Каманда імкнецца атрымаць афіцыйны дазвол ад Польскай федэрацыі футбола, каб у якасці клубу, дзе граюць беларусы, пачаць выступаць у польскім чэмпіянаце, у ніжэйшай лізе. Пакуль няма рашэння па працэдурных прычынах, але каманда не здаецца. Для шматлікіх удзельнікаў гульня ў футбол – гэта не толькі спартовы азарт, але нешта большае: пачуццё салідарнасці, супольнасці ды ўзаемадапамогі. Гэта асабліва важна, калі ты - эмігрант за мяжой, кажуць адзін з сузаснавальнікаў Антось Лагвінец і гулец каманды Глеб Давідовіч.
Антось Лагвінец (злева) і Глеб Давідовіч (справа)
Нядаўна ў рамках Форума Вольнага беларускага ўніверсітэта (ВБЎ) адбылася адкрытая дыскусія з удзелам стваральнікаў футбольнай каманды «Пагоня Варшава», падчас якой прагучалі словы пра тое, што для некаторых беларусаў за мяжой, напрыклад, у Варшаве, футбол стаў сапраўдным інструментам для наладжвання жыцця, аднаўлення сацыяльных сувязяў ды пошуку аднадумцаў. Распавядзіце, як гэта здарылася ў Вашым выпадку, у чым тут спецыяльная сіла футбола?
Антось Лагвінец: Шмат людзей пасля падзей 2020-га года мусілі пакінуць Радзіму, і вельмі шмат футбалістаў ды аматараў футболу знайшлося ў Варшаве. У нас ёсць суполка, якая ўвесь час павялічваецца. Мы пачыналі проста разам гуляць, каб мець нейкія сацыяльныя сувязі, каб мець новых сяброў, знаёмствы, альбо проста разам бавіць час. Справа ў тым, што той, хто вырушыў за мяжу, часта едзе ў невядомае. На новым месцы часта нічога няма, няма быту, няма таго, што засталося на Радзіме. У такой сітуацыі, дзякуючы футболу можна было ўзнавіць гэтыя сувязі, знайсці новыя знаёмствы, знайсці паплечнікаў, якія таксама апынуліся ў падобнай сітуацыі.
Як было ў Вас, Глеб?
Глеб Давідовіч: У мяне падобная сітуацыя – гэта пратэсты 2020-га, пасля чаго пераезд у Польшчу. Я пачаў тут шукаць сяброў ды нейкую футбольную суполку, бо я ўсё сваё жыццё гуляў у футбол. Так сталася, што мы пазнаёміліся і пачалі гуляць у футбол. Гэта ўсё пачало перарастаць ва ўсё большае community, прыцягваць усё больш людзей. Так я апынуўся ў «Пагоні».
Вы кажаце, што Вас цяпер вялікая грамада, але колькі гэта прыкладна людзей?
Антось Лагвінец: У нас суполка ў Тэлеграме налічвае 480 актыўных удзельнікаў. Людзі дадаюцца і сыходзяць увесь час, бо не ўсе застаюцца ў Варшаве, і тут на месцы склад таксама ўвесь час мяняецца. Нехта прыводзіць сваіх сяброў, нехта далучае знаёмых да суполкі на розныя нашы падзеі ды турніры, акцыі салідарнасці і т.д.. Суполка ўвесь час жыве, абмяркоўвае ўжо не толькі футбольныя тэмы. Гэта натуральна, бо цяжка змясціць на адным полі 400 чалавек. Таму мы ў футболе ўжо падзяліліся на групы, але каля футбольныя варшаўскія навіны, ці агульныя навіны дыяспары, мы працягваем абмяркоўваць усе.
Колькі Вас гуляе ў футбол, ці ёсць касцяк тых, хто рэгулярна прыходзіць?
Ілюстрацыйны здымак
Глеб Давідовіч: Касцяк – гэта галоўная каманда «Пагоня», апроч таго Антось стварыў такую сетку каманд «Team Ivulin», дзе пастаянна гуляе, як мне падаецца, больш за 100 чалавек. У рамках «Пагоні» пастаянна гуляе больш за 50 чалавек.
Антось Лагвінец: У нас ёсць каля 6 каманд, якія гуляюць у аматарскіх лігах менавіта ад нашай суполкі. Трэба памятаць, што ёсць беларусы, якія стварылі свае ўласныя каманды, пагуляўшы ў нас. Гэта наша сталая праблема, што не змесціш на полі вялікую колькасць людзей. Трэба ўвесь час дзяліцца, або рабіць нешта сваё, калі хочаш запрасіць новых. У выніку праз суполку «Team Ivulin» аматарскіх каманд прайшло больш за 150 чалавек. У «Пагоні» больш за 30 чалавек, хто на сур’ёзным узроўні гуляе.
Калі ў Вас клуб «Пагоня», ці гэта значыць, што ў Вас ёсць і заўзятары. Хто прыходзіць Вас падтрымліваць?
Глеб Давідовіч: Абавязкова, у першую чаргу прыходзяць сябры, знаёмыя. На апошні матчы ў Кубку Польшчы на матч «Пагоні» сабралася даволі шмат людзей. Не ведаю, колькі дакладна, але не менш за 300.
Антось Лагвінец: Паводле нашых падлікаў было больш за 500 чалавек. Больш за палову стадыёна на трыбунах запоўнілі менавіта беларусы: аматары футболу, і тыя, хто хоча адчуць атмасферу, хто хоча сабрацца разам, пакрычаць «Жыве Беларусь», падтрымаць з бел-чырвона-белым сцягам каманду ды адчуць тыя эмоцыі, якія зараз немагчыма мець у Беларусі. У краіне складаная сітуацыя з нацыянальнай зборнай і з беларускім футболам, дзе людзі, якія адкрыта выступілі супраць гвалту, страцілі магчымасці гуляць, засталіся без працы ды мусілі разарваць кантракты або ўвогуле з’ехаць з краіны.
Глеб Давідовіч: Футбол – гэта пункт прыцягнення людзей. Наша суполка ў Тэлеграм «Беларускія ногі Варшавы» – гэта такое месца, куды трапляюць усе, хто прыязджае ў Варшаву ды хоча гуляць у футбол. Адтуль ужо людзі прыходзяць на матчы, ці пачынаюць гуляць, знаходзяць сяброў.
Заўзятары на трыбунах падчас матчу «Пагоня Варшава»
Вам даводзілася некаму са знаёмых з суполкі дапамагаць?
Глеб Давідовіч: Такое ў нас пастаянна. Заўсёды, калі ў кагосьці ўзнікаюць праблемы са здароўем, ці фінансавыя клопаты, мы заўсёды пішам, што патрэбна дапамога і людзі скідваюцца грашыма. Увесь час камусьці дапамагаем.
Антось Лагвінец: Летась мы рабілі «Турнір Салідарнасці» з сям’ёй аднаго з палітзняволеных. Каманды скідваліся і мы сабралі грошы. Летам рабілі «Турнір памяці Мікіты Краўцова». Сабралася 14 каманд, нават з Літвы прыехала каманда беларусаў, былі каманды з іншых гарадоў Польшчы: Беластоку, Гданьска, была таксама адна ўкраінская каманда. Людзі аб’ядноўваюцца. У гэтым адна з нашым мэт. Напрыклад, калі ўзнікла патрэба – наш гулец атрымаў жудасную траўму, мы сабралі грошы яму на аперацыю, каб ён мог далей хадзіць. Сувязі, якія мы маем праз футбол, мы пераносім на наша звычайнае жыццё і дапамагаем адзін аднаму, калі ёсць патрэба.
Калі ў Вас усё настолькі сур'ёзна, што Вы думаеце далей рабіць?
Антось Лагвінец: Мы ў ліпені афіцыйна зарэгістравалі клуб і цяпер маем юрыдычную асобу. Мы планавалі і плануем удзельнічаць у ніжэйшым афіцыйным польскім дывізіёне. У нас ідуць перамовы з Mazowieckim Związkiem Piłki Nożnej, то бок з мясцовай футбольнай федэрацыяй. Пакуль яны ставяць такія ўмовы, што мы не можам, на жаль, гуляць, бо не маем пашпартоў Еўрапейскага Саюза. Мы спрабуем атрымаць выключэнне, і пакуль спрабуем ладзіць матчы і трэніроўкі ў таварыскім фармаце. Магчыма бліжэйшым часам гэта зменіцца. Таксама мы плануем ад імя суполкі працягваць рабіць турніры салідарнасці, а восенню зрабіць трэці турнір Івуліна. Магчыма праз наш футбольны клуб мы будзе рабіць не толькі спартовыя падзеі.
Калі Ваша бюракратычная праблема вырашыцца, наколькі ў Вас сур’ёзныя намеры, збіраецеся перамагаць дывізіён?
Антось Лагвінец: У нашых планах працягваць змагацца, каб атрымаць ліцэнзію на ўдзел. Калі ў гэтым годзе не атрымаецца здабыць ліцэнзію, мы дамовіліся з польскімі камандамі, якія гуляюць у тым дывізіёне, дзе мы хочам гуляць, каб штотыдзень з імі спаборнічаць па-за табліцай, але сезон правесці ў любым выпадку. Пакуль не было ніводнай адмовы, мы ўжо правялі першы матч. Ёсць планы на наступныя туры.
Post by @bkspahonia
View on Threads
Запрашаем аматараў футбола, якія хацелі б далучыцца да беларускага футбольнага жыцця ў Варшаве на матчы і трэніроўкі футбольнай каманды «Пагоня Варшава». Навіны ды інфармацыя пра матчы каманды даступная ў сацыяльных сетках BKSPahonia ў Instahram ды Threads. Каманда пачынае сезон і будзе актыўна гуляць у бліжэйшыя месяцы.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч