Беларуская Служба

Сёння адзначаецца Сусветны дзень прадухілення самагубстваў

10.09.2024 16:15
Паводле экспертаў, 80 працэнтаў людзей, якія жадаюць пакончыць з сабой, звычайна кажуць пра гэта, але не наўпрост.
Аўдыё
  • Сусветны дзень прадухілення самагубстваў
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Gerd Altmann/pixabay.com/CC0 Public Domain

Летась у Польшчы скончылі жыццё самагубствам 145 асобаў ва ўзросце да 19 гадоў, у той жа ўзроставай групе 2 000 чалавек удалося выратаваць пасля спроб суіцыду. Сёння адзначаецца Сусветны дзень прадухілення самагубстваў - ён закліканы павысіць веды ў грамадстве на тэму людзей у псіхічным крызісе, адчувальнасць да такіх людзей, а таксама навучыць іх, як шукаць і знайсці дапамогу.

Першая, эмацыйная дапамога можа выратаваць жыццё асобе ў псіхічным крызісе, пераконвае эксперт Бюро па прадухіленні суіцыдальных паводзінаў Інстытуту псіхіятрыі і неўралогіі, каардынатар сайту «Жыццё вартае размовы» Гальшка Віткоўска(Halszka Witkowska):

- Людзі пазбаўляюць сябе жыцця таму, што яны хочуць памерці, а не таму, што яны хочуць жыць. Мы павінны быць для іх «святлом у канцы тунэлю»; паказаць сэнс далейшага жыцця. Зразумела, адна размова не заменіць ні тэрапіі, ні фармакатэрапіі, але згаданая адна размова можа выратаваць жыццё. Калі ў адпаведным моманце мы акажам чалавеку ў крызісе цяпло, пашану і ўвагу, то можа аказацца, што ён адмовіцца ад спробы самагубства.

Самае галоўнае - заўважыць крызіс і размаўляць з асобай у крызісе, не асуджаючы яе:

- Калі чалавек ставіцца да крызіснай сітуацыі сур’ёзна, то мы павінны ставіцца да яго з павагай. Мы не ведаем яго і яго гісторыі; не ведаем, ці ў яго гэта першы ці чарговы крызіс. Таму нельга ацэньваць, але выслухаць. Дзейнічаем толькі на канец. Часта дапамагае сама размова. Часам неабходная дапамога спецыялісты ў галіне псіхічнага здароўя. Тады добра дапамагчы запісаць такую асобы на прыём; дапамагчы знайсці адпаведнага спецыяліста. Нагадваю, асоба ў псіхічным крызісе магчыма, не зможа гэтага зрабіць самастойна, таму што ў яе проста няма на гэта сіл.

Экспертка нагадвае, што 80 працэнтаў людзей, якія жадаюць пакончыць з сабой, звычайна кажуць пра гэта, але не наўпрост. Таму варта звяртаць увагу на тыповыя сімптомы людзей у суіцыдальным крызісе:

- Часта такія асобы пачынаюць хутка худнець або набіраць вагу; яны могуць стаць вельмі соннымі; ізалявацца ад знаёмых. Яны не хочуць выходзіць з дому. Занепакоіць павінен выпадак, калі нехта раздае свае рэчы, развітваецца з блізкімі.

Каардынатарка дапамогі на сайце „Жыццё вартае размовы” і эксперт кабінета па прадухіленні суіцыдальных спробаў Люцына Кіціньска (Lucyna Kicińska) звяртае ўвагу на сімптомы суіцыдальных думак у падлеткаў, такія як уцёкі ў свет Інтэрнэту, раздражняльнасць, або ўжыванне псіхатропных рэчываў, алкаголю і наркотыкаў:

- У выпадку дзяцей, у такой сітуацыі мы павінны пастарацца зразумець. То бок, перш за ўсё, пацікавіцца, прычынай – што такое здарылася. Не пагражаць пакараннем. Не казаць: Я не так цябе выхоўвала.

У рамках сайта «Жыццё вартае размовы» можна знайсці дапамогу ў цяжкіх сітуацыях, звязаных з эмацыйным крызісам. Там праводзяцца бясплатныя кансультацыі для моладзі, бацькоў і настаўнікаў, а таксама людзей, якія ў жалобе пасля самагубства сваіх блізкіх.

Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна, а асобы якія гэтага патрабуюць, накіроўваюцца ў цэнтры дапамогі. Дапамогу можна атрымаць і па кругласутачных тэлефонах даверу для дарослых і для дзяцей у эмацыйным крызісе (адпаведна 116 123 і 116 111).

Тое, што ўсё больш маладых людзей змагаюцца з праблемамі псіхічнага здароўя адлюстроўвае таксама статыстыка дзіцячага тэлефона даверу Упаўнаважанага па правах дзяцей.

Са студзеня па жнівень гэтага года кансультанты адрэагавалі на 1 062 выпадкі, якія патрабавалі ўмяшання, якое выратавала жыццё або здароўе дзяцей.

Прэс-сакратар Упаўнаважанага па правах дзіцяці Моніка Горна-Цесляк(Monika Horna-Cieślak) заклікае маладых людзей карыстацца гэтай формай падтрымкі:

- Тэлефон сапраўды звоніць, мы дапамагаем маладым людзям. Я хацела б, каб кожны малады чалавек ведаў пра тое, што такі тэлефон працуе. Варта ведаць таксама пра тэлефон Фонду «Мы даем дзецям сілу» (116 111), дзе таксама можна патэлефанаваць. Ён працуе круглыя суткі, сем дзён на тыдзень. Заахвочваю карыстацца і такімі формамі падтрымкі.

Нумар дзіцячай тэлефоннай лініі Упаўнаважанага па справах дзяцей - 800 12 12 12. Толькі ў жніўні спецыялісты, якія там працуюць, рабілі 5 умяшанняў у дзень.



Сёння, у Сусветны дзень прадухілення самагубстваў, ужо сёмы раза праходзіць сацыяльная кампанія «Жыццё вартае размовы». У ейных рамках у варшаўскім Цэнтры навукі «Капернік» праходзіць канферэнцыя пад назвай «Выйграй жыццё!».  

Віцэ-міністр нацыянальнай адукацыі Паўліна Пехна-Венцкевіч (Paulina Piechna-Więckiewicz) анансавала ўвядзенне стандартаў для настаўнікаў па прадухіленні суіцыдаў:

- Яны павінны дапамагаць асобам, якія працуюць з дзецьмі і моладдзю прадухіляць суіцыдальныя крызісы, падтрымліваць падчас і пасля крызісу. Важная таксама падтрымка асобаў, якія пасрэдна сутыкаюцца з такім крызісам.

Стандарты павінны быць падрыхтаваны з удзелам экспертаў на працягу месяца.

Сусветны дзень прадухілення самагубстваў быў ініцыяваны ў 2003 годзе Міжнароднай асацыяцыяй па прадухіленні самагубстваў (IASP) у супрацоўніцтве з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (WHO) і Сусветнай федэрацыяй псіхічнага здароўя (WFMH). У Польшчы Сусветны дзень прадухілення самагубстваў адзначаецца з 2018 года.

IAR/аз

У Польшчы дзяцей можна застрахаваць ад хейту ў школе. Выпадкаў вербальнага гвалту ўсё больш

06.09.2024 07:01
У польскіх школах усё менш няшчасных выпадкаў, звязаных з фізічнымі траўмамі, але ўсё больш нянавісці – паказвае апошняя справаздача rankomat.pl.