«Мы хацелі б ведаць, што здарылася, чаму так шмат бяздомных людзей цяпер стаяць у чэргах па бясплатную ежу», — кажа Адрыяна Пароўска (Adriana Porowska), якая шмат гадоў працавала з бяздомнымі людзьмі, віцэ-прэзідэнтка Варшавы з 2024 года.
Гуманітарныя арганізацыі звяраюць увагу, што павялічваецца колькасць людзей, якія апынаюцца ў сітуацыі бяздомных. Цэнтр Варшавы, маецца на ўвазе раён цэнтральнага чыгуначнага вакзала і метро Centrum, з’яўляюцца кропкаю канцэнтрацыі бяздомных людзей. Гэта ўплывае на суб’ектыныя ацэнкі колькасці бяздомных у сталіцы Польшчы. Аднак Адрыяна Пароўска гаворыць, што няма дадзеных, якія б паказвалі гэты рост.
Паводле штогадовага даследавання Міністэрства працы і грамадскай палітыкі ў Варшаве бяздомнымі лічацца 1864 чалавекі.
Разам з тым яна гаворыць, што трэба правесці даследаванне. Плануецца апытаць людзей, якія прыходзяць за бясплатнай ежай, каб высветліць, ці гэта бяздомныя людзі, ці яны стаяць у чарзе за ежай, бо не могуць сабе дазволіць аплаціць харчаванне, гэта палякі ці замежнікі, ці ёсць сярод іх грамадзяне Украіны, якія з’ехалі са сваёй краіны па прычыне вайны і г. д.
Адрыяна Пароўска падкрэслівае, што трэба змяніць падыход да арганізацыі працы бясплатнага прытулку (цяпер працуе адзін прытулак і ён знаходзіцца ў раёне Белаленка ў Варшаве), дзе такія людзі могуць пераночыць. Цяпер правілы забараняюць там знаходзіцца людзям у нецвярозым стане, у гэтым прытулку няма дзяжурных медыкаў, ратаўнікоў. Размова ідзе пра тое, каб людзі, якія шматкроць карыстаюцца начлежкаю, маглі займець рэальныя шанцы на барацьбу з алкагалізмам.
Суразмоўца выдання пераконвае, што ўрэшце прытулкі, дзе бяздомныя могуць пераночыць, павінны з’явіцца ў розных раёнах Варшавы.
Разважаючы пра тое, як змагацца з прычынамі, а не вынікамі бяздомнасці, Пароўска падкрэслівае, што трэба арганізаваць сістэму прадастаўлення жылля людзям, якія, напрыклад, уцякаюць ад хатняга гвалту, для людзей старых, з інваліднасцю і г. д.
«Трэба зрабіць усё магчымае, каб дарослы чалавек мог жыць самастойна», — гаворыць Пароўска, разважаючы пра хібы прадастаўлення не асобнага памяшкання ці пакою даросламу чалавеку, а толькі ложка ў пакоі, што ўрэшце вядзе да канфліктаў, не дае чалавеку ўмоў для самастойнага жыцця.
Адрыяна Пароўска гаворыць, што цяпер бяздомнымі часта становяцца людзі пасля разводаў, бо страчваюць жытло і не могуць дазволіць сабе самастойна арандаваць кватэру.
Паводле яе назіранняў, як кіраўніцы прытулку ў мінулым, гэтую сітуацыю атрымліваецца пераадолець толькі кожнаму пятаму бяздомнаму чалавеку. Але яна зноў-такі падкрэслівае, што колькасць такіх людзей магла б быць большай, калі б існавала сістэма таннай арэнды кватэр.
«За час працы з людзьмі ў крызісе бяздомнасці я прыйшла да высновы, што гэта такія ж людзі, як і я. Проста ў іх жыцці здарылася нешта, што выпхнула чалавека ў бяздомнасць».
Паводле Gazeta Wyborcza/вх