Беларускія недзяржаўныя медыя тры гады працуюць у выгнанні. Што адбываецца з грамадскай думкай ва ўмовах абмежаванага доступу да свабоднай інфармацыі, чаму прапагандысцкія ідэі, нават абсурдныя прывабныя для некаторых жыхароў Еўрасаюза і што адбываецца, калі свет перастае бачыць адценні жыцця.
Размаўляем пра гэта з кіраўніком Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом.
Слухайце размову ў далучаным файле!
— Апішыце, у якім цяпер стане сектар беларускіх медыя. За апошнія чатыры гады недзяржаўныя медыя прайшлі розныя этапы — ад піку актыўнасці, да разгрому, пэўнай фрустрацыі і адбудовы жыцця і працы журналістаў у эміграцыі. Што на гэты момант?
— Зраблю заўвагу, я магу размаўляць пра беларускі незалежны медыясектар. Бо ёсць дзяржаўны медыясектар, і ёсць выданні, якія паўсталі на тым пустым месцы, што засталося пасля выціскання незалежных выданняў. Мы разглядаем беларускі медыясектар як адзіны, галоўнае, каб гэта былі незалежныя ад дзяржавы структуры, працавалі на беларускую аўдыторыю. Такія выданні засталіся і ў Беларусі, нягледзячы на тое, што ёсць уражанне, быццам усе выехалі. Ёсць тыя, хто цалкам перабраўся за мяжы краіны. Ёсць выданні, у якіх, напрыклад, менеджмент, частка калектыву працуе за мяжою, але частка людзей застаецца ў Беларусі і працуе ананімна.
Слушна сказана, што было некалькі перыядаў: разгром, але потым медыя паўсталі за мяжою — у Літве, Польшчы, Грузіі, Германіі.
Улады робяць усё, каб з аднаго боку абмежаваць доступ аўдыторыі, а з іншага — доступ медыя да інфармацыі ўнутры краіны. Пакуль працуюць, што будзе праз год-другі, цяпер цяжка сказаць.
— На месца выціснутых з краіны медыя ўжо прыйшлі новыя рэсурсы, ці закрываюць яны запыты жыхароў Беларусі ў Інфармацыі. І наколькі атрымліваецца медыя ў выгнанні захоўваць сваю аўдыторыю?
— Зразумела, што выданні, якія засталіся працаваць у Беларусі, дзейнічаюць ва ўмовах жорсткай самацэнзуры. Палітычныя тэмы знаходзяцца па-за іх магчымасцямі, востры сацыяльныя пытанні таксама. У гэтым кантэксце яны не могуць даваць тую інфармацыю, якую яшчэ пяць гадоў таму беларускія незалежныя выданні рыхтавалі для сваёй аўдыторыі.
Што тычыцца таго, як з сітуацыяй змагаюцца беларускія медыя ў выгнанні, мы ж разумеем, што калі амаль усе яны абвешчаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі ці іх матэрыялы — экстрэмісцкай прадукцыяй, то гэта ставіць пад крымінальную пагрозу аўдыторыю. Медыя спрабуюць выйсці да людзей праз Tik-Tok, Youtube, Telegram-каналы, аўдыторыя таксама шукае тэхнічныя магчымасці, размова найперш пра выкарыстанне VPN. Мусім разумець, што гэта вядзе да страты аўдыторыі, застаецца ядро, выпадковыя наведвальнікі.
Але агулам цяжка казаць пра паспяховую працу з чытачамі, гледачамі, калі яны знаходзяцца пад пагрозаю крымінальнага пераследу.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў на адкрыцці канферэнцыі ў Вільні. 10 верасня 2024 года.
— Падчас адной з медыя канферэнцый прадстаўнік заходняга фонду агучыў думку, што праца ў выгнанні немагчымая працяглы час. Праз пяць год журналісты будуць вымушаныя ці сысці з прафесіі, ці пераўтварыцца ў брытанскіх, польскіх, літоўскіх журналістаў. Беларускія журналісты ў выгнанні ўжо падыходзяць да гэтай мяжы, бо акурат чатыры гады таму пачаўся працэс вымушанай эміграцыі. На ваш погляд, гэтая думка слушная? Наколькі яна прымянімая да беларускай медыясупольнасці?
— Гэты чалавек меў рацыю. Гэтае пытанне мяне таксама хвалюе: што будзе праз 2-3 гады. Я не скажу, што праз умоўных пяць гадоў усё скончыцца. Але зразумела, што чым больш часу беларусы знаходзяцца за мяжою, чым больш часу ў іх няма наўпроставых сувязяў з аўдыторыяй, чым менш механізмаў манетызацыі — продажу кантэнту, продажу рэкламы, а хто будзе даваць рэкламу ў экстрэмісцкіх медыя? — тым больш у іх будзе думак, што трэба працаваць на аўдыторыю краіны, у якой яны знаходзяцца. Гэта вялікі выклік, і я не ведаю, як сітуацыя будзе развівацца. Спадзяюся, медыя змогуць утрымацца.
Але гэтыя ж словы гучаць і як апраўданне таго, каб зменшыць фінансаванне. І з гэтым мы ўжо таксама сутыкаемся.
— Сацыялагічныя дадзеныя, якія паказваюць стаўленне беларусаў да расійскага ўварвання ва Украіну, маё асабістае перакананне, шмат у чым заслуга беларускіх недзяржаўных медыя, якія гадамі фармавалі адэкватную карціну свету, адэкватнае мышленне. Ва ўмовах, калі на месца выціснутых СМІ прыйшлі расійскія, ці новыя медыйныя праекты, гэта ўплывае на светапогляд людзей, ён змяняецца?
— Я думаю, што для светапогляду любой нацыі маюць значэнне два паняцці — паслядоўнасць і бесперапыннасць. І калі беларусы атрымлівалі пэўную інфармацыю, іх светапогляд сфармаваўся, то не так проста цяпер гэта кардынальна змяніць. І мы бачым пацверджанне — усё ж стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне адрознае, чым у расіян.
Паслядоўнасць і бесперапыннасць працуюць на беларусаў. З другога боку, я ўвесь час кажу пра шматплатформеннасць беларускіх незалежных медыя, гэта дазваляе ўтрымліваць ядро аўдыторыі, прыцягваць выпадковую аўдыторыю.
Беларуская прапаганда ўсё ж не зусім паўтарае расійскую прапаганду. Яны ідуць хутчэй паралельна ці нават крыху разыходзяцца. Мы рабілі маніторынг расійскай прапаганды ў Беларусі, і было заўважна, што за апошнія гады на тэлебачанні колькасць расійскіх праграм, якія наўпрост рэтранслююцца, усё ж крыху зменшылася. З'явіліся свае наратывы, у якіх усё большую ролю пачынае граць культ асобы Лукашэнкі. Беларуская прапаганда крыху адрозніваецца ад расійскай прапаганды. Гэта не значыць, што яна лепшая за расійскую, але ўносіць пэўныя свае фарбы. Калі сітуацыя будзе разгортвацца так, як цяпер, думаю, яшчэ некалькі гадоў беларускія незалежныя змогуць утрымліваць свае пазіцыі ў фармаванні парадку дня беларусаў, і гэта паўплывае на змену сітуацыі.
— Чаму, на ваш погляд, абсурдныя ідэі, абсурдныя навіны, якія трапляюць да рускамоўнай аўдыторыі Еўрасаюза з расійскіх крыніц, знаходзяць водгук і сімпатыю? Здавалася б, людзі жывуць у іншых умовах і павінны разумець каштоўнасці свабоды, выканання правоў.
— Думаю, ёсць некалькі пунктаў. Першае, банальна, ёсць вялікія грошы, каб прасоўваць падобныя прапагандысцкія матэрыялы.
Другое, і мы з гэтым сутыкаемся не першы год, выкарыстоўваецца штучны інтэлект, алгарытмы, каб даследаваць прыхільнасці чалавека. Па выніку праца ботаў, фабрык троляў скіроўваецца менавіта на тое, каб прасоўваць ідэі, якія бліжэй чалавеку, што ён гатовы ўспрыняць.
І трэцяе, філасофскае: не ўсе людзі разумныя і добрыя, шмат хто гатовы прыняць такую карціну сусвету, якую ім даюць расійскія тролі.
— Пытанне ў кантэксце скандалу са стужкаю «Расіяне на вайне» Анастасіі Трафімавай. Ці можа цяпер у медыя прасторы, маскультуры быць гісторыя, якая, напрыклад, спачувае агрэсару. Ці мы прыйшлі да моманту, калі ёсць абсалютнае зло і немагчыма разважаць пра адценні зла, прычыны яго паходжання і г.д.?
— Заўважу, што беларусы цяпер таксама суагрэсары. Нават калі яны ўсё жыццё супрацьстаялі дыктатарскім рэжымам, цяпер яны раптам выяўляюцца пагрозаю для нейкіх дзяржаў, сутыкаюцца з негатыўнымі момантамі. Напрыклад, нядаўна ў Вільні было некалькі падобных інцыдэнтаў, але незразумела хто гэта рабіў — спецслжбы ці мясцовыя жыхары. Перасячэнне мяжы, тыя ці іншыя праблемы — з гэтым сутыкаюцца людзі, якія, можа быць, праціўнікі рэжыму. Але іх адштурхоўваюць ад Еўропы. Тое ж тычыцца і грамадзян Расіі, якія не падтрымліваюць вайну, выступаюць супраць яе.
Калі гаворым усё ж пра медыя, культуру, то для мастака не можа быць забароны на выказванне. Бо свабода выказвання — адна з падставовых свабод чалавека. Іншая справа, з'яўляецца выказванне спробаю данесці сваю думку, разабрацца ў нейкім складаным пытанні, ці гэта частка прапаганды, паўтор прапагандысцкіх наратываў.
Мая арганізацыя выступае супраць абмежаванняў свабоды выказвання, гэта значыць, што супраць тых забарон, якія не звязаныя з абмежаваннямі, пералічанымі ў шматлікіх міжнародных дакументах — у Дэкларацыі правоў чалавека, у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, у Еўрапейскай канвенцыі.
вх