Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Было адчуванне, што мы жывём на старонках гісторыі»

25.09.2024 17:32
Згадваючы той 2020 год, які сам перажыў, адседзеўшы тройчы за кратамі, ён верыць, што так ці інакш настане і наш беларускі час.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант распавядае пра 2020 год.
. .
Познань. Рынак.Фота: Павел Залескі.

Лукашэнка страціў свой шанец у 2020-ым годзе

Спадар Сяргей займаўся ў Беларусі прадпрымальніцтвам. Кажа папросту, што жыў, як меншасць. А вось у 2020-ым у атмасферы, як згадвае, з’явіўся нейкі новы водар.

- Удзел у выбарах новых уплывовых асобаў: Бабарыкі, Цапкалы, тады ўжо вядомага блогера Ціханоўскага – яно натхняла. Бо з мінулага досведу было сумна нечага чакаць: якія выбары, ды не будзе ніякіх выбараў. Больш таго, традыцыйна іх імкнуліся правесці імкліва: у траўні аб’явілі, а ў жніўні ўжо павінны адбыцца. Я думаў ну як людзям паспець падрыхтавацца. Улада то гатовая, у іх ужо ўсё зроблена. Але дзякуючы гэтым новым кандыдатам узрасла зацікаўленасць ну і да таго грамадства было салідарызавана праз ковід. Ну і пайшла такая кампанія, якая пазней вылілася ў пратэсты. 

Паводле суразмоўцы, Лукашэнка тады страціў свой шанец спакойна адысці ад улады, паколькі ніхто не жадаў яго пераследу, людзі проста хацелі зменаў, бо ім надакучыла жыць пры адным прэзідэнце столькі часу. Спадар згадвае словы з песні гомельскіх музыкаў: “Уходи тихо, мирно и спокойно…”

- Чаму людзі тады масава выйшлі на пратэсты? Бо ў іх было жаданне сказаць: “зыходзь” і дзеля гэтага была легітымная падстава выйсці падпісацца. Нічога супрацьпраўнага людзі тады не рабілі. Папросту супала магчымасць і жаданне людзей.

Цяпер мы ведаем – Дзеда Мароза не існуе

І выкарыстоўваючы ў размове эпітэты, суразмоўца заключае, што беларусам давялося пераканацца ў некаторых практычных рэчах. Прынамсі ў тым, што ў рэчаіснасці Дзеда Мароза не існуе, бо ўсе іх пажаданні, якія яны перадалі яму праз выбарчыя ўрны, у выніку не збыліся.

Наогул, паводле суразмоўцы, падчас тых падзей беларускі народ значна вырас у ацэнцы самасвядомасці.

- Палітыка да гэтага не цікавіла людзей, не было з кім гаварыць ні пра мову, ні пра суверэнітэт, ні пра вектар развіцця. Бо ўсе ставілі пластыкавыя вокны, рабілі еўрарамонты, куплялі аўтамабілі, бралі крэдыты… Ніякай справы нікому не было да дэмакратыі, палітыкі і г.д. А тут адбыўся рост самасвядомасці людзей. І цяпер яны так падраслі, што ведаюць – Дзед Мароз не існуе.

А яшчэ спадар перакананы, што ўсе тры кандыдаты, якіх ён называў, адмысловыя праекты розных расейскіх палітычных колаў.

- Таму гэты банкет быў падобны на рэвалюцыю 1917 году: што зроблена там, а перапала і нам…

Навука дручкамі

У той самы час тады на вуліцах і роднага гораду ён бачыў шчаслівых людзей, якія ўсміхаліся адзін аднаму, якія адчулі, што значыць салідарнасць. А вось улада на гэта адказала па свойму.

- Памятаючы разгон мірных пратэстоўцаў 19 снежня 2010 году на святога Міколу, а тады яны ўправіліся за адзін дзень, я разумеў, што Лукашэнка ім сказаў, што цяпер слаба білі. Жорсткасць узмацнілася. І чым яны займаліся – вучылі дручкамі свой народ. Яны ж, калі білі нас, прыгаворвалі: чаго табе не хапала, дзяржава табе ўсё дала, а ты такі не харошы. І таму тое, што не зрабіла іх школа, яны даводзілі дручкамі, маўляў, не можна так…

Той дзень павінен стаць Днём беларускіх жанчын

Згадваючы пра падзеі 2020 году суразмоўца прызнаецца, што найбольш аднак яму запомніліся жаночыя акцыі.

- Тая салідарнасць жанчын… Я хацеў бы, каб той дзень стаў дзяржаўным святам жанчын Беларусі. Яны выйшлі і сказалі: і там нашы родныя і блізкія, і там нашы родныя і блізкія. Таму людзі, не бярыце грэх на душу, нам шкада ўсіх – і вас, што вы злачынства робіце і тых, каго вы збілі і пакалечылі. У мяне тады было адчуванне, што мы жывём на старонках гісторыі. Мы ўдзельнікі тых падзей, якія патрапяць у падручнікі.

Дзякуй польскаму народу

Спадар Сяргей быў чатыры разы асуджаны па адміністрацыйных артыкулах, тройчы адбываў пакаранні за кратамі і зразумеў, што далей заставацца нельга, а таму з’ехаў за мяжу.

- У мяне тут усё добра. Я ехаў да землякоў, яны мяне прынялі і ніякага дыскамфорту ў мяне тут няма. Потым праз месяц пазнаёміўся з іншымі беларускімі эмігрантамі. У нас ёсць тут сваё асяроддзе, мы з надзеяй глядзім у будучыню, ёсць жаданне вярнуцца. Я вельмі здзіўлены палякамі, бо столькі чужых людзей прыняць, а гэта недзе больш за мільён – гэта сапраўды хрысціянскія паводзіны. Таму дзякуй польскаму народу і касцёлу. Бо гэта ж не ў госці прыняць, а людзі жывуць тут падоўгу і працуюць.

Трывога за Беларусь не пакідае

Суразмоўца кажа, што пакуль не адчуў сябе эмігрантам, ды і мова польская гучыць знаёма. З блізкімі і сябрамі кантактуе праз інтэрнэт.

- Трывога не пакідае. Я тут адчуў, як цяжка тым, хто застаўся. Таму што тут няма страху сказаць, напісаць, выказаць сваё меркаванне. А там усё пад спудам. Прычым, там я не заўважаў, што гэта такі бетон. Цяпер, пажыўшы тут, бачу, што там нічога не можна. Можна маўчаць, але зараз ужо ў бок піхаюць – чаго маўчыш, пахвалі. Мы табе не верым, што маўчыш “за”, а можа маўчыш “супраць”. А гэта ўжо прыкметы таталітарызму. 

Спадар Сяргей з філасофскай упэўненасцю перакананы, што ўсё, што робіцца з любоўю, абавязкова будзе жыць. І дадае, што гэта патрабуе часу і цярпення, а таму, маўляў, прыйдзе і наш беларускі час…

Павел ЗАЛЕСКІ