Гэта такое месца, дзе можна займацца тэхнічнымі справамі
Яўген па адукацыі інжынер, працуе ў сферы ІТ. Пасля беларускіх падзей 2020 году, пераехаўшы ў Польшчу, ён працягвае займацца тым самым, чым і ў Беларусі. Праўда, проста працаваць і зарабляць грошы Яўгену не хапае.
У польскай Познані айцішнік з Беларусі стварыў Hackerspace, якога ў гэтым горадзе не было.
— Hackerspace – гэта такое месца, дзе можна займацца тэхнічнымі справамі. Калі мы пераехалі ў Познань, то тут папросту не знайшлі, дзе можна было б зрабіць свой тэхнічны праект, дзе было б усё неабходнае абсталяванне, машыны, інструменты, іншыя рэчы. Тут можна займацца праграмаваннем, мадыфікацыяй розных дэвайсаў ці проста сабрацца разам з сябрамі і пагуляць у камп’ютарныя гульні. Вось прыкладна так гэта выглядае.
Мы проста прасоўваем тэхнічную адукацыю
Што цікава, Яўген арганізаваў Hackerspace ў офісе, які здымае для працы. Многія інструменты і абсталяванне ён прывёз з сабой з Беларусі, але іншыя неабходныя інструменты і абсталяванне давялося дакупляць ужо ў Польшчы, яшчэ нешта прынеслі сябры. Больш таго, карыстацца ўсім гэтым тут можна бясплатна, паколькі суразмоўца пераследуе адукацыйныя мэты.
— У нас не камерцыйная арганізацыя, а адукацыйная. Мы прапануем адукацыю людзям, вучым, як карыстацца 3D-прынтарам, нашымі матэрыяламі. Можна ў нас набыць пластык і друкаваць, а можна свой прынесці і неабходнае надрукаваць – гэта не будзе нічога каштаваць. Мы проста прасоўваем тэхнічную адукацыю для людзей і ствараем супольнасць для беларусаў.
Гэта значыць тое, што патрэбна не толькі эмігрантам, але і наогул сучасным людзям?
— Так, мы вучым людзей, як карыстацца біткойнам, як ім рабіць плацяжы, як яго захоўваць на доўгі тэрмін альбо наогул пакінуць нашчадкам, як рабіць плацяжы наўпрост адзін аднаму без банкаў. Ну і таксама тое, што звязана з hardware hacking – гэта, калі ты бярэш нейкую прыладу і мадыфікуеш яе. Напрыклад, можаш узяць Wi-Fi модуль за два даляры і дадаць яго ў любы электронны дэвайс - лямпу, мікрахвалёўку, кава-машыну. У выніку ў цябе атрымліваецца Wi-Fi прылада, і ты можаш уключаць і выключаць яе, напрыклад, з тэлефона. Мы вучым, як зрабіць разумны дом, каб можна было кіраваць у ім асвятленнем, ацяпленнем і рознымі такімі тэхнічнымі рэчамі.
У нас беларускае месца, але яно для ўсіх
У Беларусі Яўген не з’яўляўся сябрам Hackerspace, хаця кажа, што ў Мінску такія месцы былі. Але паглядзеў, як гэта робяць у Еўропе, яму спадабалася, і вырашыў адкрыць такое месца ў Познані дзеля таго, каб беларусам, якія пераехалі сюды, было лягчэй сацыялізавацца.
Паводле яго слоў, да іх прыходзяць самыя розныя людзі.
— У нас тут такое беларускае месца, і ў асноўным да нас прыходзяць беларусы, нашы сябры і сябры сяброў. Але таксама ёсць украінцы, палякі ды людзі з самых розных краін, якія цяпер жывуць у Польшчы. Але асноўнае ядро нашай суполкі – беларусы. Нехта прыходзіць, каб здзейсніць свой праект, нешта адрамантаваць, а нехта проста імкнецца пабыць у кампаніі беларусаў, паразмаўляць, пабавіць час.
А беларусы наогул ахвотна ўдзельнічаюць у вашых праектах?
— Так, канешне. Людзям заўсёды нешта трэба зрабіць, адрамантаваць. Таму тут пастаянна нехта рамантуе навушнікі, нехта робіць лямпу, бо не ва ўсіх дома ёсць патрэбнае абсталяванне: паяльнік, асцылограф… А ў нас такое месца, дзе ўсё можна знайсці.
Хачу, каб людзі вучыліся тэхналогіям
У еўрапейскіх краінах падобныя Hackerspace дзейнічаюць на камерцыйных умовах. Бываюць розныя: дзе даражэй, а дзе танней. Цікаўлюся ў Яўгена – чаму яго праект для карыстання бясплатны?
— Таму што я люблю тэхналогіі, хачу сам гэтым займацца і хачу, каб людзі навокал таксама вучыліся, займаліся, абменьваліся досведам у распрацоўцы розных праектаў.
Вы атрымліваеце ад гэтага сатысфакцыю?
— Канешне. Гэта вельмі прыемна і прыносіць задавальненне, калі ты робіш нейкую прыладу, і яна потым працуе. Ці праграмуеш нейкую праграму, і потым яна сама нешта робіць, а ты толькі глядзіш.
Мне цікава чаму мы такія
А ў вас ёсць нейкія іншыя хобі ці інтарэсы?
— Ёсць. Я цікаўлюся нейрабіялогіяй, антрапалогіяй, мне цікава, як працуе мозг і наогул паходжанне чалавецтва, чаму мы такія, якія мы ёсць. Таксама ўдзельнічаю ў грамадскай дзейнасці, дапамагаю рабіць сайты, базы дадзеных і падобнае.
Я пераехаў з палітычных прычын
Як не прыкра гэта гучыць, але такія прафесіяналы, як Яўген, якія маглі б прыносіць шмат карысці свайму народу і дзяржаве, пасля пратэстаў 2020 году ў Беларусі аказаліся непатрэбнымі. Ён даведаўся, што міліцыя яго шукае.
— Так, я пераехаў з палітычных прычын, бо падчас выбараў быў назіральнікам, сам бачыў, як адбываецца выбарчы працэс. Потым удзельнічаў у пратэстах, збіраў подпісы за адкліканне дэпутата, арганізоўваў суседзяў – розныя былі актыўнасці. І з-за гэтага, зразумела, у Беларусь лепей не вяртацца, паколькі там цяпер небяспечна.
У Польшчы людзі дастаткова ветлівыя
Жыццё ў эміграцыі, паводле Яўгена, наладзіць было не складана, паколькі з беларускага прадпрымальніка стаў польскім, англійскую фірму змяніў на амерыканскую. Ды і інтэгравацца ў новае грамадства аказалася таксама не складана.
— Польская мова вельмі падобная да беларускай, і беларусам яе вучыць не складана, асабліва калі ты знаходзішся ў польскім асяроддзі, мова сама ўваходзіць у цябе. Таму зараз ніякіх праблем ні ў краме, ні ў аптэцы, ні ў іншых месцах не ўзнікае. Часта даводзіцца нешта тлумачыць напалову па-польску, напалову па-беларуску – звычайна гэта спрацоўвае. Магу сказаць, што ў Польшчы людзі дастаткова ветлівыя і імкнуцца дапамагчы, калі бачаць, што ты стараешся гаварыць на іх мове.
Сумую і хацелася б вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь
Тым не менш, суразмоўца кажа, што і Беларусь узгадвае даволі часта.
— Вельмі шкада, што давялося пакінуць родную краіну, бо я хачу зрабіць больш буйны Hackerspace і хачу зрабіць яго ў Беларусі. Я ўсё ж грамадзянін Беларусі, і мне прасцей будзе там рабіць нейкія ініцыятывы, бо я і людзей там лепш разумею, і мясцовае заканадаўства. Але абставіны пакуль такія, якія ёсць.
А, наагул, сумуеце па Беларусі?
-Так, сумую і хацелася б вярнуцца, але ўжо ў дэмакратычную Беларусь.
Павел ЗАЛЕСКІ