Салідарнасць заўсёды была і ёсць моцным бокам нацыянальнага характару палякаў. І на гэты раз людзі ў самых розных кутках краіны не падвялі. Усюды ладзяць акцыі дапамогі асобам, якія пацярпелі ў выніку паводкі. У гэтую дапамогу ўключаюцца як муніцыпальныя органы, так і школы, арганізацыі трэцяга сектару, скаўты і касцёлы. Акрамя грашовых сродкаў, збіраюць перш за ўсё прадукты харчавання з доўгім тэрмінам захоўвання і ваду. Праўда, вада затапіла многія дамы і кватэры на поўдні Польшчы, яна ўсюды, але з-за гэтага водаправодная вада можа быць непрыдатная да спажывання з-за вялікай колькасці забруджвання.
Ахвяраванні збіраюць і гарадскія ўлады, напрыклад, Варшавы, аб чым паведаміў у сацсетках мэр сталіцы Рафал Тшаскоўскі.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск (Donald Tusk) заклікаў быць салідарным з пацярпелымі ад паводкі. Падчас прэс-канферэнцыі ён заявіў, што шмат арганізацый аказваюць дапамогу і збіраюць ахвяраванні.
- Мы прасоўваем некаторыя ініцыятывы, якія накіраваныя на дапамогу, напрыклад, Вялікага аркестра святочнай дапамогі. Але можна аказваць дапамогу пацярпелым таксама праз іншыя структуры. Шмат арганізацый збірае ахвяраванні, ім таксама можна перавесці сродкі або перадаць рэчы. Трэба памятаць пра ўсіх, каму патрэбная дапамога і паважаць усе ініцыятывы, накіраваныя на аказанне дапамогі. Цяпер у Польшчы назіраецца вялікая хваля, значна большая, чым тая хваля вады на Одэры або на Нысе – гэта вялікая хваля салідарнасці і спантаннай дапамогі. І таму працуйце з кожным, хто гатовы шчыра дапамагаць іншым людзям.
Пра тое, якую дапамогу збірае фундацыя Human Doc, распавядае супрацоўніца арганізацыі Ізабэла Жбікоўска (Izabela Żbikowska).
- Мы развозім пакеты з дапамогай. У іх сродкі гігіены, бытавая хімія, сухія прадукты харчавання, але таксама некаторыя элементы, якія могуць даць радасць і палепшыць эмацыянальны стан дзяцей – школьныя прыналежнасці, алоўкі, ласункі. Праўда, гэтыя апошнія – толькі невялікі дадатак.
Адной з арганізацый, якая аказвае дапамогу, з'яўляецца дабрачынная фундацыя "Вялікі аркестр святочнай дапамогі" (WOŚP). Як паведаміў на прэс-канферэнцыі разам з прэм’ер-міністрам яе кіраўнік Ежы Оўсяк (Jerzy Owsiak), арганізацыя ўжо прызначыла 40 мільёнаў злотых на набыццё тавараў першай неабходнасці. Пра самыя неабходныя тавары паведамляюць прадстаўнікі мясцовай улады. Фундацыя таксама пачала збор сродкаў для ахвяр паводкі.
Ежы Оўсяк заклікаў не забываць пра жывёл, ім таксама вельмі цяжка.
- Неабходна зняць сабакам ланцугі, адчыніць дзверы кароўніка ці іншага памяшкання, дзе жывуць жывёлы, каб яны маглі з яго выйсці – гэта таксама вельмі важна. Сярод прадметаў дапамогі, якія мы набываем, ёсць таксама тавары, прызначаныя для жывёлы. Яшчэ раз паўтару, якія тавары самыя патрэбныя – вада ў бутэльках, хлеб з доўгім тэрмінам захоўвання, сухія прадукты харчавання, ежа для дзяцей, гігіенічныя тавары, папяровыя ручнікі, корм для жывёлы, бытавая хімія, паўэрбанкі, батарэйкі, ліхтарыкі, пледы, спальныя мяшкі, падушкі.
У акцыю дапамогі ўключыліся і дзяржаўныя структуры, у тым ліку парламент. У Сейме – ніжэйшай палаце парламента – збіраюць патрэбныя рэчы. Вада ў бутэльках, кансервы, мыючыя сродкі, спальныя мяшкі і гумовыя боты. Гэта тое, што зараз больш за ўсё патрэбна ахвярам паводкі. Сейм збірае рэчы для людзей, якія пацярпелі ад высокай вады на поўдні Польшчы. Маршалак Сейму Шымaн Галоўня (Szymon Hołownia) кажа, што такая дапамога можа быць праменьчыкам надзеі для пацярпелых.
- Я разумею, што ў параўнанні з той вялікай хваляй дапамогі, якая ідзе да пацярпелых з розных куткоў Польшчы, наша акцыя – гэта кропля ў моры патрэб. Але гэтая кропля можа быць вельмі патрэбная. Бо гэта кропля вады, якая нясе жыццё, сілу і энергію. Гэтая вада, якую мы тут збіраем, можа быць променем надзеі для ўсіх тых, хто на працягу апошніх дзён меў кантакт з вадой, якая несла разбурэнне. Таму я вельмі прашу ўсіх удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.
У такой нестандартнай сітуацыі людзям патрэбная не толькі матэрыяльная ці фінансавая дапамога. Многія захочуць скарыстацца кансультацыяй у лекара-спецыяліста або тэрапеўта. Старшыня Нацыянальнага фонду аховы здароўя Філіп Новак (Filip Nowak) паведаміў, што пацыенты, якія пацярпелі ад паводкі, могуць скарыстацца дапамогай любога ўрача-тэрапеўта, а не толькі таго, у якога яны зарэгістраваныя.
- Я падпісаў распараджэнне, якое дазваляе фінансаваць аказанне медычных паслуг пацыентам, якія не ўваходзяць у так званы актыўны спіс. Гэта значыць, пацыенты, якія ў звычайных умовах карысталіся паслугамі свайго лекара-тэрапеўта, могуць пайсці на візіт да кожнага ўрача на тэрыторыі краіны. І гэты лекар атрымае з фонду фінансаванне дадзенага візіту.
Нацыянальны фонд аховы здароўя адкрыў тэлефонную даведку, у якой можна атрымаць інфармацыю, куды звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў пацярпелых ад паводкі раёнах, якія паліклінікі працуюць.
IAR/нг