Беларуская Служба

БТ зняло чарговы ролік пра Курапаты — «віны НКУС у расстрэлах тут няма»

28.08.2024 16:37
Чаму беларускія ўлады намагаюцца кантраляваць гісторыю Курапатаў?  
Аўдыё
  • «Пракуратура ў сваім заключэнні напісала так: даказана, што там забівалі людзей і расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС» — палітык, гісторык Зянон Пазняк.
Урочышча Курапаты Фота: Andrej Kuźniečyk/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Прайшло больш за 35 гадоў, як былі апублікаваныя  матэрыялы пра расстрэлы людзей супрацоўнікамі НКУС пад Мінскам. Але афіцыйныя ўлады ўвесь час адмаўляюць гэта.  Прапагандыстка Ксенія Лебедзева зняла чарговую стужку, у якой расказвае, што пахаванні пад Мінскам – гэта забітыя фашыстамі людзі падчас Другой сусветнай вайны, а «віны НКУС у расстрэлах тут няма». Чаму беларускія ўлады намагаюцца кантраляваць гісторыю гэтага месца?  

Слухайце сюжэт у далучаным файле

Упершыню пра масавыя расстрэлы супрацоўнікамі НКУС ва ўрочышчы Курапаты стала шырока вядома 3 чэрвеня 1988 года з артыкула «Курапаты — дарога смерці» Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва. Публікацыя атрымала вялікі рэзананс і прывяла да пачатку крымінальнага расследавання, у выніку якога было ўстаноўлена, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры расстрэлаў, якія праводзіліся НКУС у 1937-1941 гадах. Паводле ацэнак, у Курапатах былі расстраляныя некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Пазней ва ўрочышчы Курапаты паўстаў народны мемарыял.

Падчас сустрэчы ў Беларускім доме ў Варшаве Зянон Пазняк расказваў, што інфармацыя, сведчанні пра расстрэлы з’явіліся яшчэ ў 1970-ыя гады, але на той момант шанцаў, што атрымаецца пачаць даследаванні, археалагічныя працы не было:

«Люблю пагаварыць з простымі людзьмі, і яны мне расказвалі, а гэта быў пачатак 1970-ых гадоў, што ў гэтым лесе шмат магіл  — там расстрэльвалі людзей. Расказалі мне страшныя рэчы. Я пайшоў туды і ўбачыў западзіны (на месцах пахаванняў, — рэд.), магілы. Мы гаварылі пра гэта з мастаком Міколам Купавам, яшчэ пра гэтую таямніцу я расказаў свайму сябру Яўгену Шмыгалёву, ён працаваў інжынерам на заводзе імя Арджэнікідзэ. Мы хадзілі па тых западзінах і разумелі, што гэта немагчыма аб’явіць, напісаць пра гэта. Бо, калі стане вядома, то там пабудуюць ці стадыён, ці басейн, а нас пасадзяць. Быў страшны час. Вы ведаеце, што стадыён «Дынама» пабудаваны на габрэйскіх могілках. Так спецыяльна рабілі, каб знішчыць гісторыю, памяць. Мы чакалі свайго часу. Паўтараю, гэта быў пачатак 1970-ых гадоў – ніхто не ведаў пра гэта, апрача нас  і тых людзей, якія нам расказалі пра гэта. І час настаў у 1980-ыя,калі пачалася Перабудова, людзі сталі вальней, з’явілася абмежаваная свабода слова».

Жаданне не прызнаваць факты масавых расстрэлаў органамі НКУС тлумачыцца тым, што існая дзяржаўная сістэма ёсць спадкаемцам, кажа грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык:

«Гэта Гбшны генезіс. Менавіта таму яны не хочуць сказаць праўда пра камуністычныя рэпрэсіі ў Беларусі, якія былі жахлівымі. Улады цудоўна ведаюць, што там расстрэльвала чэкісцкая злачынная сістэма, цудоўна гэта ведаюць. Двойчы была заведзеная крымінальная справа, шмат дакументаў ёсць, якія пра гэта кажуць адназначна. Але ўлада робіць усё, каб замаўчаць пра  злачынства сваіх папярэднікаў, бо і яны штодзень робяць злачынствы. Курапаты цяпер з’яўляюцца вобразам, бо беларуса – адзіная нацыя ў Еўропе, якой забаронена ведаць праўду пар камуністычныя рэпрэсіі. Толькі ў адным Мінску было не менш за 15 месцаў, дзе злачынная сістэма ЧК, ГПУ, НКВД, МГБ расстрэльвала беларусаў. Такія месцы былі каля кожнага райцэнтра. Вельмі шмат беларусаў загінулі ў ГУЛАГу, лічбы жахлівыя, і яны заніжаныя, бо закрытыя архівы, родзічы не ведаюць, дзе пахаваныя іх сваякі. Пасля 2020-га года гэтая сістэма павярнулася да сталінскіх часоў, і ўсё ідзе да таго, што гэтая сістэма пачне забіваць беларусаў. Праз палітычныя рэпрэсіі, як і іх папярэднікі».

Палітык, гісторык Зянон Пазняк звяртае ўвагу на падыходы Пракуратуры Беларусі да расследавання справы па Курапатах:

«Пракуратура ў сваім заключэнні напісала так: даказана, што там забівалі людзей і расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС. Гэта даказана. Крымінальная справа закрываецца, бо тыя, хто гэта рабілі, або самі былі расстраляныя, альбо ўжо не жывуць. Усе матэрыялы падлягаюць знішчэнню. Усё, што мы накапалі, што было, у археалогіі гэта здаецца ў архіў, бо гэта навуковы матэрыял. Але паколькі пракуратара вяла крымінальную справу, а мы былі ў іх на падрадзе, то яны былі ўласнікамі гэтага і знішчылі. Але ўсё зафіксавана, сфатаграфавана, таму супраць гэтага не пойдзеш. Але развіваецца навука і на сённяшні дзень гэтыя знаходкі маглі б сказаць нешта іншае».

На сённяшні дзень Курапаты пад Мінскам — гэта найперш грамадскі мемарыял, створаны менавіта грамадзянамі краіны. Кожны раз улады ідуць на нейкія саступкі, толькі пад ціскам грамадскасці. Напрыклад, так было, калі наўпрост праз Курапаты хацелі пракласці кальцавую дарогу, пазней актывісты дабіліся, каб будоўлю бізнес-цэнтра аднеслі ад урочышча.

У лістападзе 2018 года ў Курапатах з санкцыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь быў устаноўлены памятны знак. Ён уяўляе сабой канструкцыю з звонам, на якую нанесены надпісы на чатырох мовах, афіцыйных у даваеннай БССР (беларуская, руская, ідыш і польская). У той жа час у цэнтры ўрочышча ад імя Рэспублікі Беларусь з'явілася таблічка, дзе пазначана, што яно з'яўляецца «месцам гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў ХХ ст.» і «гісторыка-культурнай каштоўнасцю», а «прычыненне шкоды караецца па законе».

вх

Лукашэнкаўская газета заклікала знішчыць пахаванні ў Курапатах

07.11.2022 11:25
Прапагандыст патрабуе «ад імя беларусаў» правесці эксгумацыю рэшткаў ахвяр Курапатаў і перапахаваць іх.

Даследчыца рэпрэсій Чарнаморцава: Супрацоўнікі КДБ казалі, што прычына затрымання – мае экскурсіі ў Курапаты

05.06.2023 15:22
35 гадоў таму ў газеце «літаратура і Мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Дарога смерці», у якім расказвалася пра Курапаты – месца забойства і пахавання тысяч людзей, якія былі закатаваныя ў час сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.