Беларуская Служба

Упершыню ў гісторыі Польшчы на Алімпійскіх гульнях будзе больш жанчын, чым мужчын

21.07.2024 06:12
Калі П'ер дэ Кубертэн аднавіў ідэю сучасных Алімпійскіх гульняў, ён катэгарычна выступіў супраць ідэі дапусціць удзел жанчын.
Аўдыё
  • Упершыню ў гісторыі Польшчы на Алімпійскіх гульнях будзе больш жанчын, чым мужчын
Парыж PAP/EPA/TERESA SUAREZ

Алімпійскія гульні набліжаюцца хуткім крокам. У зборнай Польшчы ўпершыню ў гісторыі будзе больш жанчын, чым мужчын. Колькасць таксама азначае якасць, бо шанцы полек на медалі рэальныя.

Упершыню ў гісторыі за чырвона-белых на старт выйдзе больш жанчын (113), чым мужчын (100). Безумоўна, у гэта свой уклад унеслі польскія валейбалісткі, якія вярнуліся на алімпійскія спаборніцтвы пасля 16-гадовага перапынку.

-113 жанчын і 100 мужчын – гэта нешта цудоўнае, 213 спартсменаў едуць на Алімпійскія гульні, 18 чалавек у запасе. Мы вельмі радыя такой вялікай польскай камандзе. Мы разлічваем, што польскай зборная прынясе нам шмат радасці. Хваляванне захоўваецца, мы ўжо вельмі моцна чакаем пачатку спаборніцтваў. Разлічваем на шмат медалёў. Мы, як Польскі алімпійскі камітэт, клапоцімся, каб польская зборная мела як мага лепш камфортныя ўмовы, – гаворыць старшыня Польскага алімпійскага камітэту Радаслаў Пясевіч.

Упершыню польская зборная выступіла на алімпіядзе ў 1924 годзе, здабыўшы два першыя медалі. На працягу гэтага часу палякі прывезлі з летніх алімпіяд 298 алімпійскіх медалёў.

Упершыню за 100-гадовую гісторыю арганізаваны Дом польскі, расказвае Радаслаў Пясевіч:

-Дом, які павінен папулярызаваць Польшчу за межамі дзяржавы. Гэта павінен быць дом нашых спартсменаў, журналістаў, заўзятараў. Будзе шмат цудоўных рэчаў, спорт будзе аб’ядноўвацца з культурай. Дом – месца сустрэч. Мы разлічваем, што гэта будзе вельмі паспяховы праект.

Сцяганосцамі польскай зборнай будуць трохразовая алімпійская медалістка ў кіданні молатам Аніта Владарчык і валейбаліст Пшэмыслаў Замойскі.

-Аніта Владарчык, якая з’яўляецца трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай, прыняла прапанову стаць сцяганосцам, на адкрыцці яна будзе несці наш бела-чырвоны сцяг. Не ўтойваю, што я разлічваю на здабыццё ёю чацвёртага, залатога медаля на Алімпійскіх гульнях. Пшэмэк Замойскі з’яўляецца тытулаваным гульцом валейболу. Упершыню на алімпіядзе ён дэбютаваў у 2021 годзе, валейбол 3 на 3. Цяпер ён едзе другі раз. Памятайма, што на алімпійскіх спаборніцтвах толькі восем такіх каманд. Таму я спадзяюся, што гэты праклён будзе знесены. Спадзяюся, што і Аніта, і Пшэмэк здабудуць свае жаданыя медалі, – гаворыць старшыня Польскага алімпійскага камітэту.

Радаслаў Пясевіч адзначае, што кожны алімпійскі медаль – на вагу золата. Вельмі добрым вынікам, паводле старшыні ПАК, былі б 16 медалёў.

Дарэчы, удзел жанчын у Алімпійскіх гульнях планамерна павялічваецца. У Токіо ў 2020 годзе яны склалі больш за 48% усіх удзельнікаў (5457 з 11420 спартсменаў), у параўнанні з 23% у Лос-Анджэлесе ў 1984 годзе і 13% у Токіа ў 1964 годзе. Зімовыя гульні 2022 года ў Пекіне былі самымі гендэрна збалансаванымі ў гісторыі з рэкордным удзелам жанчын у 45%.

Гульні 2020 года ў Токіо былі не толькі самымі гендэрна збалансаванай летняй алімпіядай, але яны таксама ўнеслі змены, якія дазволілі пары мужчына-жанчына разам несці сцяг на цырымоніі адкрыцця. Гэтай магчымасцю скарыстаўся 91% нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, значна павялічыўшы прыкметнасць спартсменак падчас гэтага сімвалічнага мерапрыемства.

Згодна з паведамленнямі МАК, поўная гендэрная роўнасць на Алімпійскіх гульнях павінна быць дасягнута ў Парыжы ў 2024 годзе.

Калі ў канцы XIX стагоддзя арыстакрат П'ер дэ Кубертэн аднавіў ідэю сучасных Алімпійскіх гульняў, ён катэгарычна выступіў супраць ідэі дапусціць удзел жанчын у спаборніцтвах. Француз палічыў, што гэта было б парушэннем старажытнай алімпійскай традыцыі. На яго думку, прадстаўніцы «прыгожага полу» падчас Алімпіяды могуць выконваць толькі дэкаратыўную функцыю. Іх лёс – быць добрай маці і жонкай, таму ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах ім непрыстойна.

Жанчын дапусцілі да ўдзелу толькі ў 1900 у Парыжы і 1904 у Сэнт-Луіс, ЗША. Тады яны дэманстравалі сваё майстэрства ў матчы па крыкеце, гольфе і спаборніцтвах па стральбе з лука. Аднак спаборніцтвы былі праігнараваныя Міжнародным алімпійскім камітэтам. Цікава, што ў Сэнт-Луісе быў і жаночы баксёрскі паядынак, які быў асвістаны гледачамі.

Прарыў для ўдзелу жанчын у Алімпійскіх гульнях адбыўся ў 1908 годзе ў Лондане. Гэта стала вынікам кампаніі англійскіх суфражыстак, якія пагражалі арганізатарам, што калі яны не пагодзяцца дапусціць жанчын да ўдзелу ў спаборніцтвах, іх арганізацыя зробіць усё, каб спыніць мерапрыемства.

Жанчыны выступалі ў трох дысцыплінах – тэнісе, стральбе з лука і фігурным катанні.
Калумніст Стывен Халідэй у сваім артыкуле «Алімпійскія гульні ў Лондане, 1908» піша, што адной з удзельніц тэніснага спаборніцтва была Шарлота «Лоці» Дод, якая – як самы малады чалавек у гісторыі – ва ўзросце ўсяго пятнаццаці гадоў выйграла тытул у адзіночным разрадзе на Уімблдон у 1887 годзе. Цікава, што падчас Алімпіяды 1908 года яна выступала не ў тэнісным турніры, а ў турніры па стральбе з лука – заваявала сярэбраны медаль. Калі яе брат Уільям перамог у мужчынскай катэгорыі, яны сталі першымі братам і сястрой у гісторыі, якія заваявалі алімпійскія медалі.

Першы залаты медаль для Польшчы на Алімпійскіх гульнях заваявала Галіна Канапацка. 31 ліпеня 1928 года яна кінула дыск на рэкордную адлегласць – 39,62 м.

PR24/ав