясам і жоўтым сырам, якія могуць хутка сапсавацца. Добрым выхадам будзе бутэрброд з хумусам, з агароднінай.

Дадаткова пакаваць бутэрброды найлепш у алюмініевую фольгу, а затым у термасумку.

У спякотнае надворʼе спецыялісты рэкамендуюць выпіваць не менш за 3 літраў вадкасці.
Галаўны боль – адзін з першых сімптомаў абязводжвання арганізма, перасцерагаюць лекары. Паводле Аліцыі Пондэр, найлепш піць ваду і электраліты, якіх часта не хапае ў арганізме з-за высокай тэмпературы:

- Мы можам самі зрабіць ізатанічныя напой. Да вады трэба дадаць крыху мёду, солі, сок з лімонкі, фрукты, мяту. Імбір таксама выдатна падыдзе.

Наступная важная справа падчас спёкі – сонечныя акуляры, якія з’яўляюцца не толькі модным аксесуарам, але, перш за ўсё, абаронай вачэй ад ультрафіялетавага выпраменьвання. Каб добра выконваць сваю ролю, яны павінны мець адпаведны фільтр. Таму, лепш за ўсё, купляць сонечныя акуляры ў прафесійных салонах оптыкі, кажа Караліна Чарнота(Karolina Czarnota):

- Калі мы апранаем сонечныя акуляры дрэннай якасці, то яны кідаюць цень на вочы і прычыняюцца да таго, што нашыя зрэнкі пашыраюцца. Гэта дае эфект, супрацьлеглы жаданаму, то бок такія акуляры не ахоўваюць нашых вачэй.

Экспертка нагадвае, што сертыфікаваныя сонечныя акуляры зроблены з матэрыялу адпаведнай якасці, праходзяць кантроль і зʼяўляюцца медыцынскім вырабам, прызначаным для аховы здароўя.

Асаблівая рызыка падчас спёкі пагражае пажылым людзям, дзецям хранічна хворым асобам. Між тым, яркае сонца, высокая тэмпература і высокая вільготнасць – гэта самыя дрэнныя ўмовы для захоўвання лекаў. Некаторыя лекавыя прэпараты пад уздзеяннем сонечных прамянёў мяняюць свае фізіка-хімічныя ўласцівасці.

Нават кароткае ўздзеянне высокай тэмпературы можа зменшыць эфектыўнасць лекаў, а нават прычыніцца да таго, што яны стануць таксічнымі, кажа фармацэўт Малгажата Хмеляк(Małgorzata Chmielak):

- Лекавыя сродкі могуць распластоўвацца, памяняць колер, памяняць свой склад – гэта можа быць для нас небяспечнае.

Лекі трэба захоўваць у арыгінальнай упакоўцы з бачным тэрмінам прыдатнасці, дадае Малгажата Хмеляк:

- Самая лепшая тэмпература для захоўвання лекаў, калі вытворца не даручае інакш, гэта 15-25 градусаў Цэльсія. Іншая тэмпература не даручаецца для захоўвання лекавых сродкаў, паколькі яны могуць памяняць свае ўласцівасці і характар дзеяння.

Некаторыя прэпараты, такія як вакцыны, інсулін, частка антыбіётыкаў, вочныя кроплі варта захоўваць у халадзільніку пры тэмпературы 2-8 градусаў Цэльсія. Такія лекі неабходна перавозіць у спецыяльных ізаляцыйных мяшках.

Эксперты таксама перасцерагаюць не прымаць лекаў, якія змянілі сваю першапачатковую форму, пах або колер.

IAR/аз

Эксперт: Найбольш праблем ад змены клімату будуць мець наступныя пакаленні

15.07.2024 18:06
ААН называе глабальную змену клімату самай вялікай праблемай чалавецтва сёння, эксперты прагназуюць змену эканамічных мадэляў, бо клімат уплывае і на лад жыцця, і на падыходы ў эканоміцы.