— Спадар Ілля, у сацыяльных сетках ужо з’явілася аб’ява аб наборы ў суботнюю беларускую школку на наступны навучальны год у Познані. Найперш, каго вы чакаеце?
— Як і летась, мы чакаем усіх беларускіх дзетак ад 6 да 14 гадоў, чые бацькі, зразумела, выкажуць жаданне, каб іх дзеткі навучаліся на беларускай мове.
— Праект беларускай суботняй школкі ў Познані даволі паспяхова праіснаваў адзін год. Ці можаце нагадаць нашым слухачам, што ён сабой уяўляе?
— Заняткі ў нас толькі па суботах, не кожны дзень, як у звычайных школах. І звычайна гэта тры суботы ў месяц, адна субота заўсёды вольная. З заняткаў у нас: беларуская мова, для старэйшых класаў яшчэ і беларуская літаратура, танцы, вакал, маляванне, гісторыя. Усе гэтыя заняткі праводзяцца на беларускай мове. У новым навучальным годзе мы плануем, калі атрымаецца, дадаць яшчэ англійскую мову. Кожны клас, у нас іх чатыры, мае па чатыры гадзіны заняткаў.
Беларуская школка ў Познані
— За год існавання школкі які досвед вы набылі?
— Наша школа абапіралася на папярэдні досвед з Варшавы. Там сёлета яны пачнуць ужо трэці год існавання. Першы год нам было вельмі няпроста пачынаць, а сёлета ўжо маем досвед, знайшлі бацькоў. Усяго ў нас каля 40 дзетак, хаця напачатку запісалася больш за сто. Людзі спадзяваліся, што гэта будзе паўнавартасная школа, а аказалася, што гэта школа, якая не выдае ніякіх дыпломаў аб адукацыі.
— Калі вы не выдаеце ніякага дыплому аб заканчэнні навучання, то ў чым сэнс існавання такой школы?
— Мы нават пыталіся адказаць на гэтае пытанне нашых бацькоў – навошта яны прыводзяць сюды сваіх дзяцей? Аказваецца, паводле іх, ёсць нейкая агульная звышмэта, каб адукацыя на беларускай мове не знікала. У нас жа ёсць дзеці, якія нарадзіліся ў Беларусі і вывучалі беларускую мову, а ёсць тыя, хто там нарадзіўся, але мову не вывучаў. Некаторыя дзеці наогул нарадзіліся ў Польшчы. Многія не ўяўлялі, што, да прыкладу, гісторыю могуць выкладаць па-беларуску. І вось адна з гэтых звышмэтаў – захаваць гэтую адукацыю на беларускай мове, бо ў самой Беларусі яна сціснулася да немагчымага. І таксама аказалася, што наша школка вельмі добры асяродак для сацыялізацыі беларускіх дзетак, яны добра сябе пачуваюць у кампаніі сваіх землякоў, бо не ва ўсіх атрымліваецца лёгка адаптавацца да польскіх школ.
— Цікавая наогул сітуацыя: адны дзеткі вывучалі мову, іншыя не вывучалі, а трэція наогул нарадзіліся ў Польшчы. Як гэта ўсё суіснуе?
— Суіснуе толькі калі ёсць агульная мэта. Усе гэтыя дзеткі вучацца таму, што такое Беларусь, адкуль яны самі паходзяць, якія там рэкі і гарады, дзе знаходзіцца іх радзіма. Што датычыцца мовы, то гэта асабліва цікава, бо ў класах гучаць напэўна ўсе мовы свету. Напачатку навучальнага году беларуская мова была ў меншасці, літаральна пяць чалавек гаварылі на ёй. Пад канец навучальнага году лічба павялічылася, як найменей, у два разы. Напрыканцы году ўсе дзеці звыкліся, што вучацца па-беларуску, што аказваецца па-беларуску можна не толькі прачытаць адзін вершык, але і гуляць у футбол, можна нешта крычаць сябрам на вуліцы па-беларуску. У нас яшчэ многія дзеткі гавораць па-руску, але ў іх адназначна застаецца сентымент да беларускай мовы. Яны да нас ходзяць, вучаць мову, ім падабаецца знаходзіцца ў нашым асяродку.
— Зразумела, што дзеці не самі прыйшлі да вас. А вось чаму, на ваш погляд, рускамоўныя бацькі аддаюць дзяцей у вашу школу?
— Памятаю, яшчэ Барадулін заўважыў, што большасць беларусаў толькі за мяжой усведамляюць, што яны беларусы. І мне здаецца, што ў звязку з апошнімі геапалітычнымі падзеямі многія беларусы ў Польшчы ўсведамілі, што яны не проста хтосьці, а канкрэтны народ, з пэўнай мовай, каштоўнасцямі і культурай.
— Хто ў вашай школе выкладае?
— У нас працуюць настаўніцы, іх сем чалавек, пераважна гэта жанчыны з вялікім педагагічным досведам. У некаторых за плячыма 15-20 гадоў працы ў школах альбо іншых навучальных установах. Гэта людзі, якія па розных прычынах апынуліся ў Польшчы і якія тут пазбаўлены магчымасці працаваць на педагагічнай ніве. Таму для іх праца з дзецьмі ў нашай школе – гэта вяртанне да натуральнага ладу жыцця.
— Што датычыцца навучальных праграм, падручнікаў, па якіх дзеткі вучацца, як выглядае сітуацыя з гэтым?
— Праграму кожная настаўніца стварае асабіста. Адзінай праграмы не існуе. На падручнікі мы збіралі грошы і набывалі іх у Беларусі. Яшчэ нам дапамагае “Беларуская палічка ў Познані” тым, што вылучыла адмысловую дзіцячую секцыю беларускай літаратуры. І канкрэтна гэтай літаратурай карыстаюцца ўсе нашы вучні, настаўнікі і бацькі.
— Хутка пачнецца новы навучальны год. Якія аргументы за тое, каб дзеці ішлі ў вашу школу?
— Па-першае, калі запытаць саміх дзетак, то ім у нас вельмі весела, утульна. Калі мы пачыналі наш праект, збіраліся, думалі, разлічвалі, але нават не ўяўлялі, што дзеці будуць тут проста цешыцца і радавацца. Аказалася, яны тут, акрамя вучобы, заводзяць сяброў, гуляюць на перапынках у футбол, што калі выходзяць да дому, то шкадуюць, што ў наступную суботу не будзе заняткаў і сустрэнуцца толькі праз два тыдні. Ёсць дзеткі, якія закахаліся ў нашых настаўніц і вельмі сябруюць. Ім добра ў нашай школцы, але апроч гэтага і ім, і іх бацькам наша школка дае магчымасць захаваць тое, што вельмі цяжка захаваць. Захаваць не проста ідэнтычнасць, а аднавіць яе ў нас саміх, тое, што губляецца не проста зараз, а гублялася на працягу доўгага часу.
Дзякуй за гутарку.
Павел ЗАЛЕСКІ
Здымкі:
- Ілля Сініца
2-3. У суботняй беларускай школцы ў Познані